Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Шольца перамагла на выбарах у Нямеччыне, але крайнія правыя наступаюць на пяты


Адзін зь лідэраў Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Ларс Клінгбайль (зьлева) і галоўны кандыдат ад гэтай партыі на выбарах у Брандэнбургу Дытмар Войдке, 23 верасьня 2024 году. Фота AFP
Адзін зь лідэраў Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Ларс Клінгбайль (зьлева) і галоўны кандыдат ад гэтай партыі на выбарах у Брандэнбургу Дытмар Войдке, 23 верасьня 2024 году. Фота AFP

Нягледзячы на тое, што палітычная сытуацыя для нямецкага канцлера Оляфа Шольца застаецца складанай, ён можа ўздыхнуць зь некаторай палёгкай пасьля выбараў у Брандэнбургу 22 верасьня, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Гэтая зямля былой ГДР атачае фэдэральную сталіцу Бэрлін. Сацыял-дэмакратам (SPD), якія кіруюць Брандэнбургам з часоў аб’яднаньня Нямеччыны, удалося зноў заняць першае месца, хоць у часе кампаніі яны адставалі ад праварадыкальнай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD).

У выніку SPD атрымалі 30,9% галасоў, палепшылі свой вынік у параўнаньні з 26% пяць гадоў таму і апярэдзілі AfD, якая атрымала 29,2%. Для Шольца гэтая перамога мае вялікае значэньне. Ён жыве ў Потсдаме, сталіцы Брандэнбургу, і партыі трэба было паказаць хоць нейкі вынік пасьля дзьвюх разгромных паразаў у Турынгіі і Саксоніі тры тыдні таму.

У апошнія тыдні ўсё больш голасна гучалі пытаньні, як доўга фэдэральны ўрад зможа працягваць кіраваць пасьля такіх кепскіх вынікаў. Але цяпер выглядае, што ён усё ж такі даіснуе да агульных выбараў, якія павінны адбыцца ў верасьні 2025 году.

Аднак застаецца адкрытым пытаньне, наколькі вялікая ў гэтых выніках заслуга Шольца. Апошнім часам ён зьмяніў рыторыку, спрабуючы выкарыстаць страхі наконт міграцыі і дапамогі Ўкраіне, якія распаўсюджаныя сярод значнай часткі электарату, асабліва на ўсходзе краіны. У апошнія тыдні ён актыўней выступаў за мірныя перамовы з удзелам Расеі, а ў верасьні ўвёў на ўсіх межах Нямеччыны памежны кантроль, каб зьменшыць міграцыю — гэта адбылося пасьля сьмяротнага нападу з нажом у горадзе Золінген. Адказнасьць за напад узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».

Тым ня менш выглядае, што канчатковыя лічбы сталі вынікам, з аднаго боку, галасаваньня за партыю Шольца з мэтай не дапусьціць перамогі AfD, а з другога — папулярнасьці цяперашняга прэм’ера Брандэнбургу Дытмара Войдке. Хоць абодва належаць да аднае партыі, Войдке падчас перадвыбарчай кампаніі пазьбягаў Шольца і адкрыта крытыкаваў фэдэральны ўрад.

Прадстаўнікі BSW пасьля выбараў у Брандэнбургу, 23 верасьня 2024. Фота REUTERS
Прадстаўнікі BSW пасьля выбараў у Брандэнбургу, 23 верасьня 2024. Фота REUTERS

Таксама варта адзначыць, што фэдэральныя партнэры Шольца па кааліцыі, «зялёныя» і лібэральная FDP, у Брандэнбургу цалкам праваліліся. Першыя атрымалі толькі 4,1% галасоў і не прайшлі пяціпрацэнтны бар’ер для прадстаўніцтва ў зямельным парлямэнце, а FDP набрала мізэрныя 0,8%, што стала іхным найгоршым вынікам у рэгіянальных выбарах.

Хоць AfD ня здолела заняць першае месца ў Брандэнбургу, іх рэйтынг зноў падрос. Без сумневу, партыя стала галоўным пераможцам на трох усходніх выбарах у верасьні. Яны занялі другое месца на двух зь іх, прычым упершыню пасьля Другой сусьветнай вайны партыя з крайне правымі поглядамі перамагла на рэгіянальных выбарах у Турынгіі.

Галоўны кандыдат ад ультраправай нямецкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) на рэгіянальных выбарах у Брандэнбургу Ханс-Крыстаф Бэрнд, 23 верасьня 2024. Фота AFP
Галоўны кандыдат ад ультраправай нямецкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) на рэгіянальных выбарах у Брандэнбургу Ханс-Крыстаф Бэрнд, 23 верасьня 2024. Фота AFP

Усходняя частка краіны мае свае адрозьненьні: значная частка выбарцаў выступае там супраць міграцыі і ставіцца да Масквы цяплей, чым на захадзе. Гэта прычынілася да посьпеху новай левай партыі BSW (Альянс Сары Вагенкнехт), якая падзяляе многія палітычныя погляды з AfD. Альянс заняў у Брандэнбургу трэцяе месца з 13,5% галасоў.

На фэдэральным узроўні крайнія левыя і правыя сілы разам могуць атрымаць каля траціны галасоў. Гэта шмат, але ўва ўрад яны ня ўвойдуць. Аднак яны будуць уплываць на дзяржаву з найбуйнейшай у Эўразьвязе эканомікай, прымушаючы яе акцэнтаваць увагу на пытаньнях міграцыі і Ўкраіны.

Гэта адбываецца ня толькі ў Нямеччыне. Чэскі папуліст Андрэй Бабіш паказаў добры вынік на рэгіянальных выбарах у той жа дзень, кал адбыліся і выбары ў Брандэнбургу, і мае добрыя шанцы стаць у наступным годзе прэм’ер-міністрам. А ў бліжэйшыя выходныя парлямэнцкія выбары праводзіць Аўстрыя, дзе ў апытаньнях упэўнена лідзіруе крайняя правая папулісцкая «Партыя Свабоды» (FPO). Выглядае, што Эўропа ўсё больш замыкаецца ў сабе.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG