Высьветлілася, што Ёрг Дорнаў сам правяраў працу зьняволеных. На плянтацыю цыбулі пад Лідай рэгулярна прыцягвалі працаваць палітвязьняў і плацілі ім каля 5 эўра на дзень. Гэта адбывалася ў выніку пагадненьня нямецкага дэпутата зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў.
Выданьне Reform.news сьцьвярджае, што знайшло аднаго зь беларускіх палітвязьняў, якога таксама прывозілі на плянтацыю працаваць.
Андрэя (імя зьмененае) затрымалі ў лютым 2024 году і адправілі на 15 дзён у ЦІП за падабайку пад допісам у сацыяльных сетках. Далей мужчына расказвае пра ўмовы працы:
«Нас завезьлі ў сховішча. Люты, падвал, адзежа як у каго. Таму рукі і ногі мерзьлі. Сьняданак а 7-й гадзіне раніцы. Працавалі да 18:00 безь яды і піцьця. Цыбуля смачная».
Ён адзначыў, што паміж «Цыбулька-Бел» і Лідзкім ЦІП была падпісаная дамова падраду. Праца прымусовай не была, а заробленыя грошы павінны былі пайсьці на рахунак за ўтрыманьне ў ЦІП, які выстаўляюць усім, хто атрымаў «содні». Згоду на працу падпісвалі штодня. Калі брыгадзір лічыў, што арыштаваны працуе добра, тады яму налічваўся заробак.
«Лідзкаму ЦІП плацілі 30 рублёў, арыштаваным — каля 20. Цыбулю перабіралі для гандлёвай сеткі „Эўраопт“», — адзначае Андрэй.
Мужчына кажа, што бачыў на плянтацыі немца, магчыма, таго самага дэпутата.
«Высокі лысы чалавек. Прыехаў адзін раз на сваёй машыне зь нямецкай рэгістрацыяй. Заходзіў у сховішча, дзе мы перабіралі цыбулю разам з нанятымі работнікамі».
Ёрг Дорнаў зарэгістраваў Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Цыбулька-Бел» у вёсцы Гуды на Лідчыне яшчэ ў кастрычніку 2020 году, калі адбываліся масавыя пратэсты беларусаў супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. 50% бізнэсу належыць прадпрымальніку Юрыю Куніцкаму, які жыве ў Нямеччыне і мае бізнэс-інтарэсы ў Беларусі і Расеі.
Рашэньнямі Лідзкага райвыканкаму зь земляў РСУП «саўгас „Лідзкі“» паэтапна ў пастаяннае карыстаньне «Цыбулька-Бел» перадалі зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 1555,4 га.
«Цыбулька-Бел» удзельнічала ў працэдуры дзяржзакупак. Кампанія Ёрга Дорнава з 2022 па 2024 год тройчы аказвала дзяржаве паслугі ў вапнаваньні кіслай глебы. Кошт усіх работ склаў 70 992 беларускія рублі.
Выданьне адзначае, што Дорнаў цудоўна разумеў, што падпісвае пагадненьне на запрашэньне менавіта зьняволеных.
Умовы ў Лідзкім ЦІП Андрэй назваў «катаваньнямі». У людзей забіраюць матрацы, падушкі, пасьцельную бялізну. Нельга сядзець і ляжаць на ложках. У затрыманых забіраюць перадачы. Сьвятло ў камэры гарыць кругласутачна. Уначы па некалькі разоў будзяць. У большасьці камэр няма прыбіральні і рукамыйніка — толькі плястыкавае вядро ў куце, якое кожную раніцу трэба выносіць у агульную прыбіральню на калідоры.
Пра свой бізнэс у Беларусі Ёрг Дорнаў адкрыта не расказваў, пакуль да зьвестак не дабраліся журналісты. Як паведамляла выданьне welt.de, дэпутат парушыў патрабаваньне раскрываць інфармацыю, бо не паведаміў у сваёй дэклярацыі аб прадпрыемстве ў Беларусі. За гэта яго аштрафавалі на 20 862 эўра.
Паводле выданьня, Дорнаў «некалькі разоў сустракаўся з прыхільнікамі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, аднак утаіў інфармацыю пра гэта».
Форум