Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі на парлямэнцкіх выбарах перамагае кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара»


Заснавальнік партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі выступае пасьля абвяшчэньня вынікаў экзытполаў на парлямэнцкіх выбарах у штаб-кватэры партыі «Грузінская мара» ў Тбілісі, Грузія, 26 кастрычніка 2024 году
Заснавальнік партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі выступае пасьля абвяшчэньня вынікаў экзытполаў на парлямэнцкіх выбарах у штаб-кватэры партыі «Грузінская мара» ў Тбілісі, Грузія, 26 кастрычніка 2024 году

У Грузіі на парлямэнцкіх выбарах пасьля падліку дадзеных з 2206 участкаў (70,91% ад агульнай колькасьці) перамагае кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара». Яна набрала 52,99%.

Пра гэта на брыфінгу заявіў старшыня ЦВК Георгі Каландарышвілі, паведамляе "Рэха Каўказу".

Паводле папярэдніх вынікаў, толькі чатыры апазыцыйныя партыі пераадолелі бар'ер у 5%, каб атрымаць месцы ў парлямэнце:

  • «Кааліцыя за зьмены» атрымлівае 11,19% галасоў;
  • «Еднасьць – Нацыянальнае рух» – 9,8%;
  • «Моцная Грузія» – 9,04%;
  • «Гахарыя за Грузію» – 8,24%.

Па папярэдніх дадзеных, «Грузінская мара» можа атрымаць каля 88 мандатаў у парлямэнце, апазыцыя – 62 («Кааліцыя за зьмены» – 19, «Еднасьць – Нацыянальнае рух» – 16, «Моцная Грузія» – 14, «Гахарыя за Грузію» – 13), піша «Эха Каўказа». Для ўтварэньня ўраду неабходна 76 галасоў.

Па дадзеных ЦВК, яўка выбаршчыкаў склала 58,9%, усяго прагаласавалі 2 060 412 грамадзян Грузіі.

Атрымаўшы большасьць месцаў у новым парлямэнце, «Грузінская мара» цяпер зможа выбраць новага прэзыдэнта. Выбары пройдуць цягам 45 дзён пасьля першага пасяджэньня новаабранага парлямэнту. Кіраўніка дзяржавы ўпершыню будуць выбіраць не грамадзяне, а члены выбарчай калегіі — дэпутаты парлямэнту, вышэйшых прадстаўнічых органаў Абхазскай і Аджарскай аўтаномных рэспублік, а таксама члены прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня.

Пры гэтым адхіліць ад пасады дзейную прэзыдэнтку Саламэ Зурабішвілі праз працэдуру імпічмэнту «Грузінская мара» ня зможа, бо для гэтага патрэбна 100 галасоў у парлямэнце.

Пасьля закрыцьця выбарчых участкаў на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі праўрадавая тэлекампанія «Імэдзі» і апазыцыйныя каналы «Формула» і «Мтавары» абвясьцілі вынікі экзытполаў. «Грузінская мара» прайграе выбары —паводле «Формулы» і «Мтавары», праўладнае апытаньне «Імэдзі» паказала яе перамогу.

Сённяшнія парлямэнцкія выбары ў Грузіі суправаджаліся фальсыфікацыямі, сутычкамі і нападамі на журналістаў. «Грузінская мара» пачала сьвяткаваць сваю перамогу загадзя, да будынка адміністрацыі ўраду былі сьцягнутыя сілавікі.

Грамадзяне Грузіі абіралі 150 дэпутатаў у парлямэнт паводле прапарцыянальнай сыстэмы — працэнт галасоў, атрыманы той ці іншай партыяй, адпавядае колькасьці месцаў у парлямэнце. Партыі або кааліцыі мусілі набраць ня менш за 5 працэнтаў, каб трапіць у парлямэнт. Гэта падштурхнула шматлікія апазыцыйныя партыі да супрацоўніцтва, каб мець шанцы на пераадоленьне парогу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG