Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася з намесьнікам дзяржсакратара ЗША ў Вільні


Намесьнік дзяржсакратара ЗША Курт Кэмпбэл і Сьвятлана Ціханоўская
Намесьнік дзяржсакратара ЗША Курт Кэмпбэл і Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Куртам Кэмпбэлам падчас ягонага візыту ў Вільню, паведаміла прэс-служба Ціханоўскай 13 верасьня.

Падчас сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Злучаным Штатам за падтрымку і салідарнасьць, паведаміла яе прэсавая служба, а прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Курт Кэмпбэл у сваю чаргу падкрэсьліў, што ЗША працягнуць падтрымліваць беларускі народ і дэмакратычную супольнасьць.

Падчас сустрэчы абмеркавалі:

  • Працяг Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі: дамовіліся працягваць працу ў некалькіх кірунках: палітвязьні, мэдыя, нацыянальная ідэнтычнасьць, абарона правоў чалавека і іншыя, і правесьці наступную вялікую сустрэчу ў найбліжэйшыя месяцы.
  • Прызначэньне спэцпасланьніка ЗША па Беларусі: падчас сустрэчы Ціханоўская падкрэсьліла, што яго прызначэньне «паспрыяе лепшай каардынацыі паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША».
  • Ваенна-палітычную сытуацыю ў Беларусі: выкарыстаньне Расеяй беларускай паветранай прасторы для ваенных апэрацыяў супраць Украіны, пастаўкі рэжымам Лукашэнкі ўзбраеньня для расейскай арміі.
  • Міжнародныя намаганьні ў вызваленьні палітвязьняў: якія яшчэ крокі міжнародная супольнасьць і ЗША могуць зрабіць для вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі і спыненьня рэпрэсіяў. Непрызнаньне «выбараў» 2025 году ў Беларусі: Ціханоўская адзначыла, што выбары «ня будуць празрыстыя, свабодныя і справядлівыя і ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю».
  • Павелічэньне падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя. Ціханоўская прапанавала працягнуць і павялічыць праграмы падтрымкі для незалежных арганізацый і ініцыятываў, а таксама рэпрэсаваных.
  • Працяг санкцыйнага ціску на арганізацыі і фізычных асобаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях у краіне і саўдзельнічаюць у вайне Расеі супраць Украіны.
  • Супольныя захады падчас Генасамбелеі ААН, а таксама ў межах АБСЭ.

«Злучаныя Штаты Амэрыкі — наш ключавы саюзьнік і партнэр. Мы дамовіліся аб’яднаць нашыя намаганьні дзеля вызваленьня палітвязьняў і дэмакратычных пераменаў у нашай краіне», — заявіла Цхіаноўская па выніках сустрэчы.

Падчас сустрэчы
Падчас сустрэчы

Паводле яе, беларускія дэмакратычныя сілы працягнуць Стратэгічны дыялёг з ЗША. Ціханоўская таксама выказала спадзяваньне, што наступную сустрэчу на высокім узроўні атрымаецца правесьці ўжо сёлета.

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG