Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія паплечніка Лукашэнкі Шэймана набыла зямлю ў Абхазіі на беразе Чорнага мора. Ёсьць прыкметы карупцыі — БРЦ


Віктар Шэйман і Аслан Бжанія
Віктар Шэйман і Аслан Бжанія

Новае расьсьледаваньне Беларускага расьсьледніцкага цэнтру прысьвечана непрызнанай рэспубліцы Абхазія і справах паплечнікаў Лукашэнкі ў ёй.

Матэрыял быў падрыхтаваны Беларускім расьсьледніцкім цэнтрам у партнэрстве з Аб’яднаньнем былых сілавікоў Беларусі BelPol, тэлеканалам «Белсат», пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў».

У прадмове да матэрыялу гаворыцца, што ў верасьні 2022 году Аляксандар Лукашэнка наведаў Абхазію і сустрэўся зь яе лідарам Асланам Бжанія. На думку расьсьледнікаў, менавіта камэрцыйныя інтарэсы «з прыкметамі карупцыі» паўплывалі на тое, што Лукашэнка, насуперак ранейшым заявам пра «рызыкі» прызнаньня Менскам Абхазіі, наведаў непрызнаную тэрыторыю.

«На наступны дзень пасьля паездкі Лукашэнкі, 29 верасьня 2022 году, прэм’ер непрызнанай рэспублікі ўхваліў прапанову аб перадачы ТАА „Жемчужина 2010“ прыбярэжнага зямельнага ўчастку плошчай 20 га. Для параўнаньня — гэта амаль тры плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Празь месяц на абхаскай тэлевізіі выйшаў сюжэт, у якім паведамілі аб выдзяленьні гэтых 20 га зямлі для рэалізацыі буйнога інвэстыцыйнага праекту. Паводле яго, у вёсцы Кындыг Ачамчырскага раёну павінны пабудаваць санаторна-курортны комплекс. ТАА на 90% належала грамадзяніну Беларусі, і на 10% — грамадзяніну непрызнанай Абхазіі».

Намінальны абхаскі ўдзел

У выпісцы з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў Абхазіі пазначаныя два ўладальнікі: беларуская фірма «Тэрмалія» і грамадзянін Абхазіі Дато Квіцынія. ТАА «Тэрмалія» зарэгістравалі ў Менску за два месяцы да візыту Лукашэнкі ў Абхазію. Яе дырэктарам і адзіным уладальнікам стаў Аляксандар Раманоўскі, былы супрацоўнік Службы бясьпекі Лукашэнкі. У адным з папярэдніх расьсьледаваньняў БРЦ высьветліў, што Раманоўскі быў саўладальнікам ТАА «Глобалкастам» — кампаніі, зьвязанай з найбліжэйшым паплечнікам і экс-кіраўніком Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.

Зьвязацца з Раманоўскім не ўдалося, ён і кампанія праігнаравалі звароты. А вось Дато Квіцынія пацьвердзіў падазрэньні аб намінальнасьці сваёй прысутнасьці ў бізнэсе. У размове з журналістам БРЦ ён прызнаўся, што не кіруе кампаніяй і быў патрэбны толькі для афармленьня дакумэнтаў.

Таксама Квіцынія перадаў журналісту БРЦ кантакт чалавека, на якога ён выпісаў генэральную даверанасьць. Гэта Зорык Чконія — былы палявы камандзір часоў грузіна-абхаскага канфлікту, які атрымаў званьне «Герой Абхазіі». На момант публікацыі ён займае пасаду старшыні пасёлку Кындыг, дзе разьмешчаны ўчастак. Чконія ні на які кантакт з БРЦ ня выйшаў.

Роля Шэймана

БРЦ сьцьвярджае, што менавіта Віктар Шэйман і ягоныя людзі, а ня клан Чконія ці Раманоўскі, фактычна кіруюць «Жемчужиной 2010». Пра гэта сьведчыць ліставаньне з афіцыйнымі асобамі Абхазіі. БРЦ даведаўся аб гэтым дзякуючы дакумэнтам, якія атрымаў ад BelPol.

У адным зь лістоў за красавік 2023 году міністар падаткаў і збораў непрызнанай Абхазіі называе «кіроўным партнэрам кампаніі ТАА „Жемчужина 2010“» Мікалая Селіванава. За 7 месяцаў да гэтага ён займаў пасаду першага намесьніка кіраўніка справамі Лукашэнкі. Ягоным непасрэдным кіраўніком з 2013 па 2021 год быў якраз Віктар Шэйман.

Пасьля сыходу зь дзяржаўнай службы Селіванаў працягнуў працаваць на Шэймана, кіруючы ягонымі прыватнымі бізнэс-праектамі.

Шэйман, які з чэрвеня 2021 году не займае афіцыйных пасадаў, прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з Бжанія ў Абхазіі ў верасьні 2022 году і ў час візыту ў адказ абхаскага кіраўніка ў Менск у лютым 2023-га.

Будаўніцтва так і не пачалося

У час абмеркаваньня выдзяленьня ўчастку ў кастрычніку 2022 году дэпутаты парлямэнту непрызнанай Абхазіі папярэджвалі, што, калі цягам трох гадоў не пачнецца будаўніцтва, зямлю могуць забраць. Праз два гады пасьля перадачы ўчастку «Жемчужине 2010» узьвядзеньне курортнага комплексу так і не пачалося. На спадарожнікавых здымках, зробленых у канцы жніўня 2024 году, бачна, што тэрыторыя застаецца неасвоенай.

Пры гэтым праект можа лічыцца пачатым, нават калі дзейнасьць на ўчастку будзе намінальнай, растлумачылі БРЦ у кампаніі «Абхаскія праекты»: «Ніхто ня будзе патрабаваць, каб за тры гады пабудавалі сур’ёзную гасьцініцу… Мусіць быць нейкі рух, напрыклад, зроблена агароджа».

Колькі можа каштаваць гэтая зямля

Цана ўчастку можа складаць мільёны даляраў. У раёне вёскі Кындыг яна вагаецца ў залежнасьці ад блізкасьці да мора.

Напрыклад, 1 га зямлі ў ста мэтрах ад вады прадаецца за 31 млн расейскіх рублёў (каля $320 тыс.). Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што тэрыторыя плошчай 20 га будзе каштаваць прыкладна $6,4 млн.

Участак «Жемчужины 2010» знаходзіцца непасрэдна на беразе Чорнага мора, і, хутчэй за ўсё, ягоны кошт яшчэ большы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG