Штогод на тэрыторыі Расеі знаходзяць больш за 1 тысячу злачынцаў, якіх шукаюць органы ўнутраных справаў Беларусі. Пра гэта заявіў генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на пасяджэньні аб’яднанай калегіі Генпракуратураў Беларусі і Расіі, перадае БЕЛТА.
Як паведамлялася раней, у межах міждзяржаўнай апэрацыі «Вышук» у краінах СНД 23 і 24 кастрычніка затрымалі больш за 300 чалавек, абвешчаных у вышук у Беларусі, зь іх больш за 140 — у Расеі.
Падчас пасяджэньня аб’яднанай калегіі Генпракуратураў Беларусі і Расеі Швед паскардзіўся, што дзейнасьць міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі Interpol «шмат у чым палітызаваная», піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паводле слоў Шведа, Менск і Масква будуць выпрацоўваць «сумесныя меры для таго, каб пераадолець тыя нэгатыўныя наступствы, якія склаліся ў дзейнасьці гэтай структуры».
Генпракурор заявіў, што «кампэтэнтныя органы заходніх дзяржаваў», часта «па надуманых падставах», адмаўляюць Беларусі ў экстрадыцыі «злачынцаў, у тым ліку тых, хто ўчыніў нарказлачынствы, цяжкія злачынствы супраць чалавека і ўласнасьці».
- Ад 2020 году ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў і людзей, якія тым ці іншым спосабам у інтэрнэце і сацыяльных сетках выказалі сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай уладаў Беларусі або салідарнасьць з палітвязьнямі. Паводле праваабаронцаў, у Беларусі цяпер каля 1300 палітвязьняў.
Рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і журналістаў. Што важна ведаць
- Праваабаронцы «Вясны» задакумэнтавалі больш за 500 сьведчаньняў катаваньняў.
- Больш за 30 000 чалавек былі затрыманыя.
- На пратэстоўцаў завялі больш за 900 крымінальных спраў.
- Журналісты ў Беларусі адседзелі ўжо больш за 500 дзён адміністрацыйнага арышту.
- Зафіксавана больш за 400 парушэньняў правоў журналістаў.
- У краіне 144 палітычныя вязьні.
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
Форум