Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жывёлы ў выгнаньні». Кранальны праект пра ўзьяднаньне хатніх гадаванцаў з гаспадарамі-ўцекачамі


Фота з сайту праекту RUN DOG RUN
Фота з сайту праекту RUN DOG RUN

Таксама публікуем інструкцыю, што рабіць, калі хочаш выехаць за мяжу разам са сваім хатнім гадаванцам.

Беларускія журналісты Ірына Арахоўская і Віктар Контар, якія ў 2020 годзе былі вымушаныя зьехаць з краіны, апублікавалі праект RUN DOG RUN. Ён расказвае пра хатніх жывёлаў, якія паехалі зь Беларусі ў выгнаньне ўсьлед за сваімі гаспадарамі. Як расказала Свабодзе Ірына Арахоўская, журналісты, каб зьняць шэсьць гісторый, пабывалі ў трох краінах.

Ірына Арахоўская і яе сабака Ховард
Ірына Арахоўская і яе сабака Ховард

«Ідэя праекту хутчэй належала Віктару, — расказвае Ірына. — Ён бачыў, як я свайго сабаку перавозіла зь Менску ў Варшаву. Яго пагадзіліся перавезьці двое людзей, якіх я раней, у прынцыпе, ня ведала. А яны ня ведалі ні мяне, ні майго сабаку Ховарда. Адзін зь іх аформіў Ховарда на сябе і прывёз. Пазьней гэтыя людзі вярнуліся ў Беларусь, і іх абодвух пасадзілі, цяпер яны палітзьняволеныя. Я думала, што праект зраблю для іх. А Віктар сказаў, што гэта ўвогуле клясны спосаб расказаць пра вымушаную эміграцыю беларусаў».

Ірына кажа, што здымкі герояў прайшлі даволі хутка — на кожную краіну журналісты патрацілі прыкладна па тыдні. Больш часу заняла вёрстка і напісаньне гісторый. Агулам усё расьцягнулася на паўгода.

«Мне ўсе нашыя героі спадабаліся, зь іх гаспадарамі мы нават пасябравалі ўжо, — працягвае Ірына Арахоўская. — Але асабліва запомнілася Герда. Гэта нашыя першыя героі, Крысьціна і Герда. З Гердай я пазнаёмілася да праекту, яшчэ калі мой сабака не прыехаў зь Беларусі. Я магла гадзінамі сядзець, а Герда лашчылася, скакала па мне. Яна была маім тэрапэўтам».

Па словах Арахоўскай, якая шмат гадоў працавала рэпартажным фатографам, у тым ліку на акцыях масавых пратэстаў, здымаць сабак і катоў для яе стала сапраўдным прафэсійным выклікам.

«Гэта было вельмі складана, — кажа Ірына. — Мне падаецца, нават больш складана, чым здымаць разгоны мітынгаў. Жывёлы абсалютна не кантралююцца. Нельга прадказаць, што яны ўчыняць у наступны момант. Яны не сядзяць на месцы, сапраўдная катастрофа. Некаторыя нашыя жывёлы ўвогуле не хацелі здымацца. Даводзілася сядзець і гадзінамі чакаць, пакуль кот захоча выйсьці з-пад ложка. Уявіце — прыходзяць два незнаёмыя чалавекі зь вялікімі сумкамі, мы незнаёма для іх пахнем, і яны ня ведаюць, чаго ад нас чакаць. Шмат часу сыходзіла на тое, каб яны захацелі здымацца».

Свайго ўласнага сабаку Ховарда Ірына падабрала на вуліцы ў Менску ў 2014 годзе. Ён беспародны, проста пайшоў за дзяўчынай сьледам да яе дадому і застаўся. У лістападзе 2020 году Ірына зьехала зь Беларусі празь перасьлед з боку ўладаў. Ховард застаўся ў Менску, да гаспадыні яго прывезьлі толькі на пачатку лета 2021 году. Сустрэча была незвычайная.

«Ховарда складана было вывозіць, бо ён ужо стары, везьці трэба было на аўтамабілі, — кажа Ірына. — Ён моцна стрэсуе. Рабілі прышчэпкі, пашпарт, чып. Дакумэнты афармлялі на чалавека, які ехаў зь ім. Там нескладана было. Складана было знайсьці, з кім гэта зрабіць. У інтэрнэце можна знайсьці таго, хто за грошы аказвае такія паслугі. Спачатку там хацелі 200 даляраў, пасьля было ўжо 700 эўра. У выніку Ховард паехаў з тымі, хто пагадзіўся мне дапамагчы. Але калі ён прыехаў, я думала, што ўсё будзе як у амэрыканскіх фільмах. Калі сабака бяжыць насустрач гаспадару, шмат эмоцый. Але ён быў такі стомлены, што паглядзеў на мяне, вільнуў хвастом і пайшоў назад у машыну».

Па словах Ірыны, утрымліваць Ховарда ў Варшаве ёй таньней, чым гэта было ў Беларусі. Сабаку патрэбны асаблівы корм для хворага страўніка, і ён у Менску быў значна даражэйшы. Людзі ў Польшчы, кажа фатографка, да сабакаў ставяцца значна лепш, чым у Беларусі.

«Я тут так польскую пачала вучыць, — кажа Ірына Арахоўская. — Да Ховарда тут усе падыходзяць, усе гладзяць яго, распытваюць. Яго тут усюды пускаюць, нават у мэтро. У Менску такога ўявіць сабе нельга нават. Мне прыходзілася спачатку званіць у кавярню і пытацца, ці можна туды зайсьці з сабакам. У Варшаве рэдка куды цябе разам зь ім ня пусьцяць. Гэта прыемна зьдзівіла».

«Вывезьці за мяжу хатнюю жывёліну прасьцей, чым чалавека»

Праваабаронца Наста Лойка нядаўна выяжджала са сваім сабакам за мяжу, пасьля вярталася зь ім назад у Беларусь. Яна расказала Свабодзе, што трэба зрабіць, каб аформіць усе дакумэнты для вывазу свайго сабакі, ката альбо іншага гадаванца за мяжу легальна.

Наста Лойка са сваім сабакам у метро Варшавы
Наста Лойка са сваім сабакам у метро Варшавы

«На самой справе вывезьці хатнюю жывёлу за мяжу часта прасьцей, чым чалавека, — кажа Наста. — Ёй не патрэбная віза. Дастаткова аформіць неабходныя дакумэнты, а іх ня так і шмат».

Крок 1

Трэба зрабіць пашпарт хатняга гадаванца. Гэтым займаюцца толькі ў дзяржаўных вэтэрынарных станцыях. Яны ёсьць ва ўсіх раённых гарадах, а таксама ў асобных раёнах вялікіх гарадоў. Туды трэба прывезьці сваю хатнюю жывёліну. Там ёй паставяць чып, а нумар чыпа ўнясуць у адмысловы дакумэнт — пашпарт жывёлы. Там можа быць нават фота вашага гадаванца і яго асноўныя парамэтры — памеры і вага, колер поўсьці. Пашпарт афармляецца адразу на некалькіх мовах, ён міжнародны. З гэтым дакумэнтам ваш гадаванец можа вольна вандраваць па сьвеце.

Важна — пашпарт на вашага гадаванца, які застаўся ў Беларусі адзін, можа аформіць любы іншы чалавек на сваё імя.

Крок 2

Прышчэпка ад шаленства. Лічыцца, што ў Беларусі з шаленствам сярод жывёлаў ёсьць праблемы, таму суседнія дзяржавы правяраюць яе наяўнасьць. Прышчэпку жывёлам трэба рабіць раз на год. Кожная прышчэпка будзе таксама адлюстраваная ў пашпарце вашага гадаванца. Важна, каб яна не была пратэрмінаваная. Прышчэпкі ад шаленства таксама робяць у вэтэрынарных клініках.

«Бываюць яшчэ спэцыфічныя прышчэпкі для розных відаў жывёлаў, — кажа Наста. — Усё гэта таксама адзначаецца ў пашпарце вашага гадаванца».

Крок 3

Мэдычная даведка пра актуальны стан жывёлы. Патрабаваньні да яе могуць быць розныя ў розных краінах, гэта трэба спраўджваць загадзя.

«У Польшчы, напрыклад, усё даволі проста, — кажа Наста Лойка. — Там даведка павінна быць зробленая не пазьней як за трое сутак да перасячэньня мяжы. Палякі правяраюць чып, зьвяраюць яго з пашпартам жывёліны. А вось ва Ўкраіне могуць быць дадатковыя правілы. Там часта просяць прышчэпкі, якія ў Беларусі вельмі цяжка зрабіць. Таму найбольш складанасьцяў у людзей узьнікае з вывазам хатніх гадаванцаў ва Ўкраіну».

«Гэта, у прынцыпе, усё, — дадае Наста. — Калі вы захочаце вяртацца ў Беларусь назад са сваім сабакам ці катом, то вам спатрэбіцца толькі актуальная даведка пра яго стан. У Польшчы, калі я вярталася адтуль са сваім сабакам, яшчэ трэба было яму прайсьці агляд у вэтэрынара».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG