Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судаленка правёў праваабарончы тур па 6 гарадах Італіі, расказаў пра рэпрэсіі ў Беларусі


Леанід Судаленка з праваабаронцамі Amnesty International Italia
Леанід Судаленка з праваабаронцамі Amnesty International Italia

Праваабаронца «Вясны», былы палітвязень Леанід Судаленка ў Італіі далучыўся да маратону салідарнасьці з рэпрэсаванымі журналістамі і актывістамі, якіх трымаюць у беларускіх турмах. 

За кратамі ў Беларусі цяпер утрымліваюць амаль 1300 палітвязьняў.

Леанід Судаленка расказаў пра беларускіх палітвязьняў на дыскусійных пляцоўках і ў навучальных установах Міляну, Рыму, Падуі, Нэапалю, Катаньі і Палерма.

У Падуі памятаюць Францішка Скарыну

Перш за ўсё сярод сваіх італьянскіх сустрэчаў праваабаронца вылучыў тую, якая адбылася ў горадзе Падуя:

«Асабліва быў узрушаны, калі тэму рэпрэсій у Беларусі абмяркоўвалі са студэнтамі ўнівэрсытэту ў Падуі. Узрушаны, бо ў сьценах гэтага ўнівэрсытэту больш за 500 год таму вучыўся Францішак Скарына, але цяпер тэма рэпрэсій на радзіме славутага беларускага першадрукара дамінуе над праблемамі навук, якія ён там вывучаў. Таму даводзілася ўсё расказваць як ёсьць, у тым ліку дзяліцца сваім турэмным і праваабарончым досьведам», — згадаў сустрэчу ў Падуі Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка са студэнтамі ўнівэрсытэту ў Палерма на Сыцыліі
Леанід Судаленка са студэнтамі ўнівэрсытэту ў Палерма на Сыцыліі

Паводле праваабаронцы, на ягоную лекцыю ў Італіі прыйшлі сотні студэнтаў і выкладчыкаў, сярод іх і тыя, хто ня проста неабыякавы да Беларусі, але і дзейнічае ў справе салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі, распаўсюджвае інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, асэнсоўвае беларускі досьвед змаганьня за дэмакратыю, праводзіць акцыі салідарнасьці.

Маратон, у якім браў удзел Леанід Судаленка, арганізавала італьянская філія міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, якой дапамагала Суполка беларусаў Італіі.

Леанід Судаленка падзяліўся карысным досьведам кантактаў з італьянскімі калегамі-праваабаронцамі.

«Здавалася б, гэта ў нас адбываюцца асноўныя падзеі на „праваабарончым фронце“, але і ў італьянскіх праваабаронцаў ёсьць чаму павучыцца. Найперш іхнай шчырасьці, эмацыйнасьці, таму, як дружна яны падключаюцца да вырашэньня пэўнай праваабарончай праблемы. Расказвалі, як цяпер змагаюцца з плянамі ўраду ўвесьці новы закон, які можа абмежаваць права на вулічныя пратэсты», — адзначыў Леанід Судаленка.

Падчас маратону салідарнасьці ніводная сустрэча ў Італіі не абыходзілася без пытаньняў пра кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, які чацьвёрты год знаходзіцца ў беларускай турме, і пра іншых рэпрэсаваных «вясноўцаў». Паводле Судаленкі, маладым італьянцам было цяжка ўявіць умовы, у якіх трымаюць першага ў Беларусі ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру:

«Алесь за кратамі ня ў простай калёніі, а на строгім рэжыме ў калёніі ў Горках, прызначанай для рэцыдывістаў. Ён схуднеў, мае шэраг хвароб, а яму ўжо 62 гады, таму ёсьць усе падставы непакоіцца пра ягонае здароўе. Зьвестак пра яго мала. Баюся, што любая новая інфармацыя можа абярнуцца патрапленьнем у ШЫЗА ці ПКТ. Вось з такімі рэаліямі давялося пазнаёміць нашых італьянскіх калегаў», — расказаў Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка з партрэтамі палітзьняволеных беларускіх журналістаў Яўгена Меркіса і Ларысы Шчыраковай у Рыме, 22 кастрычніка 2024 году
Леанід Судаленка з партрэтамі палітзьняволеных беларускіх журналістаў Яўгена Меркіса і Ларысы Шчыраковай у Рыме, 22 кастрычніка 2024 году

120 завочных прысудаў — і ніводнага тэксту прысуду ў асуджаных

У адным з італьянскіх гарадоў беларускі праваабаронца выступаў перад студэнтамі, якія вывучаюць права, і расказаў пра беларускую юрыдычную сыстэму.

«У чэрвені мяне завочна судзілі і прысудзілі мне 5 гадоў пазбаўленьня волі ды вялікі грашовы штраф. Дык вось я дагэтуль змагаюся за тое, каб мне даслалі тэкст прысуду, бо не магу яго абскардзіць. У верасьні ў Вярхоўным судзе адбылася апэляцыя, суд пацьвердзіў прысуд, а маю наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суду адхілілі, спаслаўшыся на адсутнасьць тэксту прысуду. Зьвяртаюся да адваката — адмаўляецца даслаць тэкст, кідае слухаўку. Падаў на адваката ў суд — адмаўляюцца разглядаць справу. Гэта прававое бязьмежжа! У Італіі, як і па ўсёй Эўропе, такі юрыдычны нонсэнс ня могуць нават уявіць», — кажа праваабаронца.

Паводле Леаніда Судаленкі, на гэты момант каля 120 уцекачоў зь Беларусі ўжо зазналі працэдуру завочнага суду ў Беларусі ў парадку гэтак званага «спэцыяльнага вядзеньня».

«Але праваабаронцам пакуль не вядома ніводнага выпадку, каб асуджанаму завочна чалавеку даслалі тэкст прысуду. Гэта робіцца наўмысна, каб ня даць магчымасьці абскардзіць прысуд у прадугледжаным законам парадку. Гэтак парушаецца базавае права беларусаў на юрыдычную абарону», — мяркуе Леанід Судаленка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG