У гэтым навучальным годзе ў школах Беларусі пачнуць праводзіць «інфармацыйныя гадзіны ў пытаньнях выбарчага права», паведамляе прэс-служба ЦВК. Заняткі пачнуцца ўжо восеньню.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі разам зь Міністэрствам адукацыі ўжо падрыхтавала адпаведны мэтадычны дапаможнік, паведаміў старшыня ЦВК Ігар Карпенка. Таксама выдалі сэрыю кніг і брашур, прысьвечаных выбарам.
«Калі мы гаворым пра павышэньне даверу выбарнікаў да выбарчай сыстэмы, умацаваньне гэтага даверу, дык, вядома, трэба працаваць з моладзьдзю, — заявіў Карпенка, яго цытуе БелТА. — Навучаючыся ў школе, у 13-14 гадоў многія з падлеткаў толкам ня ведаюць, што такое выбары і для чаго яны праводзяцца. У сувязі з гэтым мы сумесна зь Мінадукацыі запускаем новы праект літаральна з восені гэтага году ва ўсіх школах краіны», — дадаў ён.
На думку Карпенкі, гэта дапаможа школьнікам у будучыні «сьвядома пайсьці на выбарчыя ўчасткі», калі яны ўпершыню пайдуць галасаваць.
- Рэжым Лукашэнкі плянуе ў 2025 годзе правесьці чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца іх непрызнаньня міжнароднай супольнасьцю.
- Наступныя прэзыдэнцкія выбары павінны прайсьці не пазьней за 20 ліпеня 2025 году. Раней аб’яднаньне былых сілавікоў BELPOL паведаміла, што беларускія ўлады вырашылі правесьці прэзыдэнцкія выбары датэрмінова, ужо нібыта прызначылі дату — 23 лютага 2025 году — і распрацавалі падрабязныя пляны «выбарчай кампаніі».
- Апошнія прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 году ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
- Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткія затрыманьні. Апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі. Шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- Вынікі выбараў 2020 году не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Краіны Захаду пасьля выбараў неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
Форум