Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гаазе пацьвердзілі, што рэжым Лукашэнкі могуць прыцягнуць да адказнасьці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі для ўкраінскіх СМІ заявіў прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суда Фадзі эль-Абдала, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.

Паводле прадстаўніка Міжнароднага крымінальнага суда, дэпартацыя дзяцей для МКС — гэта пытаньне юрысдыкцыі ў дачыненьні да канкрэтнага злачынства.

«Гаворка ідзе пра тое, што такія злачынствы маглі быць зьдзейсьненыя на тэрыторыі Ўкраіны. Гэта значыць, незалежна ад таго, вывезьлі дзяцей у Расею ці куды-небудзь яшчэ, такія дзеяньні могуць падпадаць пад юрысдыкцыю МКС, калі само выкраданьне хаця б часткова было зьдзейсненае на тэрыторыі Ўкраіны», — растлумачыў Фадзі эль-Абдала.

5 кастрычніка была абнародаваная новая справаздача праваабаронцаў «Скрадзенае дзяцінства» пра тое, як дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі па выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.

Аўтары справаздачы заклікалі, сярод іншага, Міжнародны крымінальны суд пачаць расьсьледаванне перамяшчэньня, ідэалягічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей беларускімі ўладамі і выдаць ордэры на арышт Аляксандра Лукашэнкі, дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Дзьмітрыя Мезенцава і старшыні яе савета міністраў Міхаіла Мішусьціна, а таксама беларускага паралімпійца Аляксея Талая.

24 верасьня ўкраінскі праграмны дырэктар Freedom House Юры Юркевіч заявіў, што ў МКС перадалі «новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі» ў перамяшчэньні ў Беларусь украінскіх дзяцей.

  • 30 верасьня ўрад Літвы афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў. Злачынствы ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі МКС, падкрэсьлівалі ў заяве Міністэрства юстыцыі Літвы. У матэрыялах гаварылася пра «злачынствы супраць чалавечнасьці трох розных тыпаў: незаконная дэпартацыя, перасьлед і іншыя бесчалавечныя дзеяньні».
  • Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Ган пацьвердзіў, што Літва як дзяржава – удзельніца Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду мела права перадаць матэрыялы і заявіў, што правядзе іх папярэдняе вывучэньне. Разам з тым ён падкрэсьліў, што зварот «не вядзе аўтаматычна з пачатку расьсьледаваньня».
  • Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганьні Літвы па прыцягненьні Лукашэнкі да адказнасьці ў МКС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG