Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборная Эстоніі ў пляжным футболе адмовілася гуляць зь Беларусьсю ў супэрфінале Эўралігі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнік зборнай Беларусі ў пляжным футболе, 2019
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнік зборнай Беларусі ў пляжным футболе, 2019

Мужчынская зборная Эстоніі ў пляжным футболе пасьля выхаду ў плэй-оф супэрфіналу Эўралігі ў Італіі адмовілася гуляць са зборнай Беларусі, якая стала яе суперніцай у чвэрцьфінале. Беларусь выйшла ў паўфінал з тэхнічнай перамогай, паведамляе сайт эстонскага нацыянальнага радыёвяшчаньня err.ee.

У апошнім групавым матчы Супэрфіналу Эўралігі ў Італіі 12 верасьня мужчынская зборная Эстоніі ў пляжным футболе перамагла зборную Нямеччыны зь лікам 5:4, зарабіўшы месца ў васьмёрцы найлепшых турніру, і атрымала права на выхад у чвэрцьфінал, але адмовілася ад яго.

Эстонія павінна была сустрэцца зь Беларусьсю ў чвэрцьфінале, але эстонская зборная ў пляжным футболе яшчэ раней вырашыла, што ня будзе гуляць са зборнай Беларусі, паколькі сустрэча паміж імі тэарэтычна была магчымая ў папярэдніх турнірах і розыгрышах.

«Калі супернікам будзе Беларусь, мы дамовіліся з камандай, што ня будзем зь ёю гуляць. Выходзім, гучна сьпяваем гімн Эстоніі і пакідаем поле. Мы з камандай на 100% згодныя, што расейскім і беларускім спартоўцам зараз ня месца на спартовых пляцоўках!» — публікуе sport.tv3.ee словы Каспара Котэра, брамніка зборнай Эстоніі.

Пасьля выхаду ў чвэрцьфінал каманда пацьвердзіла сваю пазыцыю.

Такім чынам, Беларусь выйшла ў паўфінал з тэхнічнай перамогай. У паўфінале яна сустрэнецца зь пераможцам матчу Партугалія — Швайцарыя (у чвэрцьфінале гуляюць Гішпанія — Польшча, Італія — Чэхія).

Зборная Эстоніі працягне барацьбу за пятае-восьмае месца.

  • Расейскім і беларускім спартоўцам забаранілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, для якога Беларусь выкарыстоўвалася ў якасьці пляцдарму.
  • У сакавіку 2023 году Міжнародны алімпійскі камітэт выдаў шэраг рэкамэндацый для міжнародных спартыўных фэдэрацый, каб дазволіць спартоўцам зь Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Згодна зь імі, спартоўцы павінны ўдзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе, выступаць безь сьцягоў, эмблемаў і гімнаў сваіх краін. Не дапускаюцца спартоўцы, якія актыўна падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне, і тыя, хто працуе па кантракце з расейскімі/беларускімі вайскоўцамі або органамі нацыянальнай бясьпекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG