«У канцы чэрвеня пасьля двухтыднёвай галадоўкі ў ШЫЗА ён трапіў у турэмную лякарню ў пасёлку Калядзічы. У канцы ліпеня Аліневіча вярнулі ў жодзінскую турму, а ў верасьні зноў пакаралі ШЫЗА. За што, невядома. Там усіх палітвязьняў рэгулярна саджаюць у ШЫЗА з надуманых прычынаў», — паведаміла крыніца пра Аліневіча.
Паводле крыніцы, зьвестак пра Ігара вельмі мала: яму не дазваляюць тэлефанаваць, перадачы і спатканьні забароненыя.
«Адзіная на год дазволеная бандэроль не дайшла да адрасата», — сьцьвярджае крыніца.
Зрэдку ад Ігара Аліневіча даходзяць лісты. Паводле крыніцы, ён ня скардзіцца на здароўе. Аднак вядома, што пры росьце 188 сантымэтраў важыць толькі 70 кіляграмаў.
У адным з атрыманых нядаўна лістоў Аліневіча ёсьць такія радкі: «З кожным годам пераконваюся ў мудрасьці „што ні ідзе, то да лепшага“… Галоўнае — наша асабістае ўспрыманьне і пазытыўнае чаканьне ад зьменаў. Часта лаўлю сябе на думцы, што вонкавае пагаршэньне вядзе да ўнутранага паляпшэньня. Дарогу адужае той, хто ідзе! Філёзаф ня дасьць схлусіць».
Аднадумцы Ігара Аліневіча, якія засталіся на волі, праз інтэрнэт павіншавалі яго з днём нараджэньня.
«За амаль 4 гады ў зьняволеньні стан здароўя Ігара пагоршыўся, але дух застаецца нязломным, — адзначаюць сябры палітвязьня. — Віншуем Ігара з надыходзячым сьвятам і зычым як мага хутчэй выйсьці на свабоду!»
Анархіст Ігар Аліневіч быў затрыманы ў кастрычніку 2020 году і асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 295 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), 289 («Акт тэрарызму»), 333-1 («Незаконнае перамяшчэньне празь мяжу атрутных рэчываў, радыяактыўных матэрыялаў, узбраеньня, вайсковай тэхнікі»).
Разам з Аліневічам былі затрыманыя і пазьней асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня Дзьмітры Дубоўскі, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў.
Вядома, што Дубоўскі знаходзіцца ў магілёўскай вязьніцы, Разановіча ўтрымліваюць ў калёніі №14 у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну, у красавіку яму дадалі да асноўнага тэрміну зьняволеньня яшчэ 9 месяцаў паводле 411-га артыкулу КК. Гэтымі днямі па гэтым самым артыкуле аб «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі папраўчай установы» судзяць і Раманава. Дагэтуль Сяргея ўтрымлівалі ў горацкай калёніі №9.
- У часе пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў беларускія памежнікі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 затрымалі ў Ельскім раёне ля беларуска-ўкраінскай мяжы Ігара Аліневіча і яшчэ трох анархістаў – Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава. Іх абвінавацілі паводле артыкула 289 КК «Тэрыразм», а таксама паводле артыкула 295 «Незаконнае абарачэньне зброі». Анархістаў абвінавацілі ў падпале чатырох аўтамабіляў каля будынка пракуратуры ў Салігорску і мясцовага аддзяленьня Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз.
- У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду і стаў першым ляўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтра.
- У 2016 годзе Аліневіч стаў ляўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасьць». Штогадовая нацыянальная прэмія ў абароне правоў чалавека была заснаваная «Хартыяй'97» у 1998 годзе.
Форум