Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажыўляюць толькі фэйкі. Як пачынаецца выбарчая кампанія


Паседжаньне ЦВК Беларусі, 2024
Паседжаньне ЦВК Беларусі, 2024

Выбарчая кампанія пачалася паводле загадзя вызначанага ўладай сцэнару. Усё робіцца дзеля таго, каб ніякія выпадковыя кандадаты не зьявіліся нават на далёкіх подступах.

І каб не было залішняй палітызацыі, а выбары прайшлі як тэхнічная працэдура, як адпрацаваны сумны рытуал.

Як вядома, Палата прадстаўнікоў прызначыла дату выбараў у той час, калі Аляксандар Лукашэнка быў за мяжой, у Казані. Даючы ў гэты дзень інтэрвію расейскай журналісцы Вользе Скабеевай, ён нават зрабіў выгляд, што ўпершыню пра гэта даведаўся і быў уражаны. Маўляў, што зробіш: дэмакратычная працэдура, ён казаў кіраўніцтву парлямэнту: «Вашае права... прымайце рашэньне». Сэнс гэтай гульні ў тым, каб давесьці, што Лукашэнка нібыта ня сам сябе выбірае, а дзейнічаюць незалежныя дзяржаўныя інстытуты, існуюць працэдуры, а ён у выніку падпарадкоўваецца волі народу.

Падчас паездкі ў Казань на саміт BRICS Лукашэнка дэманстраваў, што ён у добрай працоўнай форме. Акрамя выступу на самім форуме, правёў шэсьць сустрэч з замежнымі лідэрамі, даў пяць інтэрвію, тры зь іх — расейскім мэдыя, што ўпісваецца ў задачу перадвыбарнага піяру.

Як заўсёды, нагаварыў шмат супярэчлівага. На саміце BRICS назваў гэтую інстытуцыю «супольнасьцю будучыні», якая «паводле свайго патэнцыялу можа наблізіць канец гісторыі дамінаваньня калектыўнага Захаду». А потым у інтэрвію «Известиям» крытыкаваў гэтую ж структуру за неэфэктыўнасьць. Назваў інфармацыю аб прыбыцьці вайсковага кантынгенту КНДР на дапамогу расейскаму войску «глупствам», хоць Уладзімір Пуцін не адмаўляў такога факту. Канстатаваў, што спроба сілавога далучэньня Беларусі да Расеі магла б закончыцца вайной. Тым самым выступіў абаронцам сувэрэнітэту (яшчэ адзін перадвыбарны вобраз).

Дарэчы, казаў і пра выбары. На пытаньне журналіста «Известий» аб прэзыдэцкай кампаніі Лукашэнка зьвёў тэму да магчымасьці пратэстаў:

«Мы не выключаем, што могуць быць нейкія інсынуацыі, правакацыі і гэтак далей. Але вось гэтага (як у 2020-м. — заўвага БелТА) больш ня будзе. Мы гэтага не дапусьцім».

Гэта значыць, цяпер паняцьце «прэзыдэнцкія выбары» ў Лукашэнкі асацыюецца з народнымі пратэстамі.

Што тычыцца самой выбарчай кампаніі, то яна пачалася паводле вызначанага ўладай сцэнару. Да 1 лістапада прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта павінны падаць заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Усяго тыдзень даецца на тое, каб сфармаваць такія групы. А каб рэальна сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходна некалькі тысяч чалавек. Як пасьпець сабраць іх за тыдзень? Усё робіцца для таго, каб ніякіх выпадковых кандадатаў не зьявілася нават на далёкіх подступах.

Агітацыйная кампанія будзе праходзіць у самы разгар сьвяткаваньня Калядаў і Новага году. Гэта каб не было залішняй палітызацыі, а выбары адбыліся як тэхнічная працэдура, сумны рытуал.

Пакуль што пра намер вылучацца на пасаду прэзыдэнта заявілі двое: Аляксандар Лукашэнка і Алег Гайдукевіч. Прычым другі ужо пачаў агітаваць за першага, то бок выконваць адведзеную яму ўладай ролю.

І ўсё астатняе — паводле новых традыцый. Выбарчых участкаў за мяжой ня будзе. Што адметна: калі беларускіх эмігрантаў было мала, то такія ўчасткі ствараліся. А цяпер, калі іх колькасьць перавысіла некалькі соцень тысяч, то забаранілі. Бо беларусы за мяжой маглі б рэальна паўплываць на вынікі галасаваньня (калі б галасы лічыліся).

Прозьвішчы сяброў выбарчых камісій зноў засакрэчаныя. Краіна не павінна ведаць сваіх герояў!

Ідзе толькі трэці дзень з дня абвяшчэньня выбараў, а ўжо здарыўся скандал. Нібыта ад імя партыі «Белая Русь» масава рассылаліся лісты аб вылучэнні Натальлі Качанавай у прэзыдэнты. Забаўны фэйк, які сям-там ва ўладных кабінэтах выклікаў пярэпалах. Зрэшты, такую невыразную шэрую выбарчую кампанію толькі падобныя фэйкі і ажыўляюць.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2024 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • На 23 кастрычніка ў турмах Беларусі застаецца 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў. Сотні тысяч чалавек зьехалі зь Беларусі ў іншыя краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG