Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Грузіі пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб «іншаземных агентах». Пратэсты ў краіне не спыняюцца


Акцыі пратэсту ў Грузіі супраць закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» працягваюцца з красавіка. Ілюстрацыйнае фота
Акцыі пратэсту ў Грузіі супраць закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» працягваюцца з красавіка. Ілюстрацыйнае фота

Парлямэнт Грузіі 28 траўня пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», больш вядомы як «закон аб іншаземных агентах», нягледзячы на заклік шэрагу эўрапейскіх краінаў яго адклікаць, паведамляе «Эхо Кавказа».

Парлямэнт не ўлічыў матываваныя заўвагі прэзыдэнткі Грузіі Саламэ Зурабішвілі, пераадолеў яе вэта і канчаткова зацьвердзіў закон аб «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву». За пераадоленьне вэта прэзыдэнткі прагаласавалі 84 дэпутаты са 150, супраць — 4. Як пісала выданьне newsgeorgia, для пераадоленьня вэта патрэбна было 76 галасоў.

Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, цяпер закон перададуць прэзыдэнтцы краіны Саламэ Зурабішвілі, якая ў 5-дзённы тэрмін можа падпісаць і апублікаваць яго. Калі прэзыдэнтка адмовіцца ад падпісаньня, закон у 5-дзённы тэрмін падпіша і апублікуе старшыня парлямэнту — Шалва Папуашвілі. Такім чынам, дакумэнт можа быць апублікаваны ўжо на пачатку чэрвеня.

Каля парлямэнту з 11-й гадзіны пачаліся акцыі пратэсту.

Перад галасаваньнем у парлямэнце прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі зьвярнулася да грамадзян з заклікам рыхтавацца да «поўнай мабілізацыі ўвосень», калі будуць праходзіць новыя выбары ў парлямэнт. Паводле яе, галасы грузінскай дыяспары могуць стаць на гэтых выбарах вырашальнымі.

«Я спадзяюся на вас. [...] Наша будучыня ў вашых руках, ваш голас будзе вельмі важны. І мы чакаем вас у Грузіі ці ў краіне, дзе вы жывяце, каб вы паказалі нам, сказалі нам, якой будучыні вы хочаце для Грузіі», — заявіла Саламэ Зурабішвілі.

Закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», які крытыкі лічаць аналягам расейскага рэпрэсіўнага закону «аб іншаземных агентах», быў прыняты 14 траўня з ініцыятывы кіроўнай «Грузінскай мары».

Гэты дакумэнт абавязвае арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20% фінансаваньня з-за мяжы, рэгістравацца ў якасьці агентаў замежнага ўплыву.

«Грузінская мара» сьцьвярджае, што мэта закону — забясьпечыць максымальную празрыстасьць. У той жа час апанэнты ўладаў заяўляюць, што партыя ўлады будзе выкарыстоўваць закон, каб душыць непажаданую ёй крытыку з боку СМІ і НДА, як гэта робіцца ў Расеі.

Таксама, лічаць апазыцыянэры, «Грузінская мара», прымаючы закон насуперак папярэджаньням краін-партнэраў, у прыватнасьці наконт яго несумяшчальнасьці з каштоўнасьцямі ЭЗ, імкнецца зьмяніць замежнапалітычны курс Грузіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG