Па зьвестках праекту «Беларускі Гаюн», пасьля заходу «Шахеда» ў паветраную прастору Беларусі зьнішчальнік ВПС Беларусі каля 20 хвілін ганяўся за парушальнікам, а ў раёне 03:55 у Ельскім раёне Гомельскай вобласьці чулі ня менш за 2 выбухі і назіралі яркі выбліск у небе.
Гэта адбылося ў 03:30, што пацьвярджае і @eRadarrua.
Такім чынам, паводле праекту «Беларускі Гаюн», гэта, імаверна, першы зафіксаваны выпадак, калі зьнішчальнік ВПС Беларусі зрабіў спробу зьнішчыць рэальную ваенную цэль у небе — расейскі дрон-камікадзэ тыпу «Шахед».
26 жніўня камандуючы Паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук заявіў, што ў Беларусь заляцелі два расейскія ўдарныя дроны.
16 ліпеня Паветраныя сілы Ўкраіны таксама паведамлялі, што два запушчаныя расейскім бокам бесьпілётнікі «Шахед» былі «лякальна страчаныя» ў паветранай прасторы Беларусі.
8 жніўня беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская паведаміла ў сацсетцы Х, што, паводле яе зьвестак, у ліпені прынамсі 9 расейскіх бесьпілётнікаў «Шахед» уварваліся ў паветраную прастору Беларусі, зь іх «адзін выбухнуў, другі зьнік, а астатнія працягнулі палёт ва Ўкраіну».
Якіх-небудзь пратэстаў расейскаму боку ў сувязі са згаданымі інцыдэнтамі афіцыйным Менскам заяўлена не было.
Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка 10 жніўня абвінаваціў Украіну ў парушэньні беларускай паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і заявіў, што загадаў вярнуць войскі да паўднёвай мяжы.
Аб парушэньнях паветранай прасторы бесьпілётнікамі з боку РФ пэрыядычна неафіцыйна паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
Форум