Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Алесі і Рагнеды, Кастусікі і Ўршулькі». Беларуская школа ў Варшаве назьбірала 500 вучняў з 28 краін сьвету


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паўсотні высокакваліфікаваных пэдагогаў, зручны расклад урокаў адпаведна часавым паясам краін. Расказваем пра навучальную ўстанову, якая рыхтуецца да трэцяга сэзону.

«З нацыянальным ухілам і без ідэалягічнага складніка»

Беларускую школу ў Варшаве заснавалі ў 2022 годзе як онлайн- і офлайн-прастору для беларускіх дзяцей, якія часова апынуліся ў Польшчы і іншых краінах сьвету пасьля падзеяў 2020 году. Пачыналі 2 гады таму са 150 вучняў і 15 настаўнікаў. Сёлета колькасьць ахвочых вучыцца пераваліла за паўтысячы, расказваюць арганізатары. У школе выкладаюць больш за 40 настаўнікаў. Геаграфія навучэнцаў — 28 краінаў сьвету.

У школе можна атрымаць веды па прадметах, якіх няма ў замежных школах: беларускай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, мастацтве Беларусі. Веды ў асноўных навуках юныя беларусы атрымліваюць у школах, ліцэях, гімназіях у краінах, дзе яны апынуліся, а па прадметах беларускага кампанэнту — у Беларускай школе ў Варшаве, тлумачыць яе дырэктар Алесь Лозка.

«Наша школа, можна сказаць, зь беларускім нацыянальным ухілам, але без ідэалягічнага складніку. За 2 гады існаваньня дзейнасьць значна пашырылася і ў колькасным, і якасным пляне. Летась да нас паступіла больш за паўтысячы заяў ад бацькоў, якія жадаюць, каб іхныя дзеці вучыліся ў нашай установе і яе філіялах. Дарэчы, далёка ня кожная беларуская школа на радзіме, дзе цяпер вучыцца па-беларуску менш за 10% ад усіх школьнікаў, мае такую колькасьць», — зазначае Алесь Лозка.

Алесь Лозка. Архіўнае фота
Алесь Лозка. Архіўнае фота

«Марабіні, Окіцу, Ніка, Сэм, Лілу»

БШВ арганізавала філіялы (школкі выходнага дня) у Беластоку, Гданьску, Кракаве, а таксама асобныя школы, якія яна падтрымлівае, у Батумі і Тбілісі (Грузія) і Вільні (Літва).

Самым вялікім філіялам зьяўляецца аддзяленьне, на якім арганізавана онлайн-навучаньне, кажа дырэктар БШВ. Гэта больш за паўтары сотні беларускіх дзяцей з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Альбаніі, Ангельшчыны, Баўгарыі, Беларусі, Нямеччыны, Грузіі, ЗША, Ірану, Ірляндыі, Гішпаніі, Італіі, Канады, Кіпра, Латвіі, Літвы, Малдовы, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Турэччыны, Украіны, Францыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швэцыі, Японіі.

«Онлайн-заняткі ў 1–10 клясах летась праводзіліся па два ўрокі два разы на тыдзень (у 17 кляса-камплектах). Расклад у паралелях прадугледжвае наяўнасьць варыянтаў выбару згодна з часавым поясам пражываньня навучэнца, каб дзецям было зручна вучыцца.

Больш за ўсё ў нас вучняў пачатковых клясаў. У онлайн-навучаньні даводзіцца ствараць па тры клясныя паралелі. Акрамя настаўніцкіх zoom-канфэрэнцый, агульных чатаў, кожная кляса мае ўласны чат, каб адбываліся пазашкольныя зносіны настаўнікаў зь дзецьмі і бацькамі», — тлумачыць спадар Лозка.

У дыстанцыйным навучаньні пераважная большасьць дзяцей з розных гарадоў Польшчы, а таксама вучні з Кіпра, Беларусі, ЗША, Партугаліі, Грузіі, Турэччыны, Расеі, Украіны.

«Прыемна ўсведамляць тое, што многія беларускі і беларусікі, Алесі і Рагнеды, Кастусікі і Ўршулькі, часам і зь нязвыклымі для нашых краёў прозвішчамі і імёнамі (напрыклад Марабіні, Окіцу, Ніка, Сэм, Лілу), ужо трэці год будуць вывучаць бацькоўскую мову шматпакутнай, няблізкай і цяжка дасягальнай Беларусі», — кажа дырэктар.

Занятак у БВШ, архіўнае фота
Занятак у БВШ, архіўнае фота

Беларускія школьныя праграмы

Паводле Лозкі, у БШВ выкладаюць больш за 40 пэдагогаў. Гэта адмыслоўцы, якія маюць добрую практыку, уласныя мэтадычныя напрацоўкі, навучальныя дапаможнікі, прафэсійныя катэгорыі і нават навуковыя званьні — кандыдаты навук і нават прафэсар. Ёсьць і рэзэрвовая база настаўнікаў, якія хочуць выкладаць у школе. У ёй амаль 100 чалавек.

Дырэктар БШВ Алесь Лозка тлумачыць, чаму настаўнікам усё ж даводзіцца арыентавацца на беларускія школьныя праграмы.

«Я падкрэсьліваю: арыентавацца, а не прытрымлівацца. Да прыкладу, з улікам таго, у якой клясе якія тэмы вывучаюцца, нашы настаўнікі пішуць свае каляндарна-тэматычныя пляны (але без ідэалягічнага складніку). Арыентацыя — на лепшыя ўзоры літаратуры, культуры. І абавязковы нацыянальны складнік.

Мы верым, што дзеці вернуцца ў Беларусь. Таму ў ведах яны не павінны адставаць ад сваіх аднагодкаў, якія вучацца там. Пры вяртаньні на радзіму яны змогуць вярнуцца ў сваю клясу. А пры неабходнасьці экстэрнам здаць іспыт», — перакананы дырэктар Беларускай школы ў Варшаве.

У гарадах Польшчы беларускія дзеткі могуць займацца ў мастацкіх гуртках, удзельнічаць у розных сьвятах і іншых актыўнасьцях. Офлайн-заняткі ў нулявых-дзясятых клясах праводзяцца звычайна па суботах, 5 урокаў. Онлайн, дыстанцыйна — урокі ў паралельных клясах на выбар: прыдатныя група, дзень, час.

Заняткі ў Беларускай школе ў Варшаве пачнуцца 14 верасьня. Дыстанцыйнае навучаньне, магчыма, давядзецца пачынаць у лістападзе, пра што будзе дадатковая абвестка заяўнікам.

Беларуская школа ў Варшаве яшчэ прымае заявы-анкеты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG