Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Гайдукевіч заявіў, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты ў 2025-м. На мінулых выбарах ён зьняўся


Алег Гайдукевіч, архіўнае фота
Алег Гайдукевіч, архіўнае фота

Раней Гайдукевіч ужо быў кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч будзе вылучаць сваю кандыдатуру для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году. Пра гэта палітык заявіў у этэры дзяржаўнага «Першага інфармацыйнага» тэлеканалу.

Гайдукевіч сказаў, што ягоная партыя «ніколі не прапускала ніводнай выбарчай кампаніі».

У 2020годзе Алег Гайдукевіч балятаваўся ў прэзыдэнты, аднак потым зьняў сваю кандыдатуру. Ён заявіў тады пра поўную падтрымку Лукашэнкі, а таксама падтрымаў сілавікоў пры жорсткіх рэпрэсіях у краіне.

«Я хачу, каб ворагаў ванітавала ад кожнага кандыдата ў прэзыдэнты, які ўдзельнічае ў выбарах», — сказаў цяпер кіраўнік ЛДПБ пра сваё вылучэньне.

Палітык таксама падкрэсьліў, што лічыць «ворагамі» ўсіх людзей, якія «ненавідзяць нашага прэзыдэнта», а ў выбарах павінны ўдзельнічаць «толькі патрыёты».

  • 47-гадовы Алег Гайдукевіч — падпалкоўнік міліцыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, выбары ў якую міжнародная супольнасьць прызнала недэмакратычнымі. Уключаны ў санкцыйныя сьпісы Захаду.
  • Ён сын Сяргея Гайдукевіча, праўладнага палітыка, які таксама ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах і да 2019 году ўзначальваў ЛДПБ, пакуль не перадаў кіраваньне Алегу.
  • Алег Гайдукевіч неаднаразова браў удзел у пікетаваньні пасольстваў замежных дзяржаў у Менску, пратэстуючы супраць санкцыйнага рэжыму і абвінавачваючы Эўразьвяз і Злучаныя Штаты ў спробах дэстабілізаваць становішча ў Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2024 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • На 23 кастрычніка ў турмах Беларусі застаецца 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў. Сотні тысяч чалавек зьехалі зь Беларусі ў іншыя краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG