Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне дэкалянізавалі назвы гарадоў, якія цяпер пад акупацыяй Расеі


Дэмантаваны пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны бюст Аляксандра Пушкіна ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота
Дэмантаваны пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны бюст Аляксандра Пушкіна ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота

Перайменавалі населеныя пункты і раёны, якія мелі ў назвах прыкметы расейскай імпэрскай палітыкі або не адпавядалі стандартам дзяржаўнай мовы.

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла пастанову аб перайменаваньні 327 населеных пунктаў Украіны, тым ліку — 10 гарадоў, 56 пасёлкаў, 261 сяла і чатырох раёнаў.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце парлямэнту, пастанову падтрымаў 281 дэпутат.

Сярод перайменаваных — тры гарады Луганскай вобласьці, якія цяпер знаходзяцца пад акупацыяй Расеі — Первамайск (цяпер будзе Сакалагорск), Маладагвардзейск (стаў Атаманаўкай), Севераданецк (новая назва — Сіверскаданецк).

Перайменавалі таксама населеныя пункты ў Днепрапятроўскай, Сумскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Херсонскай і іншых абласьцях Украіны.

Як адзначаецца ў дакумэнце, перайменавалі тыя населеныя пункты і раёны, якія мелі ў назвах прыкметы расейскай імпэрскай палітыкі або не адпавядалі стандартам дзяржаўнай мовы.


З 2014 году ва Ўкраіне пачаўся працэс дэкамунізацыі. У яго межах перайменавалі 987 паселішчаў, 25 раёнаў, больш як 52 тысячы вуліц, а таксама дэмантавалі каля 2500 помнікаў і памятных знакаў, якія зьмяшчалі прапаганду таталітарнага рэжыму.

З пачатку 2019 году пачалася новая хваля рэабілітацыі рэпрэсаваных у савецкія часы.

У сакавіку 2023 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон аб асуджэньні і забароне прапаганды расейскай імпэрскай палітыкі ва Ўкраіне і дэкалянізацыі тапаніміі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG