З 1 кастрычніка ў Беларусі павысяць працоўныя пэнсіі, вынікае з указу Аляксандра Лукашэнкі № 357, пра падпісаньне якога 12 верасьня паведаміла ягоная прэс-служба. Згодна з дакумэнтам, у сярэднім пэнсіі вырастуць на 5%.
Як удакладнілі у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, у кастрычніку павысяць «усе віды працоўных пэнсіяў (па ўзросьце, за выслугу гадоў, па інваліднасьці і з нагоды страты карміцеля)». У пераліку Мінпрацы ня згадваецца яшчэ адзін від працоўных пэнсіяў — «за асаблівыя заслугі перад рэспублікай».
Мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пэнсіі ў кастрычніку павышаць ня будуць. Звычайна іх пераглядаюць раз на квартал (1 лістапада, 1 лютага, 1 траўня і 1 жніўня) — тады ж, калі пераглядаюць бюджэт пражытковага мінімуму, да якога яны прывязаныя. Калі павялічваецца бюджэт пражытковага мінімуму — павышаюць і пэнсіі.
Так, сацыяльныя пэнсіі ў Беларусі апошні раз вырасьлі ў жніўні — з 209,37 да 216,5 рубля. На сацыяльную пэнсію могуць разьлічваць людзі, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту, але не назапасілі дастатковага страхавога стажу.
У Беларусі з 2013 году падвышаюць мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрыманьня працоўнай пэнсіі. У 2013 годзе яго павялічылі з 5 да 10 гадоў, у 2015-м — з 10 да 15 гадоў, а з 2016 году гэты паказчык штогод павялічваюць на шэсьць месяцаў, да 2025 году мінімальны страхавы стаж вырасьце да 20 гадоў. Беларусы, якія па новых правілах ня выпрацавалі гэты стаж, ня могуць прэтэндаваць на працоўную пэнсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную.
Гэта другое павышэньне працоўных пэнсіяў сёлета: папярэдні раз іх падвышалі ў лютым. Паводле разьлікаў Мінпрацы, пасьля прыбаўкі сярэдняя пэнсія па ўзросьце ў Беларусі складзе 852 рублі.
«Памер павелічэньня працоўнай пэнсіі ў кожнага пэнсіянэра будзе залежаць ад працягласьці стажу, велічыні заробкаў, улічаных пры налічэньні яму пэнсіі, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пэнсіі», — удакладняюць у Мінпрацы.
Працоўныя пэнсіі ў Беларусі цяпер атрымліваюць больш за 2,3 мільёна пэнсіянэраў, адзначае ведамства.
Форум