Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла расьсьледаваньне пра шэры бізнэс і раскошнае жыцьцё паплечнікаў Шэймана


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка зь Віктарам Шэйманам, які на той час займаў пасаду кіраўніка спраў прэзыдэнта. 14 сакавіка 2018 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка зь Віктарам Шэйманам, які на той час займаў пасаду кіраўніка спраў прэзыдэнта. 14 сакавіка 2018 году

Пра тое, што памочнік і даўні паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман збудаваў цэлую бізнэс-імпэрыю, заснаваную на кантрабандзе і шэрых схемах, але нічым сам не валодае, выйшла новае расьсьледаваньне «Бюро». У ім расказваюць пра Сяргея і Тацяну Аношкаў, якія працуюць у атачэньні Шэймана з 2010-х і актыўна ўдзельнічаюць у «сямейных» схемах Лукашэнкі.

Паводле «Бюро», яшчэ ў ліпені 2011 году, калі яе муж Сяргей Аношка заслужыў давер Віктара Шэймана, Тацяна Аношка атрымала пасаду фінансавага дырэктара ў кампаніі «Белфэрумгруп», якая мела эксклюзіўныя для бізнэсу правы паводле ўказу Лукашэнкі. Нароўні зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі ёй было дазволена займацца зборам, нарыхтоўваньнем, перапрацоўваньнем і пастаўкамі лому і адыходаў чорных і каляровых мэталаў.

Цяпер Тацяна Аношка — намесьніца старшыні праўленьня ў «групе кампаній» «Алексвіт». Журналісты знайшлі прынамсі 5 дзейных кампаній, што ўваходзяць у групу. Гэтыя кампаніі займаюцца мытным афармленьнем, лягістыкай, дапамагаюць абыходзіць санкцыі і ўдзельнічаюць у паралельным імпарце. Сукупная выручка «групы кампаній» «Алексвіт» у 2023 годзе склала каля мільярда рублёў.

Як выявіла «Бюро», аднайменная кампанія ТАА «Алексвіт лтд» — буйная лягістычная фірма з выручкай у сотні мільёнаў рублёў — працуе па розных схемах для абыходу санкцыяў, рээкспарту і паралельнага імпарту.

  • Схема першая: фірма дапамагае абыходзіць санкцыі праз Турэччыну, гэта адкрыта напісана на сайце. Паслуга называецца «Зборныя грузы»: Эўропа — Турэччына — Расея».
  • Схема другая: паслугі мытнага афармленьня аўтазапчастак, якія прыбываюць з ЭЗ, ЗША, краін Паўднёва-Ўсходняй і Ўсходняй Азіі, з наступнай рэалізацыяй у Расеі. Па сутнасьці, кампанія ўдзельнічае ў абыходзе санкцыяў і ў схемах так званага паралельнага імпарту. ЗША і Японія ў 2023 годзе ўвялі санкцыі на пастаўку шэрагу аўтазапчастак у Расею.
  • Схема трэцяя: рээкспарт кветак. Крыніца «Бюро» з кветкавага бізнэсу паведаміла, што ў 2022 годзе фірма «Алексвіт лтд» актыўна займалася рээкспартам кветак у Расею празь беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Схема ўзаконеная беларускімі ўладамі і заснаваная на недаплаце падатку на дабаўленую вартасьць у беларускі бюджэт для атрыманьня выбранымі кампаніямі звышпрыбытку.
  • Кампанія не цураецца і стандартных схемаў паставак кантрафактнай прадукцыі ў Расею: так, у 2023 годзе кампанія завезла рыбу невядомага паходжаньня, але нібыта зь Фінляндыі, перапрацавала яе на рыбакансэрвавым камбінаце «Сталічны», а пасьля павезла ў Расею (пра гэта паведамляў «Рассельгаснагляд»).

Таксама Тацяна Аношка ўзначальвае кампанію «ДБК — Шаўковы шлях», зарэгістраваную ў 2020 годзе. Фірма сталася вельмі прыбытковай — за два апошнія гады яна выплаціла сваім акцыянэрам 33,5 мільёна рублёў дывідэндаў. Кампанія зьяўляецца лягістычным хабам, асноўная мэта якога — экспарт мясной прадукцыі і субпрадуктаў у Кітай і краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Яшчэ адна кампанія, «Авангард Грузатранс», якою валодае брат Тацяны Юры Грышук, таксама пераарыентавалася на ўсходні рынак і займаецца кантэйнэрнымі перавозкамі мяса і субпрадуктаў у Азію, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Таксама, паводле «Бюро», раней Аношка працавала ў кампаніі «Глобалкастам», якую лавілі на нелегальных пастаўках адзеньня і санкцыйных прадуктаў у Расею. Беларускія журналісты таксама расказвалі, як «Глобалкастам» удзельнічала ў шэрай схеме рээкспарту кветак. «Глобалкастам» зьвязаная з правай рукой Лукашэнкі, ягоным старым паплечнікам Віктарам Шэйманам. У 2020 годзе кампанія спыніла сваю дзейнасьць.

Сяргей Аношка — далёка не апошні чалавек у асяродзьдзі Віктара Шэймана, адзначаецца ў расьсьледаваньні «Бюро». Ён трапіў у кола давераных асобаў Шэймана ў 2009 годзе і пад яго заступніцтвам пачаў нарошчваць і ўсё больш умацоўваць свае пазыцыі, адзначаюць журналісты. У 2013 годзе, калі Віктар Шэйман узначаліў кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, сьледам за ім у гэтую структуру прыйшоў і Сяргей Аношка. У сыстэме Кіраўніцтва спраў Аношка адпрацаваў не адзін год.

З 2015 па 2017 год Сяргей Аношка кіраваў ЗТАА «Белавескія далікатэсы», якое займалася вытворчасьцю розных мясных вырабаў. У 2017-м ён пакінуў кампанію з даўгамі (за час ягонага кіраўніцтва кампанія ні разу не была «платаздольнай») і пасьля звальненьня зь «Белавескіх далікатэсаў» часова зьнік зь бізнэс-радараў.

У сакавіку 2021 году зноў зьявіўся, ужо ў якасьці саўладальніка і дырэктара кампаніі ТАА «Апстрым» (замяніўшы на пасадзе сястру другой жонкі Шэймана) разам зь іншай даверанай асобай Шэймана — Антонам Новікам. Кампанія займалася прадуктамі нафтаперапрацоўкі і малатанажнай хіміі, але ў лютым 2023 году пайшла на ліквідацыю, паведамляецца ў расьсьледаваньні.

У той жа дзень, калі Сяргей Аношка стаў саўладальнікам «Апстрыму», ён арганізаваў у Менску яшчэ адну кампанію — ЗАТ «Вэктар Капітал Груп», разам са звольненым напярэдадні намесьнікам Шэймана Андрэем Сьвірыдавым і былым першым намесьнікам кіраўніка спраў Мікалаем Селіванавым.

У жніўні 2021 году Сяргей Аношка, паводле зьвестак BelPol, стаў выканаўчым дырэктарам Vector Energy Innovation FZCO з заробкам 11 тысяч даляраў на месяц. Кампанія засьвяцілася ў шэрай схеме канфіскацыі і перадачы прыналежнай Беларусі зямлі ў Сочы прыватнай кампаніі для забудовы. BelPol ацэньвае ўгоду ў паўмільярда даляраў. У расьсьледаваньні гаворыцца, што «Комплекс-Інвэст» зьбіраецца будаваць у Сочы жылы комплекс «Красная Паляна», які будзе ўключаць тры элітныя катэджы плошчай больш за 300 м² кожны, гатэль, сетку рэстаранаў і гаспадарскае шале плошчай 1002 м².

Як падсумоўваюць журналісты «Бюро», сям'я Аношкаў абслугоўвае інтарэсы кампаній, зьвязаных зь Віктарам Шэйманам. На гэтым пара зарабіла вялікае багацьце і можа дазволіць сабе ў Беларусі і за яе межамі сапраўднае «лакшэры-жыцьцё». Журналісты публікуюць фота з сацсетак сямʼі, якія пацьвярджаюць шматлікія буйныя выдаткі.

Цалкам расьсьледаваньне «Бюро» можна пачытаць па спасылцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG