Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя — гэта кайф». Размова з аўтарам кнігі пра Беларусь 1991–2005 гадоў


Павал Валатовіч, архіўнае фота
Павал Валатовіч, архіўнае фота

Выданьне #IMBY пра найноўшую гісторыю Беларусі апублікаваў Павал Валатовіч. Non-fiction пісьменьнік, які родам зь Менску, але апошнія 23 гады жыве ў Нью-Ёрку.

Павал Валатовіч — аўтар біяграфіі гурту NeuroDubel «Вялізны цень дажджавога чарвяка» і гайда па тусовачным Менску 1990-х «Ад Панікоўкі да Шайбы». Абедзьве кнігі выходзілі ў выдавецтве «Янушкевіч», апошнюю выдала варшаўская фундацыя «Centrum Białoruskej Solidarności». Паразмаўлялі з аўтарам пра ягоную новую працу.

«IMBY можна расшыфраваць як I АM BY»

Што да назвы кнігі, у аўтара ёсьць некалькі тлумачэньняў.

«IMBY можна расшыфраваць як «in my bаckyard» — «на маім заднім двары». Так амэрыканцы і ангельцы кажуць пра штосьці блізкае ім, цесна зьвязанае з домам. А яшчэ IMBY можна расшыфраваць як I АM BY — «Я беларус. Я — Беларусь», — тлумачыць спадар Валатовіч.

#IMBY выйшла па-расейску, хоць Павал добра валодае беларускай мовай і ў сям’і карыстаецца менавіта ёю. Піша, аднак, па-расейску. Ён запэўніў, што ўжо зроблены пераклад на беларускую і ў лістападзе выйдзе беларускамоўны варыянт.

Кніга Паўла Валатовіча
Кніга Паўла Валатовіча

«Я жыў у Менску ў 1990-я. Я быў сьведкам усіх падзей таго часу: хадзіў на рок-канцэрты, спартовыя матчы, на Ўправу БНФ, на мітынгі, цікавіўся палітычным жыцьцём. І вырашыў напісаць пра ўсё перажытае.

Мой арыенцір у такой журналістыцы — Леанід Парфёнаў і ягоная перадача „Намедни“. Ён расказвае пра Расею, пра СССР. А чаму б не зрабіць такое пра Беларусь? Узяць самыя вядомыя фільмы, музыку, кнігі, газэты, пэрсоны, падзеі — па кожным годзе расьпісаць? Але гэта не падручнік гісторыі. Гэта найноўшая гісторыя Беларусі праз прызму маіх уласных успамінаў», — кажа Павал.

Валатовіч вылучыў у сярэднім па паўтара дзясятка найбольш значных падзей, якія адбыліся ў кожным годзе. У 1995-м іх набралася 18, у 1999-м — 20. А ў 1996 годзе — 24: ад «Менскай вясны», імпічмэнту, лістападаўскага рэфэрэндуму — да адкрыцьця першых «Макдональдсаў», «Габэлену стагодзьдзя» і зьяўленьня Маляваныча.

Аўтар выданьня прызнаецца, што яму ў жыцьці пашанцавала з выкладчыкамі гісторыі ў менскай гімназіі. Менавіта ім ён і прысьвячае кнігу, пазначыўшы іх ініцыяламі «ЛГП» і «АІМ» — «за бясконцую любоў да гісторыі». У ЗША Валатовіч скончыў магістратуру гістарычнага факультэту Brooklyn College.

«Я сустракаў шмат людзей, якія казалі, што ня любяць гісторыю яшчэ са школы. Як гісторык па адукацыі я не разумею — як можна не любіць гісторыю? Мяркую, што ім трапляліся нецікавыя кнігі і не зусім адданыя сваёй прафэсіі выкладчыкі, якія не запалілі да яе інтарэс.

Кніга Паўла Валатовіча
Кніга Паўла Валатовіча

Гісторыя, калі яе правільна расказаць, — гэта кайф. Не бывае нецікавай гісторыі, бываюць нецікавыя кнігі і выкладчыкі, якія яе дрэнна выкладаюць», — перакананы Павал Валатовіч.

У кнізе больш за 320 старонак, сотні фатаздымкаў і ілюстрацый. Пачынаецца яна з артыкула пра адкрыцьцё другой, Аўтазаводзкай лініі менскага мэтро 1 студзеня 1991 году. А канчаецца тэкстам пра перамогу на дзіцячым Эўрабачаньні 10-гадовай Ксеніі Сітнік 26 лістапада 2005 году. Шмат матэрыялаў і ілюстрацый пра ключавыя палітычныя падзеі ў краіне. Узгадвае аўтар і «Халі-галі» зь «Лепрыконсамі», «Мульціклюб» з Паца-Вацам, «пэрлы Лукашэнкі», прапагандыстаў Азаронка-старэйшага і Зімоўскага.

Для напісаньня кнігі Павал Валатовіч выкарыстоўваў матэрыялы папулярных у тыя часы СМІ: TUT.BY, «Белорусской деловой газеты», БелаПАН, «Нашай Нівы», «Народнай Волі», Радыё Свабода, «Салідарнасьці», «Прессбола», «Хартыі’97», Onliner, «Музыкальной газеты», «Ultra-musik», «Беларускага партызана» ды іншых. Некаторыя ўжо не існуюць, іншыя прызнаныя «экстрэмісцкімі», таму, у адрозьненьне ад ранейшых Паўлавых кніг, прадавацца і распаўсюджвацца ў Беларусі #IMBY ня будзе.

Замовіць кнігу #IMBY можна праз інтэрнэт-пляцоўкі. Ужо рыхтуецца другі том — з 2006 па 2019 гады. Мяркуецца, што ён выйдзе ў 2025 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG