Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест Беларускай, Менскай, Берасьцейскай ва Ўкраіне зьявіліся вуліцы Каліноўскага, Жызьнеўскага, Скоблі і «Літвіна»


На мітынгу на плошчы Незалежнасці ў сталіцы Украіны. Кіеў, 30 траўня 2021
На мітынгу на плошчы Незалежнасці ў сталіцы Украіны. Кіеў, 30 траўня 2021

Для беларусаў, якія ўцяклі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, перайменаваньне вуліц ва Ўкраіне ў гонар беларускіх герояў — гэта знак падтрымкі, кажуць прадстаўнікі беларускай эміграцыі ва Ўкраіне.

Ва ўкраінскіх гарадах зьявіліся вуліцы Міхася Жызьнеўскага, Аляксея Скоблі — у імя беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага (1838–1864), першага беларускага рэвалюцыянэра.

Украінская служба Радыё Свабода сабрала зьвесткі пра перайменаваньне тапонімаў, зьвязаных зь Беларусьсю, у гарадах Украіны.

Нядаўна ў горадзе Бучы Кіеўскай вобласьці гарадзкая рада перайменавала вуліцу Акружную ў гонар Ільлі «Літвіна» (гэта пазыўны Ільлі Хрэнава). 27-гадовы беларус ваяваў у складзе беларускай роты тэрытарыяльнай абароны «Азоў» зь першага дня поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну. Трэцяга сакавіка пры абароне Бучы «Літвін» быў паранены. Яго праапэравалі, але 4 сакавіка ён памёр.

Ільля Хрэнаў («Літвін») стаў першым беларускім добраахвотнікам, які загінуў, абараняючы Ўкраіну. «Літвін» яшчэ ў 2014 годзе паехаў ваяваць ва Ўкраіну і ў Беларусь больш не вярнуўся. Ён працаваў ва Ўкраіне ў ІТ, але поўнамаштабная вайна зьмяніла ўсе ягоныя жыцьцёвыя пляны — ён зноў апрануў вайсковую форму.

Дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» зьвярнуўся ў гарвыканкам Бучы з просьбай перайменаваць вуліцу. Мэр і дэпутаты падтрымалі гэтае прадстаўленьне.

«Цяпер беларускае кіраўніцтва дазваляе Расеі атакаваць Украіну зь беларускай тэрыторыі. Ёсьць „лукашысты“ і патрыёты Беларусі, якія падтрымліваюць і абараняюць Украіну. „Лукашысты“ ўсё робяць пад савецкім сьцягам, але бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сьцяг Беларусі, пад якім ваююць беларускія ваяры ва Ўкраіне і адваёўваюць таксама свабоду і незалежнасьць сваёй краіны», — кажа Васіль Аляксюк, дэпутат Бучанскай гарадзкой рады.

Ільля Хрэнаў быў цяжка паранены на той вуліцы, якую перайменавалі ў гонар яго.

Арганізацыя «Вольная Беларусь» тлумачыць, што ўдалося фактычна ў апошні момант, калі ва ўкраінскіх гарадах і вёсках адбываецца дэрусыфікацыя, зьмяніць назвы некалькіх вуліц у гонар беларускіх герояў.

У Наваградку і Чарнаўцах замест Менскай цяпер вуліца Героя Ўкраіны Міхаіла Жызьнеўскага. 25-гадовы Міхаіл Жызнеўскі быў на Майдане ў Кіеве зь першых дзён, стаў адной зь першых ахвяр тых падзеяў 2014 году.

У Мукачаве Закарпацкай вобласьці вуліцу Беларускую перайменавалі ў гонар антырасейскага беларускага паўстанца Кастуся Каліноўскага (1838–1864), які зьяўляецца нацыянальным героем беларускага, польскага і літоўскага народаў. Кастусь Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў паўстаньня на сучасных землях Літвы і Беларусі і змагаўся супраць Расейскай імпэрыі.

Фундацыя «Вольная Беларусь» зьвярнулася ў гарадзкую раду Львова з просьбай перайменаваць вуліцу Беларускую ў гонар Каліноўскага. На Лычакаўскіх могілках Львова пахаваныя паўстанцы Каліноўскага. Гэта адно з найбуйнейшых пахаваньняў удзельнікаў паўстаньня 1863-1864 гадоў.

Пасьля паразы яго значная частка ўдзельнікаў паўстаньня эмігравала ў Львоў, а ў горадзе заснавалі Таварыства ўзаемадапамогі ўдзельнікам паўстаньня. На Лычакаўскіх могілках стаіць помнік актыўнаму ўдзельніку паўстаньня Сымону Шыдлоўскаму, які памёр у 1906 годзе. А за ім магілы больш як 200 беларускіх паўстанцаў.


«Перайменавалі вуліцы Беларускую, Мінскую, але пры гэтым мы не губляем сувязі паміж двума народамі. Раззлаваць беларусаў і ўкраінцаў — задача Крамля. Яму гэта выгадна. Ніхто не пытаўся ў беларусаў пра акупацыю Расеяй, ніхто не пытаўся ў беларусаў, калі Расея пачала нападаць на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. У Хмяльніцку таксама перайменавалі Мінскую вуліцу.

Калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, беларусы прыйшлі змагацца за эўрапейскія каштоўнасьці. І пра гэта трэба гаварыць. Мы дакладна ня ведаем, колькі беларусаў загінула і колькі ваюе. Украіну абараняюць некалькі батальёнаў. У нас ёсьць сучасныя героі, якія змагаюцца з расейскай імпэрыяй, якая пагражае ўсяму цывілізаванаму сьвету», — кажа кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч.

Двум беларусам — Міхаілу Жызнеўскаму і Аляксею Скоблі — пасьмяротна прысвоілі званьне Герояў Украіны.

Аляксей Скобля з 2015 года ваяваў ва Ўкраіне як добраахвотнік, загінуў 13 сакавіка 2022 года пад Кіевам, быў у групе спэцназу. Байцы трапілі ў засаду, Аляксей Скобля загадаў таварышам адступаць, а сам застаўся іх прыкрываць. Да свайго 32-годзьдзя не дажыў два дні.

Прадстаўнік грамадзкай арганізацыі «Дэкалянізацыя Ўкраіны» Вадзім Пазьнякоў зазначыў, што ва ўкраінскіх гарадах не было багата назваў вуліц накшталт Беларуская, Мінская, Брэсцкая.

«Але ўсе тыя трэба перайменаваць, іх не павінна быць на мапе Ўкраіны. На гэта ёсьць запыт ад украінцаў. На жаль, з тэрыторыі, акупаванай рэжымам Лукашэнкі, чыніцца агрэсія на тэрыторыю Ўкраіны, і ўкраінцы ня хочуць бачыць такіх назваў у сваіх гарадах.

Мы мусім замяніць гэтыя назвы на нэўтральныя, зьвязаныя з блізкімі нам беларусамі, якія падтрымлівалі Ўкраіну і змагаліся за яе. Ува Ужгарадзе мы хочам перайменаваць адну з вуліц у гонар Каліноўскага або Жызьнеўскага», — кажа Вадзім Пазьнякоў.

Днямі прэзыдэнт Украіны падпісаў закон «Аб асуджэньні і забароне прапаганды расейскай імпэрскай палітыкі ва Ўкраіне і дэкалянізацыі тапанімікі», які забараняе распаўсюджваньне сымболікі расейскай імпэрскай палітыкі па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны. Згодна з гэтым законам ва Ўкраіне забараняецца выраб, распаўсюд і публічнае выкарыстаньне сымбаляў расейскай імпэрскай палітыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG