Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пра неабходнасьць зьбіцьця расейскіх бесьпілётнікаў краінамі-суседзямі: «Толькі Беларусь адзначылася»


Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў краіны-партнэры ўхваліць рашэньне аб супольным зьнішчэньні расейскіх ракет і бесьпілётнікаў ва ўкраінскім небе.

«Хаўрусьнікі разам зьбіваюць ракеты і дроны ў небе над Блізкім Усходам. То чаму дагэтуль няма аналягічнага рашэньня пра супольнае зьбіцьцё расейскіх ракет, іранскіх шахэдаў у небе Ўкраіны? Прычым гэта ня робіцца і тады, калі ракеты і дроны накіроўваюцца літаральна на тэрыторыю нашых суседзяў», — сказаў Уладзімір Зяленскі, прамаўляючы на штогадовай сустрэчы Ялцінскай эўрапейскай стратэгіі, вядомай як YES.

Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, пытаньне дапамогі ў зьбіваньні расейскіх ракет і бесьпілётнікаў «намагаюцца загаварыць».

Пасьля гэтага Ўладзімір Зяленскі дадаў:

«Пакуль што толькі Беларусь адзначылася збіцьцём расейскіх шахэдаў». Гэтыя словы выклікалі ў аўдыторыі сьмех і воплескі.

«Я ня думаў, што ў такім фармаце гэта будзе. І гэта сапраўды, я мяркую, зьневажальна для моцнага дэмакратычнага сьвету», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.


З жніўня расейскія бесьпілётнікі ўсё часьцей перамяшчаюцца з тэрыторыі Ўкраіны ў Беларусь.

5 верасьня Мінабароны Беларусі заявіла пра зьбіцьцё дронаў, у Гомлі прагучалі выбухі.


10 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 9 жніўня сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасьць у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Беларусі ў межах Касьцюковіцкага раёну. Ён тады заявіў, што гэта былі ўкраінскія бесьпілётнікі.

Пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Лукашэнка даў загад узмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках. Паводле Хрэніна, «вайсковыя часткі сілаў спэцапэрацыяў, сухаземных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сыстэмы „Палянэз“ і комплексы „Іскандэр“, атрымалі задачы на зьдзяйсьненьне маршаў у прызначаныя раёны. Таксама ажыцьцявілі нарошчваньне сілаў і сродкаў зэнітна-ракетных войскаў, радыётэхнічных войскаў і авіяцыі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG