Сёлета 14 верасьня ў Менску адзначаюць дзень гораду, 957-я ўгодкі. Гэта сьвята прыпадае на другую суботу верасьня з 2002 году. Падзея не прывязаная да нейкай канкрэтнай гістарычнай даты. 22 гады таму тагачасны кіраўнік Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў вырашыў, што добры час для гэтага сьвята — «пара залатой восені, калі заканчваюцца летнія рамонты вуліц, плошчаў, дамоў, калі вяртаюцца з вакацый школьнікі і студэнты».
Наконт сьвяткаваньня дня народзінаў Менску прапаноўваліся розныя даты: ад бітвы на Нямізе 3 сакавіка да дня вызваленьня сталіцы 3 ліпеня. Адзін з варыянтаў — 15 жніўня — дзень народзінаў легендарнага кіраўніка Менску, рэфарматара, земляўласьніка Караля Яна Аляксандра Гутэн-Чапскага. Свабода прыгадала, што гэты чалавек зрабіў для Менску і што пакінуў па сабе ў спадчыну.
Забясьпечаны прадстаўнік старадаўняга роду
Караль Чапскі — прадстаўнік старадаўняга роду Гутэн-Чапскіх, нарадзіўся ў вёсцы Станькава (Дзяржынскі раён) 15 жніўня 1860 году. Чапскія мелі дзьве вялікія сядзібы: адну ў Станькаве, другую ў Прылуках, толькі прыдатнай для апрацоўкі зямлі ў сям’і было больш за 40 тысяч гектараў. А яшчэ смалакурні, вінакурні, млыны, цагляныя заводы. Караль Чапскі скончыў Дэрпцкі ўнівэрсытэт (Тарту, Эстонія) са ступеньню кандыдата палітэканоміі і статыстыкі. Пасьля служыў у Міністэрстве фінансаў Расейскай імпэрыі.
Калі яму было 30 год, у 1890-м, Караль Чапскі паспрабаваў паўдзельнічаць у выбарах на пасаду гарадзкога галавы Менску — і выйграў іх. Тады Менск быў губэрнскім горадам, у ім жылі каля 100 тысяч чалавек.
Цяпер кіраўніка Менгарвыканкаму прызначае Лукашэнка. У часы Чапскага гарадзкога галаву абіралі на выбарах. Расказвае гісторык Цімох Акудовіч:
«Гэта былі сапраўдныя выбары. Там ня ўсе маглі галасаваць, прысутнічаў цэнз. Але выбары былі, і яго абралі сумленна. Відавочна было, што ён заможны чалавек, і гэта грала ролю. Ён быў каталіком, а тады было такое абмежаваньне, што каталікоў амаль не пускалі на такую пасаду. А ён паказаў сябе руплівым кіраўніком сваёй гаспадаркі», — кажа Цімох Акудовіч.
У канцы XIX стагодзьдзя гарады Расейскай імпэрыі ўжо мелі пэўны ўзровень самакіраваньня, дадае гісторык:
«Была магчымасьць разьвіваць горад самім гараджанам, былі гарадзкія думы — выбарны орган, дзе засядалі заможныя прадстаўнікі гораду».
Мост церазь Сьвіслач і Купалаўскі тэатар
Найперш Караль Чапскі на новай пасадзе скончыў будоўлю цяперашняга Купалаўскага тэатру, якую ніяк не маглі завяршыць празь недахоп сродкаў. У той час ён называўся Менскі гарадзкі тэатар. Папярэдні будынак зьнішчыў пажар у 1887 годзе, а ініцыятыва аднавіць яго зьявілася яшчэ да прыходу на пасаду Чапскага.
У тыя часы жыхарам Менску шмат клопатаў прыносіла неўмацаванае ўзьбярэжжа ракі Сьвіслачы: перашкаджалі паводкі і залевы. Пры Чапскім узьбярэжжа ўмацавалі, каб пазбавіцца гэтай праблемы.
У 1892 годзе ў Менску заснавалі гарадзкое таварыства аматараў спорту, якое таксама ўзначаліў Чапскі. Пачалі праводзіць спаборніцтвы па лёгкай і цяжкой атлетыцы, а таксама па падыманьні гір. Пры новым гарадзкім кіраўніку ў будучай беларускай сталіцы адкрылі лямбард і запусьцілі першую конку — трамвай, які па рэйках цягнулі коні.
Цімох Акудовіч зважае, што ў часы Чапскага Менску было куды разьвівацца, а ён як кіраўнік бачыў добрыя прыклады.
«Чапскі быў чалавекам эўрапейскай адукацыі, ён папаезьдзіў па сьвеце. У яго было ўяўленьне пра сучасны эўрапейскі горад. У канцы XIX стагодзьдзя Менску было куды расьці і было з чым яго параўноўваць. Яркіх прыкладаў хапала», — мяркуе гісторык.
У першы тэрмін Чапскага як кіраўніка Менску пабудавалі мост празь Сьвіслач, тады ён называўся Нізка-Базарны мост. Гэта папярэднік сучаснага моста, які злучае вуліцы Нямігу і Багдановіча. Зь ягонай дапамогай лінію конкі працягнулі да Траецкага рынку і піваварні.
Адмова ад заробку, піваварня і першая менская электрастанцыя
У 1893 годзе Караль Чапскі пераабраўся на другі тэрмін. Праз год ён добраахвотна адмовіўся ад заробку, які прадугледжвала гэтая пасада. Гэта было 30 тысяч рублёў срэбрам штогод (для параўнаньня, за 3 рублі можна было купіць карову). Да таго ж кіраўнік Менску ўкладаў у разьвіцьцё гораду і свае сродкі.
Таксама ў часы Чапскага ўжо можна было карыстацца банкаўскімі грашыма, дадае Цімох Акудовіч.
«Гэты пэрыяд, калі ўжо была банкаўская сыстэма. Былі дзяржаўныя грошы, гарадзкія грошы, былі ягоныя грошы, а таксама крэдыты, якія браліся ў банку. Бывалі і складаныя фінансавыя схемы. Грошы не давалі па нейкай адной схеме, ужо існавалі бізнэс-мадэлі», — кажа гісторык.
У 1894 годзе дзякуючы намаганьням Чапскага ў Менску зьявілася электрастанцыя. Помнік прамысловай архітэктуры XIX стагодзьдзя дастаяў паміж сучаснымі Белдзяржцыркам і плошчай Перамогі да 2011 году. Тады яго зьнесьлі, каб пабудаваць гатэль «Кемпінскі», якія гатэлем у выніку так і ня стаў. Будынак станцыі абяцалі аднавіць, але гэтага не адбылося. У 2016 годзе Міністэрства культуры прызнала, што аднаўленьне немагчымае. А ў 2022 годзе адбудавалі толькі копію часткі фасаду.
Гарадзкое кіраваньне пры Чапскім узяло пад кантроль вываз сьмецьця зь Менску, выкупіла ў прыватнай асобы асэнізацыйны абоз.
Да 1894 году адносіцца і зьяўленьне ў Менску піваварні, што цяпер піўзавод «Аліварыя». Яе пабудавалі на месцы драўлянай піваварні мяшчанкі Рохлі Фрумкінай. Новы завод гатаваў піва па нямецкай рэцэптуры, яго ўключылі ў склад акцыянэрнага таварыства «Багемія». У 1900 годзе завод выкупіла сямейства Лекертаў, яно варыла піва да 1917 году.
Таварыства абароны жанчын у Менску
Зь імем Чапскага зьвязаная і дапамога ў адстойваньні правоў жанчын. У 1901 годзе менскі гарадзкі галава Караль Чапскі заснаваў у горадзе Таварыства абароны жанчын. Гэта была першая ў Беларусі легальная арганізацыя, якая аказвала жанчынам усебаковую дапамогу.
Таварыства займалася асьветай, арганізоўвала лекцыі, давала бясплатныя юрыдычныя кансультацыі, заснавала папулярныя ў Менску курсы жаночай гігіены, ладзіла нядзельныя школкі і нават ясьлі для дзяцей работніц.
Раней, у 1898 годзе, у Менску адкрылі шпітальны пункт для прастытутак. Для гэтага горад выкупіў зямлю ў прыватных асобаў у раёне Юбілейнай плошчы. Для таго часу гэта быў важны крок, падкрэсьлівае Цімох Акудовіч.
«У тыя часы прастытуцыя была як легальны бізнэс. Існавала праблема з абортамі, хваробамі, і Чапскі прычыніўся да таго, каб дзеля гэтага працаваў асобны шпітальны пункт», — кажа Акудовіч.
Таксама пры Чапскім у будучай беларускай сталіцы адкрылі гарадзкую публічную бібліятэку, вучэльню для рамесьнікаў, рамеснае крэдытнае таварыства, радзільны дом. У склад Менску ўвайшлі цяперашнія сталічныя раёны Пятроўшчына і Сеньніца, а вуліцы брукавалі. Пры Чапскім у Менску зьявілася тэлефонная станцыя агульнага карыстаньня. На 1896 год яна абслугоўвала 68 абанэнтаў. Тады карыстацца тэлефонам было нятаннай прыемнасьцю — да паловы сярэдняга заробку на месяц.
На пасадзе гарадзкога галавы Чапскі прабыў тры тэрміны, агулам узначальваў Менск больш за 10 гадоў. Яшчэ да сыходу з пасады граф Чапскі захварэў на сухоты, распаўсюджаную тады хваробу, і памёр ад яе ў 1904-м, калі яму было ўсяго 44 гады.
Чапскі пахаваны на радзіме, у родавай крыпце ў Станькаве.
Пры кіраваньні Чапскага Менск зьмяніў свой выгляд у лепшы бок, пачаў выглядаць чысьцейшым і стаў больш камфортным для жыцьця, кажа Цімох Акудовіч.
«Горад вельмі моцна памяняў зьнешні выгляд: брук, вада, асьвятленьне цэнтральных вуліц, вырашаная праблема з вывазам сьмецьця. Розным слаям насельніцтва стала камфортна жыць», — мяркуе гісторык.
Спадчына Чапскага
З ацалелых на сёньня будынкаў эпохі Чапскага ў Менску засталіся перабудаваны Купалаўскі тэатар, завод «Аліварыя». А да нядаўняга часу і Чэрвеньскі рынак. У часы Чапскага ён называўся Ігуменскі, пазьней рынак перанесьлі бліжэй да Лошыцкага парку, а на месцы колішняга Ігуменскага рынку адкрыўся гандлёвы цэнтар «Чэрвеньскі». Застаўся яшчэ палац Чапскіх у Прылуках, а ў колішняй сядзібе ў Станькаве — рэшткі асобных збудаваньняў: гаспадарчыя пабудовы і так званая «Скарбніца».
У другой палове ХІХ стагодзьдзя на загад Эмэрыка Чапскага ў Станькаве збудавалі сядзібны дом у рамантычным стылі з элемэнтамі сярэднявечнай архітэктуры. Пасьля партызанскай спэцапэрацыі ад яго не засталося і знаку. Арыгінальны выгляд захаваўся толькі на старых фатаздымках і на замалёўках, зробленых Напалеонам Ордам.
У Менску няма вуліцы Чапскага, ёсьць толькі памятная шыльда, якую адкрылі ў 2014 годзе на вуліцы Кісялёва, на адным з будынкаў заводу «Аліварыя». Па-за Менскам у гонар Чапскага названыя дзьве вуліцы — у аграгарадку Прылукі і ў Фаніпалі.
Форум