Мігрантаў з Іраку, Афганістану, краін Афрыкі, Індыі і іншых рэгіёнаў, якія хочуць трапіць у Эўропу, прывозяць у Беларусь, а далей арганізавана падвозяць да межаў і прапануюць перайсьці іх самастойна і папрасіць прытулку. Памежнікі краін ЭЗ ужо гатовыя да такіх дзеяньняў: яны затрымліваюць мігрантаў у прыгранічнай зоне і выцясьняюць іх назад у Беларусь. Але некаторым усё-ткі атрымоўваецца праскочыць па лесе паўз патрулі і плот з калючым дротам, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».
Зімой і восеньню многія мігранты пакутуюць ад абмаражэньняў, а некаторыя ня могуць знайсьці дарогу і гінуць. У праваабаронцаў ёсьць дадзеныя мінімум пра 11 сьмерцяў на латвійска-беларускай мяжы ад пачатку крызісу зь мігрантамі. У дзевяці выпадках асобы нябожчыкаў засталіся невядомыя. Апазнаць іх ня могуць, бо пры іх няма дакумэнтаў: часта мігранты альбо аддаюць свае пашпарты праваднікам, альбо кідаюць дакумэнты ў лесе спэцыяльна, каб схаваць сваю асобу ў выпадку затрыманьня.
Што адбываецца з такімі загінулымі? Ці шукаюць іх сваякі і як іх хаваюць? Журналісты «Настоящего времени» зьезьдзілі на некалькі могілак у памежнай зоне і пагаварылі з тымі, хто хаваў загінулых мігрантаў.
Вёска Зашчырына — на ўсходзе Латвіі, недалёка ад латвійска-беларускай мяжы. Сама вёска даўно апусьцела, але пры ёй ёсьць старыя праваслаўныя могілкі, да якіх ужо даўно няма дарогі: ад яе засталася толькі ледзь прыкметная каляіна. Могілкі даўно не выкарыстоўваліся, але за апошнія два гады на ім зьявіліся сем сьвежых магіл. Ні крыжоў, ні надмагільляў няма — стаяць толькі драўляныя таблічкі з надпісам «невядомы чалавек», нумарам і датай пахаваньня. Першая магіла датаваная 18 кастрычніка 2023 году.
Яшчэ адны могілкі, дзе пахаваныя незаконныя мігранты, — у іншым раёне латвійскага памежжа. Там на магілах невядомых мігрантаў стаяць драўляныя крыжы — гэта ініцыятыва мясцовых уладаў. Але надпісы «невядомы чалавек» і дата пахаваньня — такія самыя, як на могілках у Зашчырыне.
«Звычайна мы атрымліваем інфармацыю ад паліцыі пра тое, што на тэрыторыі нашага краю знойдзены неапазнаныя чалавечыя парэшткі. Цела перадаюць у морг, а калі завяршаюцца сьледчыя дзеяньні, наш абавязак — пахаваць цела», — расказвае Эдгар Цярве, прадстаўнік самакіраваньня Краслаўскага краю Латвіі.
За апошнія некалькі гадоў яму давялося хаваць некалькі мігрантаў, якія загінулі на мяжы.
«Мы іх хаваем проста ў адзін шэраг. Таблічкі мы паставілі з уласнай ініцыятывы, каб потым можна было знайсьці парэшткі, — кажа Арвід Ведля, кіраўнік муніцыпальнай паліцыі раёну Дагда на мяжы зь Беларусьсю. — Мы пазначаем час пахаваньня і дату, а ад паліцыі мы атрымліваем паперу з указаньнем, дзе менавіта чалавек быў знойдзены».
Інфармацыя ад паліцыі можа дапамагчы сваякам загінулага мігранта знайсьці цела, калі яны ў яго ёсьць. У Вісу зь Індыі родныя ёсьць, і яны яго шукаюць праз валянтэраў, якія дапамагаюць мігрантам на тэрыторыі Латвіі. Малады чалавек, якому нядаўна споўнілася 18 гадоў, вырашыў пакінуць бацькоўскі дом у Індыі і заплаціў кантрабандыстам, каб трапіць у Эўропу. У Нямеччыне яго павінен быў сустрэць сваяк Мукеш, але да яго Вісу не даехаў.
«Ён хацеў знайсьці працу ў Нямеччыне, я дакладна ня ведаю, якую менавіта, — расказвае пра свайго зьніклага сваяка Мукеш Канга. — У любым выпадку ён хацеў трапіць у Эўропу. Абраў шлях празь Беларусь у Латвію. Я ня ведаю, што зь ім сталася, мы шукаем яго зь лютага гэтага году».
Родныя ведаюць, што да Беларусі малады чалавек дабраўся. Далей ягоны маршрут ішоў празь мяжу з Латвіяй, дзе групу мігрантаў павінен быў сустрэць праваднік.
«Ён патэлефанаваў мне, калі пачаў сваё падарожжа. Сказаў, што ідзе да мяжы, што гатовы перайсьці мяжу. Пасьля гэтага мы пра яго нічога ня чулі», — кажа Мукеш.
Што здарылася зь Вісу, невядома дагэтуль. У латвійскіх уладаў была інфармацыя пра групу мігрантаў зь Індыі, якія ў лютым трапілі ў сьнежны буран на мяжы. Але ці быў у гэтай групе 18-гадовы Вісу, невядома. Паводле некаторых зьвестак, у групе было восем чалавек: пяцёра здолелі перайсьці мяжу, трое засталіся ў лесе. Магчыма, яны пахаваныя на гэтых ці на суседніх могілках «безыменных мігрантаў».
У паліцыі расказалі, як адбываецца расьсьледаваньне ў выпадку, калі патрульныя ці мясцовыя жыхары знаходзяць цела. Галоўная праблема, паводле іх слоў, — вызначыць асобу нябожчыка, калі пры ім няма дакумэнтаў.
«Ніхто пра гэтых людзей не забываецца. Мы рассылаем запыты ў іншыя краіны і ў бюро міжнароднага супрацоўніцтва, а яны запускаюць мэханізмы для пошуку людзей у магчымых краінах паходжаньня, — тлумачыць Іварс Краўцэвічс, супрацоўнік Дзяржаўнай паліцыі Латвіі. — Мы спрабуем высьветліць асобы загінулых. І нават калі сьмерць чалавека не зьвязаная з гвалтоўнымі дзеяньнямі, мы крымінальную справу закрываем, але працягваем пошукі».
Праваабаронцы і паліцыя кажуць, што родным зьніклых бязь вестак трэба зьвяртацца ў праваахоўныя органы ў сваіх краінах, і далей інфармацыю ад іх перададуць у Латвію. Перад пахаваньнем экспэрты абавязкова бяруць узоры ДНК, каб пры неабходнасьці правесьці ідэнтыфікацыю асобы. Але ў латвійскай паліцыі падкрэсьліваюць, што пакуль не атрымлівалі ніводнай заявы ад сваякоў зьніклых на мяжы мігрантаў і ніводнага запыту наконт гэтага зь іншых краін. У адным выпадку з Латвіі накіравалі запыт у Індыю: гэта было яшчэ ў сакавіку, адказу пакуль няма.
Ганну Грыке, актывістку латвійскай групы «Хачу дапамагчы бежанцам», гэтая сытуацыя жахае. Яе арганізацыя зьбірае грошы на ўсталяваньне надмагільляў на магілах невядомых мігрантаў.
«Разумееце, гэтыя людзі, яны ж і ў страшным сьне не маглі ўявіць, што зь імі адбудзецца! — кажа валянтэрка. — Што менавіта тут скончыцца іх зямны шлях, тут, у гэтых латвійскіх лясах, на гэтых могілках, без імя, безь нічога!»
Памежнікі кажуць, што плынь незаконнай міграцыі праз латвійска-беларускую мяжу не спыняецца. Кожны дзень памежная ахова паведамляе пра спробы людзей трапіць на тэрыторыю Латвіі. Рэгулярна затрымліваюць і праваднікоў, якія дапамагаюць перайсьці мяжу. За арганізацыю незаконнай міграцыі і спрыяньне ёй у Латвіі пагражае да дзесяці гадоў турмы. А саміх мігрантаў памежнікі заварочваюць назад, у прымежны лес.
Мігранцкі крызіс 2021-2024. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Форум