Паводле Дзяржаўнай харчова-вэтэрынарнай службы Літвы, увоз такіх жывёлаў будзе дазволены толькі пасьля правядзеньня дадатковых мэдыцынскіх дасьледаваньняў, у тым ліку абавязковага вызначэньня тытру антыцелаў да вірусу шаленства, паведамляе Delfi.
Як раней тлумачылі ў ведамстве, тэст на антыцелы да шаленства неабходна зрабіць як мінімум праз 30 дзён пасьля вакцынацыі жывёлы супраць шаленства (але не пазьней як за 60 дзён да заканчэньня дзеяньня прышчэпкі) і як мінімум за 3 месяцы да выдачы вэтэрынарнага сэртыфікату і ўезду ў Эўразьвяз.
Тэст неабходна рабіць у зацьверджанай Эўрапейскай камісіяй лябараторыі, іх сьпіс можна паглядзець тут. У Беларусі такіх лябараторый няма, бліжэйшыя знаходзяцца ў Расеі. Праўда, ёсьць магчымасьць скарыстацца паслугамі беларускіх вэтэрынарных клінік, якія робяць забор крыві для аналізу і пасьля накіроўваюць матэрыял у зацьверджаныя ЭЗ расейскія лябараторыі. Улічваючы кошт кур'ерскай дастаўкі матэрыялу ў Маскву, паслуга атрымліваецца нятаннай: так, на сайце «ВетМедЦэнтра» кошты пазначаныя такія: 533 рублі — пры тэрмінах чаканьня выніку аналізу да 25 працоўных дзён і 758 рублёў — да 14 дзён чаканьня.
Як нагадалі ў ведамстве, згодна зь дзейнымі раней правіламі, жывёлы, якіх увозяць у Эўразьвяз, таксама павінны мець вэтэрынарны сэртыфікат узору ЭЗ, падскурны мікрачып або спэцыяльную татуіроўку (зробленую да 3 ліпеня 2011 году), і мусяць быць прышчэпленыя ад шаленства.
Узмацненьне жорсткасьці патрабаваньняў у Эўразьвязе раней патлумачылі тым, што раней пачасьціліся спробы ўвозу жывёлаў зь няправільна выкананымі і несапраўднымі прышчэпкамі ад шаленства, неналежна аформленымі дакумэнтамі і няправільнай ідэнтыфікацыяй свойскіх жывёлаў.
Чакаецца, што ўзмацненьне жорсткасьці нормаў у маштабах ЭЗ прывядзе да скарачэньня плыні свойскіх жывёлаў з краінаў з высокім узроўнем рызыкі, гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнай харчова-вэтэрынарнай службы Літвы. Ведамства нагадвае, што каты, сабакі і тхары, прывезеныя ў Ліву зь іншых краін, павінны быць зарэгістраваныя ў Рэестры свойскіх жывёлаў на працягу 20 працоўных дзён з моманту іх увозу ў Літву.
Форум