За апошнія паўтара года суды ва Ўкраіне разгледзелі тысячы пазоваў грамадзян да Пэнсійнага фонду аб адмове ўключэньня ў стаж для налічэньня пэнсіі працу ці навучаньне за межамі Ўкраіны, у тым ліку сотні такіх зваротаў тычыліся працы ці навучаньня ў Беларусі.
- 10 верасьня Запароскі акруговы адміністрацыйны суд абавязаў абласное ўпраўленьне Пэнсійнага фонду Ўкраіны залічыць у страхавы стаж навучаньне ў Беларускім інстытуце правазнаўства.
- 29 ліпеня Палтаўскі акруговы адміністрацыйны суд узяў да разгляду пазоў мясцовага жыхара з патрабаваньнем уключыць у страхавы стаж працу на адным з прадпрыемстваў Рэчыцы, а потым — у саўгасе «Шлях Леніна». Рашэньне пакуль не ўхвалілі.
- 3 красавіка Сумскі акруговы адміністрацыйны суд абавязаў абласное ўпраўленьне Пэнсійнага фонду ў Кіраваградзкай вобласьці ўключыць у страхавы стаж грамадзяніна Ўкраіны працу на прадпрыемствах у Віцебску.
У суды зьвяртаюцца ўкраінцы, якія працавалі ў розныя часы на прадпрыемстве «Гродна Азот», на Берасьцейскім панчошным камбінаце, у Вайсковай камэндатуры Ўзброеных сіл Беларусі, у прыватных і сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
Ва ўсіх выпадках упраўленьні Пэнсійнага фонду Ўкраіны тлумачылі свае адмовы аб уключэньні працы і навучаньня ў Беларусі выхадам Украіны ў лістападзе 2022 году з дамовы аб гарантыях правоў грамадзян краін СНД у галіне пэнсійнага забесьпячэньня і ў сьнежні 2023-га — з дамовы зь Беларусьсю аб гарантыі правоў грамадзян у галіне пэнсійнага забесьпячэньня.
Суды прызнавалі парушэньне правоў грамадзян і абавязвалі ўпраўленьні Пэнсійнага фонду Ўкраіны ўключыць у страхавы стаж працу і навучаньне ў Беларусі. Апэляцыйныя суды пацьвярджалі гэтыя рашэньні судоў.
Як у Беларусі вырашаюць гэтае пытаньне
У публічнай прасторы адсутнічаюць паведамленьні аб адмове ўключаць у страхавы стаж працу ва Ўкраіне.
У той жа час, як вынікае з аднаго з камэнтароў раённых сацыяльных службаў, апублікаваных у смаргонскай газеце «Сьветлы шлях» адразу пасьля выхаду Ўкраіны з дамовы аб пэнсійным забесьпячэньні, такія выпадкі маюць месца. Але хаця б у Беларусі скасавалі норму аб неабходнасьці падаваць дакумэнт, які пацьвярджае выплату страхавых унёскаў у Пэнсійны фонд Украіны.
«З улікам спыненьня ўзаемадзеяньня з кампэтэнтнымі органамі Ўкраіны запатрабаваць дакумэнты аб аплаце страхавых унёскаў у Пэнсійны фонд Украіны як самімі грамадзянамі, так і органамі па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне з тэрыторыі Ўкраіны не зьяўляецца магчымым. Пытаньне аб залічэньні ў стаж пэрыядаў працы пасьля 1 студзеня 1992 году будуць разглядаць камісіі ў прызначэньні пэнсій, створаныя раённымі (гарадзкімі) выканаўчымі і распарадчымі органам, на падставе запісаў у працоўнай кніжцы і іншых дакумэнтаў (па выніках аналізу (ацэнкі) у кожным канкрэтным выпадку ўсіх дакумэнтаў у сукупнасьці). Падачы дакумэнтаў аб аплаце страхавых унёскаў не патрабуецца», — паведамілі ў Смаргонскім раённым упраўленьні па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне.
Заробкі да 1 студзеня 1992 году на тэрыторыі Ўкраіны ўлічваюцца ў агульным парадку, а пасьля гэтай даты — выключаюцца з пэрыяду, за які вызначаецца заробак.
У Смаргонскім раённым упраўленьні па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне таксама заклікалі ўсіх грамадзян, якім пры прызначэньні пэнсій не ўлічылі працу ва Ўкраіне, паведаміць аб такіх выпадках.
Што папярэднічала
У траўні 2023 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла ініцыяваны ўкраінскім урадам закон аб дэнансацыі дамовы зь Беларусьсю аб пэнсійным забесьпячэньні. Ён набыў юрыдычную моц у лістападзе 2023 году.
Гэты дакумэнт рэгуляваў пытаньне дзяржаўнага пэнсійнага забесьпячэньня грамадзян, якія стала пражывалі або пераехалі на сталае пражываньне ў краіны-падпісанты. У прыватнасьці, гаворка ішла аб налічэньні пэнсій па ўзросьце, па інваліднасьці, за выслугу гадоў і ў выпадку страты карміцеля.
У межах гэтай дамовы, падпісанай у Кіеве 14 сьнежня 1995 году, пэнсійныя фонды дзьвюх краін заключылі галіновую дамову, якая вызначала парадак узаемнага пералічэньня грошай для выплаты пэнсій грамадзянам, якія працавалі ў Беларусі і жывуць ва Ўкраіне, а таксама грамадзянам, якія працавалі ва Ўкраіне і жывуць у Беларусі.
У лістападзе 2023 году ўрад Беларусі спыніў дзеяньне дамовы між Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства сацыяльнай абароны Беларусі і Пэнсійным фондам Украіны аб узаемным пераводзе і выплаце пэнсій.
Украіна пачала выходзіць з пагадненьняў і дамоў зь Беларусьсю пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў. Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
Форум