«Мы апыталі ўсіх культавых асобаў 90-х»
Ідэя кнігі «Ад Панікоўкі до Шайбы» ўзьнікла ў Паўла Валатовіча і Аляксея Кавалёва пасьля выданьня біяграфіі гурту NeuroDubel пад назвай «Вялізны цень дажджавога чарвяка».
«У той кнізе мы шмат абмяркоўвалі культавыя менскія месцы 90-х, клюбы, вулічныя тусоўкі. І зьявілася думка дастаць гэтую ідэю зь першай кнігі, каб больш падрабязна пра яе расказаць», — кажа аўтар Павал Валатовіч.
Усяго ў выданьні тры разьдзелы: «Менск тусовачны», «Менск клюбны», «Менск „залаты“.
„Менск тусовачны“ — пра вулічныя тусоўкі, якія былі ў цэнтры Менску. „Менск клюбны“ — пра тое, як у 90-я пачынаўся клюбны рух: была спроба стварыць клюбы, каб толькі канкрэтныя гурты ў іх былі, але ідэя правалілася. А „Менск „залаты““ — пра ўсялякія звышглямурныя месцы тусовак у 90-я, якія былі фінансава не па кішэні большасьці насельніцтва», — тлумачыць Павал.
Сам Павел Валатовіч цяпер жыве ў Нью Ёрку, але гэта ня стала перашкодай пісаць пра Менск.
«Спачатку гэта была кніга ад эмігранта для менчукоў, а цяпер яна ад эмігранта для эмігрантаў. Бо падчас таго, як мы яе пісалі, большасьць нашых чытачоў сталі эмігрантамі. Гэта сапраўды цікавы досьвед».
«Гэтая кніга — адна вялікая эмоцыя, калекцыя розных сьветлых успамінаў 30-гадовай даўнасьці»
У кнізе сабраныя гісторыі дыджэяў, журналістаў, радыё- і тэлевядоўцаў і іншых вядомых людзей з 90-х.
«Яна цікавая таму, што мы апыталі ўсіх культавых асобаў 90-х, мы вытрасьлі зь іх усе самыя цікавыя і сьмешныя гісторыі. Гэтая кніга — адна вялікая эмоцыя, калекцыя розных сьветлых успамінаў 30-гадовай даўнасьці. У ёй можна пачытаць кароткую біяграфію гурту „Лепрыконсы“, як яны ад школьнай групы прыйшлі да сваёй папулярнасьці. „Ляпіса Трубяцкога“ таго ж. Пра NeuroDubel мы ня сталі шмат чаго паўтараць, бо гэта ўсё было ў нашай першай кнізе».
«Менск стаў такім вылізаным, бо шмат міліцыі на вуліцах, ніхто не тусуецца»
Павал кажа, што вулічная тусоўка ў Менску памерла яшчэ 13 гадоў таму.
«У 2009 годзе забаранілі піць піва на вуліцах — гэта стала сьмерцю вулічнай тусоўкі, бо тусавацца без алькаголю ўжо няма сэнсу. Клюбы памерлі ў пачатку „нулявых“, засталіся VIP-месцы, якімі нікога ня зьдзівіш цяпер. Некаторыя месцы, якія апісваюцца ў кнізе, да гэтага часу існуюць, але яны ўжо ня шмат каму цікавыя. Гэтая кніга таму і пра 90-я, бо цяпер з гэтага нічога ўжо няма, усё зьнікла».
Аўтар таксама сьцьвярджае, што цяпер на вуліцах Менску так ніхто не тусуецца, як у 90-я.
«Менск стаў такім вылізаным, бо шмат міліцыі на вуліцах. 90-я — гэта ўнікальны час у гісторыі. Калі нашую першую кнігу чыталі людзі 1996/1997 году нараджэньня, яны пісалі ў камэнтарах: „Я такога Менску не магу сабе ўявіць“. Людзі, якія вырасьлі ў „нулявыя“ і „дзясятыя“, ня могуць паверыць, што калісьці Менск быў іншы, у ім было нашмат больш свабоды, нашмат больш тусовак».
Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца таксама 18 сьнежня ў Вільні, у Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры. Пачатак а 15-й гадзіне.
Кніга «Ад Панікоўкі да Шайбы» будзе прадавацца з Польшчы па ўсёй тэрыторыі Эўразьвязу, ЗША і Канадзе. Наконт продажу выданьня ў Беларусі пакуль інфармацыі няма.