Дата дня
16 верасьня 1999 году зьніклі бязь вестак беларускі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Пазьней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданьне, знайшлі аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві. У 2019 годзе нямецкае выданьне DW апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Лукашэнкі пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі. У верасьні 2023 году суд у Швайцарыі апраўдаў Гараўскага ў справе аб выкраданьнях апанэнтаў Лукашэнкі.
Тлумачачы прысуд, судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя зьнікненьні». «Гэтыя факты не павінны выклікаць сумневаў. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасьцях і ўхіляўся ад адказу», — растлумачыў сваё рашэньне судзьдзя.
16 верасьня адзначаецца Міжнародны дзень аховы азонавага слою. Гэты дзень быў заснаваны Генэральнай асамблеяй ААН у 1994 годзе.
Гэты дзень у гісторыі
1810 — Мэксыка абвясьціла незалежнасьць ад Гішпаніі.
1908 — заснаваная амэрыканская кампанія General Motors, якая была найбуйнейшым вытворцам аўтамабіляў у сьвеце да 2007 году, калі гэты тытул забрала ў яе японская Toyota.
1963 — узьнікла фэдэратыўная дзяржава Малайзія.
1982 — лібанскія хрысьціянскія фалянгісты ўчынілі разьню ў лягерах палестынскіх уцекачоў Сабра і Шатыла ў Заходнім Бэйруце. Паводле розных ацэнак, загінулі ад 700 да 3500 чалавек.
2020 — Паўла Латушку і Ігара Ляшчэню пазбавілі дыпляматычнага рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла «ў сувязі з учынкамі, якія няславяць дзяржаўную (дыпляматычную) службу».
У гэты дзень нарадзіліся
1859 — Браніслаў Эпімах-Шыпіла, дзеяч беларускага нацыянальнага руху.
1891 — Антон Баліцкі, дзяржаўны дзеяч, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
1909 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. У 1931 скончыў Беларускі пэдагагічны тэхнікум, уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Пачаў публікаваць аповесьці і апавяданьні з 1927. У студзені 1933 арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі, сасланы ў Ірбіт (цяпер Краснаярскі край). Паўторна арыштаваны 5 кастрычніка 1937 і ў той самы дзень расстраляны. У 1974 выйшаў яго зборнік апавяданьняў і аповесьцяў «Ні госьць ні гаспадар».
1937 — Барыс Луцэнка, тэатральны рэжысэр
1937 — Аляксандар Мядзьведзь, дужаньнік вольнага стылю, трохразовы алімпійскі чэмпіён.
1938 — Віктар Дашук, беларускі кінарэжысэр-дакумэнталіст.
1946 — Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт і публіцыст
У памяці
1744 — Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
1940 — Сяргей Паўловіч, багаслоў і перакладчык.
1965 — у Берасьці трагічна загінуў Адам Трыпус, дзеяч БНР. Ён быў знойдзены на вуліцы ў выніку пабіцьця невядомымі пры нявысьветленых абставінах. У пасьведчаньні аб сьмерці прычынай сьмерці быў пазначаны «гіпэртанічны крыз».
1973 — Віктар Хара, чылійскі бард і настаўнік, забіты падчас перавароту Аўгуста Піначэта ў Сант’яга на стадыёне «Чылі», ператвораным у канцлягер.
2017 — Юлія Андрусышына, маці беларускага сьпевака і журналіста Багдана Андрусышына (Данчыка).