Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У будынку былога Валожынскага ешыботу адкрылі культурна-адукацыйны цэнтар


Будынак былога Валожынскага ешыботу, дзе пасьля рэстаўрацыі адкрылі культурна-адукацыйны цэнтар. Фота з Інстаграму @belarusby_official
Будынак былога Валожынскага ешыботу, дзе пасьля рэстаўрацыі адкрылі культурна-адукацыйны цэнтар. Фота з Інстаграму @belarusby_official

28 кастрычніка ў Валожыне прайшло ўрачыстае адкрыцьцё культурна-адукацыйнага цэнтру ў будынку былога Валожынскага ешыботу (рэлігійнай школы).

У юдаізьме ешыботам, альбо ешывай, называецца вышэйшая навучальная ўстанова, у якой вывучаюць Талмуд.

Валожынскі ешыбот — унікальны помнік у гісторыі Беларусі. Ён быў пабудаваны ў 1803 годзе і стаў першай вышэйшай духоўнай вучэльняй ва Ўсходняй Эўропе, якая займалася падрыхтоўкай рабінаў. Валожынскі ешыбот называлі «Маці ешываў». Ён стаў узорам для функцыянаваньня многіх ешыботаў сьвету. Тут адначасова навучаліся да 400 будучых рабінаў. Высокая рэпутацыя ешыботу прыцягвала маладых габрэяў зь іншых краін — Англіі, Нямеччыны, Аўстрыі і Паўночнай Амэрыкі.

Адным з ініцыятараў стварэньня ешыботу ў Валожыне быў Віленскі Гаон — заснавальнік літоўскага напрамку ў юдаізьме. Фармальна ешыбот стварыў ягоны вучань — Хаім Валожынскі, адзін з самых славутых рабінаў свайго часу (XVIII–XIX ст.). Ён пахаваны на могілках у Валожыне.

Адсюль выходзілі вялікія габрэйскія пісьменьнікі, рабіны, палітыкі і навукоўцы. У Валожынскім ешыбоце, сярод іншага, вучыўся першы ашкенаскі рабін Ізраілю Абрам Іцхак Кук, а таксама Хаім Бялік, габрэйскі паэт, якога называюць адным са стваральнікаў сучаснага іўрыту, і Мойшэ Кульбак, беларускі пісьменьнік, які пісаў на ідышы.

У 1896 годзе ешыбот афіцыйна закрылі, бо ўлады Расейскай імпэрыі запатрабавалі ўвесьці ў навучальную праграму выкладаньне расейскай мовы і сьвецкіх прадметаў. Рэбэ Бэрлін не пагадзіўся з гэтымі ўмовамі. Зноў ешыбот адкрыўся ў 1899 годзе, але ўжо зь меншай колькасьцю вучняў. Дзейнічаў ён да 1939 году. Савецкія ўлады канчаткова зьліквідавалі навучальную ўстанову юдэяў і зрабілі ў яе будынку рэстаран, а затым кулінарыю.

Сам двухпавярховы будынак з мансардай захаваўся да нашых дзён. Для яго характэрнае спалучэньне элемэнтаў, уласьцівых розным архітэктурным стылям. У савецкія гады будынак некалькі разоў мяняў прызначэньне і гаспадароў. У 2000 годзе валожынскія ўлады перадалі будынак ешывы ва ўласнасьць Габрэйскаму рэлігійнаму саюзу Беларусі.

У 2022 годзе пачаліся працы над праектам рэканструкцыі. У будынку стварылі культурна-адукацыйны цэнтар і музэй.

Экспазыцыя культурна-адукацыйнага цэнтру ўключае тры зоны. Пачатковая — «Нараджэньне і сталасьць Валожынскага ешыботу» — прысьвечаная гісторыі стварэньня першай вышэйшай духоўнай вучэльні на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы па падрыхтоўцы рабінаў. Тут разьмясьцілі шмат унікальных экспанатаў, ёсьць тач-панэль і акуляры віртуальнай рэальнасьці. У другой экспазыцыйнай зоне можна азнаёміцца з археалягічнымі экспанатамі, атрыманымі падчас раскопак у 2022 годзе. Трэцяя заля расказвае пра ўплыў валожынскага ешыботу на сусьветную культуру і сусьветны юдаізм. Сярод экспанатаў музэю — археалягічныя матэрыялы, знойдзеныя падчас раскопак у 2022 годзе, і артэфакты XVIII–XIX стагодзьдзяў.

На адкрыцьці культурна-адукацыйнага цэнтру ў будынку былога Валожынскага ешыботу, сярод іншых, былі часовы павераны ў справах Ізраілю ў Беларусі Цві Міркін, старшыня Менаблвыканкаму Аляксандар Турчын, рабін Віцебскай рэлігійнай грамады Малкіель Гаргодзэ і старшыня рады дырэктараў СЗАТ «Сервалюкс» Яўген Баскін, які перадаў у дар ешыботу ўнікальную Тору, якой больш за 100 гадоў.

Будынак былога ешыботу ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, сюды прыяжджаюць у паломніцтва габрэі з усяго сьвету.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG