Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму становіцца папулярным выдаваць паэзію на некалькіх мовах? Вольга Гапеева расказала пра свой новы зборнік


Вольга Гапеева, архіўнае фота
Вольга Гапеева, архіўнае фота

Новая кніга паэткі Вольгі Гапеевай выйшла на трох мовах. Такое ў сучаснай беларускай літаратуры здараецца рэдка. «Мяне цешыць мажлівасьць непасрэдна ўбачыць рэакцыю публікі на свае вершы, калі іх чытаюць у перакладзе», — кажа паэтка.

Пагаварылі з аўтаркай пра яе трылінгву, мастацкія праекты, міжнароднае прызнаньне, а яшчэ пра тое, чаго цяпер бракуе беларускай літаратуры.

Пра трылінгву і міжнароднае прызнаньне

— Ваша новая кніга — беларуска-нарвэска-ангельская. У гісторыі сучаснай беларускай паэзіі гэта, магчыма, першая трылінгва (ці адна зь першых). Як і чаму адбылося такое ўнікальнае выданьне?

— Шчыра скажу, ня ведаю. Ня ўпэўненая, што гэта першае такое выданьне: мне здаецца, усё ўжо было ў гэтым сьвеце. Нагодай для кніжкі стаўся фэстываль у Осла, куды мяне запрашалі яшчэ два гады таму, але ўсё ніяк не атрымлівалася дабрацца. Гэтай восеньню атрымалася.

— Білінгвы ў беларускіх паэтаў ва ўмовах эміграцыі апошнім часам сталі даволі частай зьявай. Звычайна ў іх арыгінал суседнічае з мовай краіны цяперашняга пражываньня аўтара. У вашай жа кнізе беларускія вершы перакладзеныя якраз не на тыя мовы, у краінах распаўсюду якіх вы цяпер жывяце. То бок гэта выглядае новым узроўнем зацікаўленьня вашай паэзіяй перакладчыкаў, а значыць, і чытачоў. Што адчувае аўтарка ў такім міжнародным ужо прызнаньні?

— Гучна сьмяюся. Мне цяжка даюцца такія паняцьці, як «прызнаньне»: ня ўпэўненая, як яго можна адмераць. Для адных гэта сапраўды нешта значнае, для іншых ня тое каб. Мяне цешыць мажлівасьць непасрэдна ўбачыць рэакцыю публікі на вершы, калі іх чытаюць у перакладзе: тады можна заўважыць, што адгукаецца, а што не зусім. Гэта таксама яшчэ і своеасаблівая праверка на якасьць перакладу. У Осла ўсё прайшло выдатна, і я вельмі ўдзячная Марыне Хоббель, якая перастварыла мае вершы на нарвэскую. Таксама тут цешыцца мая ўнутраная лінгвістка, бо я лічу, што падтрымліваць і перакладаць на мовы, якія ня так шырока распаўсюджаныя, як ангельская ці гішпанская, істотна.

Пра кнігу бяз назвы і славенскіх выдаўцоў

— Дарэчы, на вокладцы вашай трылінгвы ня бачым яе назвы ні на адной з моваў, што пад вокладкай. Толькі імя і прозьвішча аўтаркі. Гэта новы выдавецкі падыход ці назва недзе схаваная?

— Дызайн робяць самі арганізатаркі фэстывалю, яны атрымліваюць «узор» макету ад Versopolis і могуць яго прытрымлівацца, а могуць і не. На іншых кніжках гэтай сэрыі назва часам бывае. Так, мая ангельскамоўная назывался «Сэрца на трапэцыі», якую рабілі да фэстывалю ў Лэдбэры (Вялікая Брытанія).

Кніга Вольгі Гапеевай
Кніга Вольгі Гапеевай

— Кніга выйшла ў сэрыі Versopolis, якую робяць славенцы. Раскажыце, калі ласка, пра яе. Каго і як Versopolis падтрымлівае?

— Плятформа Versopolis была заснаваная ў 2014 годзе як эўрапейская паэтычная плятформа, якая адкрывае новыя магчымасьці для эўрапейскіх паэтаў. Versopolis спрыяе перакладу вершаў на розныя эўрапейскія мовы і публікуе іх у розных фарматах, такіх як электронныя кнігі, друкаваныя буклеты, артыкулы ў інтэрнэце і базе дадзеных паэзіі Versopolis. Акрамя таго, яны падтрымліваюць мабільнасьць паэтаў, арганізуючы іхныя выступы на розных эўрапейскіх літаратурных фэстывалях.

Пра тое, чаго не хапае беларускай літаратуры

— Вы даволі актыўна ўдзельнічаеце ў розных міжнародных літаратурных імпрэзах. Прыкладам, былі на нядаўнім фэсьце ў Нарвэгіі (Oslo Internasjonale Poesifestival). Як, на вашу думку, выглядае сучаснае беларускае прыгожае пісьменства на фоне твораў знаных аўтараў зь іншых краінаў?

— Я ня вельмі люблю параўноўваць, таму мне цяжка адказваць на гэтае пытаньне. Ва ўсіх краінах розныя гістарычныя і сацыяльныя ўмовы, розныя праблемы і традыцыі. Напэўна, чаго можна было б пажадаць беларускай літаратуры — гэта паболей перакладчыкаў і перакладчыц зь беларускай на іншыя мовы сьвету.

Вольга Гапеева, архіўнае фота
Вольга Гапеева, архіўнае фота

— Вы ня толькі словам творыце, але і ўдзельнічаеце ў многіх мастацкіх праектах. Раскажыце пра іх, калі ласка.

— У Грацы ў траўні адбылася выстава «Glaubi unbennantos, або Архіў дробных істотаў» у незвычайным фармаце — на вокнах Афра-Азіяцкага інстытуту на палічках былі разьмешчаныя мае аб’екты і тэксты. Летам я брала ўдзел у адным міжнародным мастацкім праекце «Ars Ignis», прысьвечаным кнігам, што пацярпелі ад пажару 20 гадоў таму ў Ваймарскай бібліятэцы Анны Амаліі. Я напісала для адной такой кніжкі новы тэкст. Цяпер рыхтую выставу ў Ене, адкрыцьцё 23 кастрычніка.

— Што дае сілы для творчасьці?

— Жыцьцё.

І пра новыя вершы

— Першы верш быў напісаны па-беларуску ад пачатку, другі — пераствораны зь нямецкай.

аднойчы здараецца раптам

тады

нічога больш не пасуе

ні дабранач, ні як справы

улюбёны колер навязьліва пхае ў плечы

асацыяцыі

непажаданыя

рот крывіцца ў немагчымасьці вымавіць нешта

ён і сам цяпер табу

«ня ведаю» — апошні жгуцік

якім яшчэ можна неяк паварушыць

гэты ніцепадобны выраст на целе прасьцейшых арганізмаў

чытай, на маім,

выратоўвае

няведаньне

постфактум

на жаль немагчымае

тады

здараецца

раптам

і здараецца яно

аднойчы

узаранае неба

навальнічнае поле

жнівень

патнее і пахне завершанасьцю

завершаванасьцю

некалькі літар мяняюць настрой

замест цыкадаў — мюнхэнскія конікі

шукаюць каханьня

той хто знайшоў

атрымлівае асалоду ад яго ў цішыні

менш шчасьлівым застаецца

пустая кватэра ў Ене

дзе праз адзіноту можна і спруцянець

зялёнае цельца зьменіць свой колер на колер зямлісты

лапкі да брушка прыціснуцца

так я цябе і знайду

на шафцы ля тэлевізіі

зьдзіўленая

крохкасьцю тваіх вусікаў

даўгіх

як ты сам

калісьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG