Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што значыць перамога ўльтраправых на выбарах ва ўсходніх землях Нямеччыны


Галасаваньне на выбарах у Турынгіі
Галасаваньне на выбарах у Турынгіі

Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк ацэньвае вынікі выбараў у зямельныя парлямэнты Турынгіі і Саксоніі. У Турынгіі перамаглі ўльтраправыя. У Саксоніі, акрамя правых, узмацнілі пазыцыі левыя радыкалы, якія выступаюць супраць паставак зброі Ўкраіне.

Адбыліся выбары ў зямельныя парлямэнты Турынгіі і Саксоніі. У Турынгіі на першым месцы правапапулісцкая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD). У Саксоніі AfD заняла другое месца з 30%.

У апошнія гады ў Эўропе было шмат выпадкаў, калі ўльтраправыя папулісты з партыямі, якія яшчэ нядаўна лічыліся непрымальнымі для большасьці выбарнікаў, займалі першыя месцы ў многіх краінах, уваходзілі ва ўрад, а часам нават кіравалі ім.

Але ці ня мае посьпех «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (AfD, Alternative für Deutschland) у нядзелю сымбалічнага значэньня? Упершыню ў гісторыі Нямеччыны пасьля Другой сусьветнай вайны ўльтраправая папулісцкая партыя заняла першае месца на зямельных выбарах. І гэта адбылося 1 верасьня, менавіта ў дзень, калі спаўняецца 85 гадоў з моманту нападу нацыстаў на Польшчу ў 1939 годзе і разьвязваньня сусьветнай вайны, якая прывяла да генацыду.

Папраўдзе кажучы, перамога Afd ва ўсходненямецкай зямлі Турынгія была цалкам чаканай. Партыя мела лідэрства ва ўсіх апытаньнях грамадзкай думкі напярэдадні выбараў і здабыла ўпэўненую перамогу, сабраўшы 32,8% галасоў — амаль на дзесяць працэнтных пунктаў больш, чым правацэнтрысцкая партыя CDU, якая заняла другое месца. Зь яўкай у 73%, самай высокай за тры дзесяцігодзьдзі, вынік проста ня можа быць растлумачаны агульнай абыякавасьцю.

Хутчэй за ўсё, AfD ня стане кіраваць Турынгіяй, нягледзячы на посьпех, бо ўсе астатнія палітычныя партыі паабяцалі не заключаць зь ёй саюзаў. Але вялікі памер іх фракцыі абцяжарыць стварэньне кааліцыі, і цяпер яны могуць блякаваць прызначэньні судзьдзяў і зьмены ў Канстытуцыю.

Пасьлявыбарная ноч магла б быць яшчэ лепшай для AfD, калі б яна заняла лідэрскае месца на паралельных выбарах у Саксоніі, якія адбыліся ў той жа дзень. Тут CDU абагнала Afd у барацьбе за першае месца на 1,3 адсоткавага пункта (31,9% супраць 30,6%), але AfD усё роўна вырасла на 3 адсоткавыя пункты у параўнаньні з папярэднімі выбарамі ў 2019 годзе. Папраўдзе кажучы, гэта быў найгоршы вынік CDU на выбарах у гэтай зямлі, дзе партыя дамінавала ў палітычным пляне пасьля ўзьяднаньня Нямеччыны 34 гады таму. Дынаміка відавочна на баку ўльтраправых.

Аднак ня толькі прыхільнікі AfD мелі прычыны сьвяткаваць. Іншая папулісцкая арганізацыя, «Альянс Сары Вагенкнэхт» (BSW, Bündnis Sahra Wagenknecht), створаная на пачатку 2024 году з крайне левай партыі Лінке, заняла ў абедзьвюх землях трэцяе месца (11,8% галасоў у Саксоніі і 15,8% у Турынгіі). Як і AfD, яна выступае супраць Эўразьвязу і NATO, супраць узбраеньня Ўкраіны і мае сымпатыі да Крамля. У адрозьненьне ад іншых левых партый на кантынэнце, яна таксама актыўна крытыкуе рост іміграцыі. Але, нягледзячы на мноства дзіўных падабенстваў, палітычнага саюзу паміж крайне левымі і крайне правымі ня будзе.

Перадвыбарны мітынг партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) напярэдадні зямельных выбараў у Турынгіі ў Эрфурце, 31 жніўня 2024
Перадвыбарны мітынг партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) напярэдадні зямельных выбараў у Турынгіі ў Эрфурце, 31 жніўня 2024


Да фэдэральных выбараў у Нямеччыне застаўся год, і посьпех крайніх партый выклікае трывогу ў кіроўнай кааліцыі. 22 верасьня ў Брандэнбургу, яшчэ адной зямлі Ўсходняй Нямеччыны, адбудуцца трэція зямельныя выбары. Тут AfD таксама перамагае па выніках апытаньняў.

Назіральнікі зьвяртаюць увагу, што выбары 31 жніўня (і будучыя ў Брандэнбургу) адбыліся ў землях былой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Нягледзячы на тое, што аб’яднаньне Нямеччыны адбылося даўно, у 1990 годзе, падзел на ўсход і захад краіны дагэтуль існуе — як у эканамічным, так і ў палітычным пляне.

Вынікі экзыт-пола на выбарах у Турынгіі
Вынікі экзыт-пола на выбарах у Турынгіі

На ўсходзе значная частка электарату мае больш антызаходнія і аўтарытарныя настроі. Afd, як і BSW, значна менш папулярныя ў Нямеччыне ў цэлым.

Уладу ў Бэрліне ў наступным годзе яны ня возьмуць. Але ўжо цяпер іх посьпех на выбарах «падмарозіць» палітыку ў Бэрліне. Нямеччыну чакае трывожная восень.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG