Па стане на 11 чэрвеня ў Беларусі 1396 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць большай.
Палітзьняволенаму Дзянісу Дзікуну прысудзілі яшчэ 2 гады калёніі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі) у дадатак да атрыманых раней 23 гадоў пазбаўленьня волі, піша «Гомельская Вясна».
Прысуд у судзе Горацкага раёна яшчэ 25 сакавіка вынесла судзьдзя Натальля Фамічова, але вынікі суду сталі вядомыя праваабаронцам толькі цяпер. Палітвязень абскардзіў рашэньне суда. Ягоную апэляцыю разгледзяць 18 чэрвеня ў Магілёўскім абласным судзе.
Цяпер Дзяніс Дзікун знаходзіцца ў турме № 4 горада Магілёва.
- Дзяніса Дзікуна асудзілі напрыканцы 2022 году разам зь яшчэ двума «рэйкавымі партызанамі» са Сьветлагорску — Алегам Малчанавым і Дзьмітрыем Равічам, яны атрымалі тэрміны ад 21 да 23 гадоў калёніі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага — на чацьвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве», рэгістрацыю ў пляне «Перамога» і сувязь з BYPOL.
- Сьветлагорцаў затрымалі 4 сакавіка 2022 году і зьмясьцілі пад варту. Яшчэ да суда іх унесьлі ў «Сьпіс тэрарыстаў».
- Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазыцыя палітвязьняў па справе невядомая. Прысуд вынес судзьдзя Анатоль Сотнікаў.
- Дзяніса Дзікуна напрыканцы красавіка 2023 году перавялі ў горацкую калёнію, дзе неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ. Пазьней па ініцыятыве адміністрацыі калёніі на палітвязьня завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі).
Форум