Пасьля 2004 году Лукашэнка можа перавыбірацца колькі заўгодна
У 2004 годзе ў Беларусі прайшоў трэці рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі, якая абмяжоўвала знаходжаньне прэзыдэнта на пасадзе двума тэрмінамі. Наперадзе былі выбары прэзыдэнта 2006 году, і паводле Канстытуцыі Лукашэнка ня мог на іх балятавацца. Ён вырашыў правесьці рэфэрэндум, які б зьняў гэтае абмежаваньне. Рэфэрэндум выклікаў пратэсты ў грамадзтве.
У бюлетэні для галасаваньня на рэфэрэндуме 17 кастрычніка 2004 году было толькі адно пытаньне:
- «Ці дазваляеце вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні“?»
У той жа час паводле артыкула 112 Выбарчага кодэксу была норма, што на рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні, «зьвязаныя з выбраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».
Лукашэнка сумясьціў рэфэрэндум з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ зладзіла байкот выбараў і рэфэрэндуму. Пра незаконнасьць рэфэрэндуму асобную заяву выпусьціў Беларускі Хэльсынскі камітэт. У дакумэнце намеры Лукашэнкі зьвязалі з эпохай савецкага таталітарызму і сталінска-брэжнеўскімі часамі. Супольнасьць праваабаронцаў тады дадала, што пастанова аб рэфэрэндуме груба парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Якія былі вынікі
ЦВК заявіла, што 79,42% грамадзян прагаласавалі за безьлімітную магчымасьць Лукашэнкі балятавацца ў прэзыдэнты. Супраць, паводле Ярмошынай, былі толькі 9,90%.
Тым часам паводле ўсебеларускага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага The Gallup Organization / Baltic Surveys у канцы верасьня 2004 году, за зьмену Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць 39% апытаных, супраць — 32,5%, астатнія на той момант яшчэ ня вызначыліся.
Замежная рэакцыя
АБСЭ і іншыя міжнародныя арганізацыі крытыкавалі афіцыйны Менск за парушэньні на выбарах і рэфэрэндуме і іх непразрыстасьць. Яны не пырзналі гэтую кампанію свабоднай і справядлівай.
ЗША ў кастрычніку 2004 году ухвалілі фэдэральны закон «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», які дазваляе амэрыканскую дапамогу палітычным партыям, няўрадавым арганізацыям і незалежным сродкам масавай інфармацыі, якія працуюць у сфэры разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падпісаў гэты закон пасьля рэфэрэндуму ў Беларусі 20 кастрычніка 2004 года. Ён заявіў, што ЗША «будуць супрацоўнічаць з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі, каб дапамагчы тым, хто імкнецца вярнуць Беларусь на належнае месца сярод эўраатлянтычнай супольнасьці дэмакратычных краін». Потым гэты закон некалькі разоў дапрацоўваўся і прымаўся нанова.
Расею тады толькі чатыры гады ачольваў яшчэ малады прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Ён тады адкрыта гаварыў, што ня пойдзе на зьмену Канстытуцыі. Лукашэнка ня здолеў угаварыць Пуціна спалучыць рэфэрэндум з падпісаньнем Канстытуцыйнага акту так званай Саюзнай дзяржавы.
Лукашэнка абвясьціў аб правядзеньні рэфэрэндуму ў дзень агульнарасейскай жалобы па загінулых у Беслане (тады тэрарысты захапілі школу, загінула шмат дзяцей). Першыя тры дні пасьля правядзеньня гэтага рэфэрэндуму расейскія СМІ рэзка крытыкавалі Лукашэнку і ягоныя мэтады кіраваньня.
Лукашэнка ўжо тады знаходзіў эўрапейскіх палітыкаў, якія падтрымлівалі яго. Адным з такіх у 2004-м стаў кіраўнік польскай папулісцкай партыі «Самаабарона» Анджэй Лепэр. Ён асабіста на запрашэньне Лукашэнкі прыбыў у Менск і выказваўся ў яго падтрымку. Праз тры гады гэтая радыкальная партыя правалілася на выбарах у Польшчы, а сам Лепэр у 2011-м скончыў жыцьцё самагубствам.
Пратэсты ў Менску
На наступны дзень пасьля рэфэрэндуму ў Менску прайшлі масавыя акцыі пратэсту, якія скончыліся разгонам пратэстоўцаў. Аднаго з арганізатараў акцыяў Паўла Севярынца ў 2005 годзе асудзілі на 3 гады «хіміі». Палітык адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна, дзе працаваў на лесанарыхтоўках.
Пратэсты ладзіліся ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах Беларусі, напрыклад у Віцебску, дзе таксама былі затрыманьні.
Форум