Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Дзярждумы прапанаваў падарваць ядзерную бомбу над Расеяй, каб напалохаць Захад


Дэпутат Дзяржаўнай думы ад партыі «Адзіная Расея» Андрэй Калесьнік. Архіўнае фота
Дэпутат Дзяржаўнай думы ад партыі «Адзіная Расея» Андрэй Калесьнік. Архіўнае фота

Год таму з такой ідэяй выступала прапагандыстка Маргарыта Сіманьян.

Дэпутат Дзяржаўнай думы ад кіроўнай партыі «Адзіная Расея» Андрэй Калесьнік прапанаваў падарваць ядзерную бомбу на тэрыторыі РФ.

Сваю прапанову ён матываваў тым, што, на яго думку, многія замежныя палітыкі пачалі забывацца на пагрозу, якую нясе ядзерная зброя. Таму, лічыць дэпутат, Расея павінна нагадваць сьвету аб гэтай небясьпецы.

«Трэба дзесьці зрабіць ядзерны выбух, на нейкім палігоне. У нас цяпер забарона на ядзерныя выпрабаваньні, але, можа быць, людзі павінны ўбачыць, да чаго ўсё гэта насамрэч прыводзіць, гэта варта пачуць. Калі мараторый адменяць, можа, чалавецтва задумаецца», — сказаў Калесьнік у размове з лаяльным да расейскіх уладаў выданьнем Lenta.ru.

У сярэдзіне жніўня расейскае прапагандысцкае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на ананімную крыніцу распаўсюдзіла інфармацыю пра нібыта падрыхтоўку Ўкраінай атакі на АЭС у Курскай вобласьці Расеі (горад Курчатаў). У адказ Украіна абвінаваціла Расею ў распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі.

У мінулым годзе кіраўнік Russia Today Маргарыта Сіманьян ужо выказвала ідэю падарваць ядзерную бомбу «дзе-небудзь над Сібір’ю».

Тады прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў адрэагаваў на заяву галоўнага рэдактара RT. Ён заявіў, што Сіманян не працуе ў расейскіх органах улады і не адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю Крамля.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG