Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў грамадзян Беларусі Яна Дзюрбейку і Аляксандра Думбляўскаса, добраахвотнікаў з палку Кастуся Каліноўскага.
Як паведаміла выданьне Мэдыязона, адпаведнае рашэньне суд ухваліў 25 ліпеня.
Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў статусе найміта ў збройным канфлікце або ваенных дзеяньнях (пры адсутнасьці прыкмет злачынства) — згодна з ч. 3 артыкула 359 Крымінальнага кодэксу Расеі гэта караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з абмежаваньнем волі на тэрмін да аднаго году або без абмежаваньня.
Асаблівасьць сытуацыі ў тым, што, паводле інфармацыі палку Каліноўскага, Ян Дзюрбейка (пазыўны «Тромблі») разам зь іншым беларускім добраахвотнікам Сяргеем Дзёгцевым («Клешч») ужо больш за два гады знаходзяцца ў расейскім палоне.
У палон яны трапілі ў часе бою ля гораду Лісічанску Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. Тады група беларускіх добраахвотнікаў трапіла ў расейскую пастку. Яшчэ чатыры беларускія добраахвотнікі тады загінулі (камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Васіль Грудовік і Вадзім Шатроў).
Відэа зь беларускімі палоннымі «Тромблі» і «Кляшчом» зьявіліся пасьля гэтага на расейскіх z-каналах. Хлопцы сьведчылі, што трапілі ў палон. З таго бою выйшлі трое беларусаў.
Украіна ўключыла Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева ў сьпіс для абмену яшчэ ў ліпені 2022 году. Але Расея ў сьпісы для абмену іх не ўключае.
Аляксандра Думбляўскаса ў 2021 годзе эвакуавалі зь Беларусі пасьля 11 месяцаў у сьледчым ізалятары. Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ён далучыўся да палку Каліноўскага.
Ніякай дэталёвай інфармацыі пра Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева няма. Невядома, куды іх вывезьлі пасьля таго, як узялі ў палон, — на акупаваныя тэрыторыі Луганскай і Данецкай вобласьці або ў Расею.
Форум