У пачатку кастрычніка літоўскія памежнікі перахапілі два невялікія паветраныя балёны з кантрабандай беларускіх цыгарэт. Яны пераносілі 1499 пачкаў цыгарэт NZ Gold і Minsk Super Slims зь беларускімі акцызамі. Нягледзячы на закрыцьцё Літвой чатырох памежных пунктаў, паток кантрабандных цыгарэт зь Беларусі працягваецца.
У адказ на запыт Свабоды літоўская мытня паведаміла, што сёлета за першае паўгодзьдзе затрымалі 3,5 мільёна пачкаў нелегальных цыгарэт зь Беларусі. Гэта палова ад агульнага аб’ёму. Другая палова — цыгарэты без акцызных налепак, паходжаньне якіх высьветліць цяжэй.
У літоўскай мытні зьвяртаюць увагу, што раней паток кантрабандных цыгарэт зь Беларусі быў большым. Напрыклад, у 2019 годзе ўсяго затрымалі 8,2 мільёна пачкаў цыгарэт, 85% зь якіх мелі беларускія акцызныя маркі. Той год быў у гэтым пляне рэкордным.
Летась у агульным аб’ёме кантрабандных цыгарэт беларускія займалі 82%, 18% былі без акцызных марак, паведамілі Свабодзе ў мытнай службе Літвы.
Таксама ў літоўскай мытні зьвяртаюць увагу, што зараз няма такіх буйных партый кантрабандных цыгарэт, як да 2020-га. Тады найбуйнейшая партыя перавышала 1 мільён пачкаў. Сёлета самая буйная затрыманая партыя — 520 тысяч пачкаў. Гэта былі цыгарэты без акцызных марак.
У мытні зазначаюць, што на чыгунцы таксама зьменшыўся аб’ём кантрабанды цыгарэт.
«Пасьля ўсталяваньня рэнтгенаўскіх сыстэм кантролю паток нелегальных цыгарэт, магчыма, і не спыніўся цалкам, але аб’ёмы сталі значна меншыя і ўжо не складаюць істотнай долі ад агульнага патоку кантрабанды», — тлумачаць мытнікі.
Таксама ёсьць адрозьненьні ў тым, як зараз перавозяць кантрабандныя цыгарэты і як гэта рабілі 5 гадоў таму.
«У папярэднія гады грузы для курцоў маскавалі рознымі хованкамі, звычайна драўлянымі (цыгарэты часта перавозілі сярод грузу драўніны. — РС). У апошнія гады з прычыны санкцыящ, уведзеных супраць Беларусі й Расеі, прыкрыцьцём звычайна становяцца будаўнічыя матэрыялы (жвір, цэмэнт), прадукты харчаваньня (бургеры, дрожджы і г. д.). Або сакрэтныя схованкі робяць непасрэдна ў канструкцыях транспартных сродкаў», — расказваюць на мытні.
З словаў літоўскіх мытнікаў, падлічыць адсотак кантрабанды, якую ўдаецца спыніць, вельмі цяжка. Але прыблізна гэта 18–22%.
Як у Літве купляюць нелегальныя беларускія цыгарэты
На ўмовах ананімнасьці Свабода пагаварыла зь некалькімі людзьмі, якім прапаноўвалі купіць беларускія цыгарэты ў Літве. Пакупнікоў кантрабандных цыгарэт шукаюць у тэматычных чатах — студэнцкіх і эмігранцкіх. Таксама такія прадаўцы могуць напісаць чалавеку, калі ёсьць агульныя знаёмыя. Прынамсі пра адзін такі выпадак Свабодзе расказалі суразмоўцы.
Яшчэ адзін варыянт — калі чалавек знаёмы з прадаўцом кантрабандных цыгарэт і проста купляе іх у яго дома ці ў іншым непублічным памяшканьні.
З словаў суразмоўцаў, кантрабандныя цыгарэты «Мінск» у Вільні можна купіць прыкладна за 1,8–2 эўра. Цыгарэты LM, Camel — у межах 3 эўра. Пры гэтым іншыя цыгарэты, у легальным продажы, у Літве значна даражэйшыя — 4 эўра і болей. У Беларусі тонкія цыгарэты «Мінск» каштуюць 3,55 рубля, ці 0,99 эўра. То бо па дарозе зь Беларусі ў Літву яны даражэюць удвая.
Адзін з суразмоўцаў Свабоды расказаў, што некаторыя кантрабандысты імкнуцца правозіць цыгарэты невялікімі партыямі. Тады гэтае дзеяньне не падпадае пад крымінальную адказнасьць, а лічыцца адміністрацыйным парушэньнем.
Літоўскі Адміністрацыйны кодэкс за кантрабанду прадугледжвае штраф да 6 тысяч эўра, таксама могуць сканфіскаваць транспартны сродак. Крымінальная адказнасьць наступае, калі сума кантрабанды перавышае 8250 эўра. Максымальнае пакараньне паводле крымінальнага артыкулу 8 гадоў зьняволеньня.
«Нават калі 30% кантрабанды знаходзяць, арганізатары ўсё адно маюць прыбытак»
Паводле прадстаўніка аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімера Жыгара, патокі кантрабандных цыгарэт зь Беларусі ў Літву арганізоўваюць бізнэсоўцы і асобы, блізкія да беларускай улады.
«Гэтыя закупкі (цыгарэт, прызначаных для нелегальнага перапраўленьня за мяжу. — РС) гуртавыя, таму кошт мінімальны. На гэтым можна зарабляць з улікам таго, што ніякага супрацьдзеяньня няма ад беларускай мытні. Гэтымі грашыма пасьля можна дзяліцца ў выглядзе складак, напрыклад, на прэзыдэнцкі спартовы клюб. Такі чалавек можа паўдзельнічаць у будаўніцтве нейкага лядовага палацу», — мяркуе Ўладзімер Жыгар.
Доўгі час асноўны шлях кантрабанды цыгарэт быў праз чыгунку, расказвае Жыгар.
«Напрыклад, перавозяць калійныя ўгнаеньні. Былі перавалачныя пункты, дзе гэта ўсё загружалася. Праверыць такую колькасьць грузаў цалкам амаль немагчыма. І нават калі з 100% кантрабанды знайшлі 30% — гэта няшмат, і прыбытак усё адно будзе. Калі ты купіў гэтыя цыгарэты за 50 эўрацэнтаў, а прадаў хаця б за эўра. Гэтым могуць займацца ў Беларусі ня ўсе. Толькі тыя, каму дазволена», — прыводзіць прыклад Жыгар.
Што зь беларускім тытунёвым рынкам
Сёлета ў жніўні Лукашэнка праводзіў нараду аб разьвіцьці тытунёвай сфэры. Зь ягоных словаў, паступленьні ў бюджэт ад тытунёвай галіны за 2023 год склалі 2,5 мільярда рублёў. Аднак сёлета як аб’ём выпуску прадукцыі, так і паступленьні ў бюджэт зьнізіліся.
Беларускія тытунёвыя фабрыкі працуюць пад санкцыямі. Гэта значыць, міжнародным гігантам давялося ці то спыніць супрацу зь Беларусьсю, ці то арганізаваць яе ў новых формах. У Беларусі працуюць тры тытунёвыя фабрыкі: дзяржаўная Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», а таксама прыватныя «Тытунь-Інвэст» і «Інтэр Табака». Сёлета ліцэнзію на выпуск тытунёвых вырабаў атрымалі яшчэ дзьве кампаніі: «Сентоні ПРО» (зарэгістраваная пад тым жа адрасам, што і «Карона», якой валодае «Тытунь-Інвэст»), а таксама «Алідзі-Вэст» — гэта беларуская дачка расейскай кампаніі «Алиди».
Самы буйны гулец рынку — Горадзенская фабрыка, летась там вырабілі 23 мільярды цыгарэт, ці па 2512 цыгарэт на кожнага жыхара Беларусі. У Беларусі, згодна з дасьледаваньнем STEPS, кураць крыху больш за 2 мільёны чалавек. Такім чынам, толькі Горадзенская фабрыка летась выпусьціла па 575 пачкаў на кожнага курца ў Беларусі.
Апошняя падрабязная справаздача ад горадзенскага прадпрыемства датуецца 2021 годам. Тады кампанія зарабіла 177,2 мільёна рублёў.
На сайтах кампаніяў «Тытунь-Інвэст» і «Інтэр Табака» няма зьвестак аб іх фінансавай дзейнасьці.
Форум