Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФБР расьсьледуе інцыдэнт у Флорыдзе, кваліфікаваны як замах на Трампа, падазраванага затрымалі


На месцы здарэньня
На месцы здарэньня

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША заявіла, што расьсьледуе страляніну, якая адбылася 15 верасьня каля поля для гольфу ва Ўэст-Палм-Біч (штат Флорыда), дзе ў гэты момант знаходзіўся экс-прэзыдэнт, кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Дональд Трамп, як перадухіленую спробу замаху на палітыка, піша «Голас Амэрыкі».

Паведамляецца, што падазраванага затрымалі.

Шэраг СМІ, у тым ліку The Associated Press, The New York Times і Fox News Channel, ідэнтыфікавалі падазраванага як 58-гадовага Раяна Уэсьлі Рута (Ryan Wesley Routh) з Гаваяў, спасылаючыся на неназваных супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Агенцтву Reuters не ўдалося праверыць гэтыя паведамленьні.

Матывы дзеяньняў падазраванага невядомыя. Паводле Associated Press, у 2020 годзе ён пісаў у сацыяльных сетках аб падтрымцы кандыдатуры Дональда Трампа, але ў апошні час быў прыхільнікам Джо Байдэна і Камалы Гарыс.

Спробу замаху на Трампа 15 верасьня папярэдзілі. Шэрыф акругі Палм-Біч Рык Брэдшоў расказаў, што стралок знаходзіўся на адлегласьці ад 270 да 450 мэтраў ад Трампа, калі яго заўважылі. Агенты Сакрэтнай службы адкрылі агонь, пасьля чаго падазраваны кінуў зброю і паспрабаваў уцячы. Крыніца паведаміла, што падазраваны сеў у аўтамабіль, аднак сьведкі здолелі заўважыць яго нумарны знак, які перадалі праваахоўнікам. Аўтамабіль спанілі, а падазраванага ўзялі пад варту. Як паведаміў шэрыф, разам з «аўтаматам тыпу АК-47» з аптычным прыцэлам на месцы здарэньня знайшлі два тактычныя заплечнікі з керамічнай пліткай усярэдзіне і відэакамэру GoPro.

Агент сакрэтнай службы адкрыў папераджальны агонь па кустах, што атачаюць поле для гольфа, заўважыўшы сярод зеляніны рулю аўтамата. Дональд Трамп у гэты момант гуляў у гольф прыблізна за чатырыста мэтраў. Пакуль невядома, ці пасьпеў падазраваны стрэліць. Ён паспрабаваў уцячы на аўтамабілі, але яго неўзабаве затрымалі дзякуючы сьведкам, якія зрабілі здымак машыны падазраванага. У кустах за рашэцістай агароджай, якая адлучае гольф-клюб ад шашы, знайшлі паўаўтаматычную вінтоўка са снайпэрскім прыцэлам, а таксама відэакамэру.

Пазьней крыніцы шэрагу амэрыканскіх СМІ ў праваахоўных органах пацьвердзілі, што расьсьледуюць інцыдэнт як магчымую спробу замаху на Дональда Трампа.

У электронным лісьце сваім прыхільнікам Трамп пацьвердзіў, што ён у бясьпецы, адчувае сябе добра і «ніколі ня здасца».

Суперніца Дональда Трампа ў барацьбе за прэзыдэнцтва, цяперашняя віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што «ў Амэрыцы няма месца гвалту». Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн даў указаньне выдзеліць усе неабходныя рэсурсы, каб гарантаваць бясьпеку Трампа.

13 ліпеня Дональд Трамп быў лёгка паранены ў вуха ў выніку замаху на яго на перадвыбарным мітынгу ў Пэнсыльваніі. Па ім адкрыў агонь жыхар Пэнсыльваніі Томас Мэцью Крукс. Нападніка застрэлілі. Да гэтага ён пасьпеў забіць аднаго з наведнікаў мітынгу і параніць яшчэ некалькіх. Матывы гэтага нападу дасюль дакладна не вядомыя. Расьсьледаваньне інцыдэнту вядзе ФБР.

Гэты правал у ахове бясьпекі прывёў да адстаўкі кіраўніка Сакрэтнай службы і часовага адхіленьня прынамсі пяці агентаў падразьдзяленьня, якое адказвае за ахову вышэйшых службовых асобаў у ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG