Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарачная памяць: як партызан Казей вымусіў капітуляваць графа Чапскага


Справа ад помніка Казею – пагорак, пад якім ляжаць Чапскія
Справа ад помніка Казею – пагорак, пад якім ляжаць Чапскія

15 жніўня магло стаць знакавым у гісторыі Менску — у гэты дзень у 1860 годзе нарадзіўся Караль Ян Аляксандар Чапскі, самы праэўрапейскі і крэатыўны з усіх ранейшых і пазьнейшых гораданачальнікаў.

Але сёньня гэтую дату калі чым і лічыць, дык прыкладам бяспамяцтва — Чапскі разам зь іншымі прадстаўнікамі свайго славутага роду ляжыць у безыменнай магіле на ўскрайку зруйнаванага маёнтку ў Станькаве, за 40 кілямэтраў ад беларускай сталіцы.

Станькава нескладана адшукаць на мапе, але ня так проста зарыентавацца на мясцовасьці. Ад трасы М1 дарога сама выведзе да навабуду аднайменнага Цэнтру экалягічнага турызму, які фінансуе агракамбінат «Дзяржынскі». У сярэдзіне 2000-х «зрэз гісторыі Дзяржыншчыны 1930-1940 гадоў» праз забаўляльную форму прасоўваў тагачасны дырэктар прадпрыемства Сямён Шапіра (цяперашні адказны за хакей у краіне). У выніку ідэя спрацавала і сродкі на будаўніцтва былі выдаткаваныя прэзыдэнцкім указам.

Паказальнік на мілітарызаваны Цэнтар экатурызму
Паказальнік на мілітарызаваны Цэнтар экатурызму
Яшчэ адзін клон «Лініі Сталіна»
Яшчэ адзін клон «Лініі Сталіна»

Агароджаная тэрыторыя аб’яднала самыя разнажанравыя «атракцыёны» — «Партызанскі лягер» і «Менскі ўмацавальны раён», заасад і рэзыдэнцыю Дзеда Мароза. І ніякай згадкі пра прадстаўнікоў роду Чапскіх.

Праз адсутнасьць паказальнікаў да графскіх руінаў застаецца набрацца цярпеньня і спадзявацца на памяць мясцовых старажылаў — налева перад фэрмай, паўз аграгарадок і да самага тупіку старадаўняга парку.

Руплівыя гаспадары са старадаўняга роду

Станькава згадваецца ў гаспадарчых інвэнтарах яшчэ канца XV стагодзьдзя. Належала князям Дарагастайскім, перайшло да Радзівілаў, у XVIII стагодзьдзі, у выніку шлюбных «абменаў», адышло старажытнаму роду Гутэн-Чапскіх.

Рэшткі сядзібнай забудовы ў Станькаве
Рэшткі сядзібнай забудовы ў Станькаве
Рэшткі сядзібнай забудовы ў Станькаве
Рэшткі сядзібнай забудовы ў Станькаве

Чапскія мелі дзьве вялікія сядзібы, ня лічачы зямельных надзелаў і дробнай уласнасьці. Толькі прыдатнай для апрацоўкі зямлі было больш за 40 тысяч гектараў, плюс лес, смалакурні, вінакурні, млыны, цагляныя заводы і г. д.

Галоўны маёнтак — у Станькаве, дадаткам — сядзіба ў Прылуках пад Менскам. Калі галава сям’і Эмэрык Чапскі ў канцы ХІХ стагодзьдзя зьехаў у Эўропу, Станькава пакінуў старэйшаму сыну Каралю, Прылукі ж перайшлі малодшаму Ежы. Адрозна ад Станькава, кінутага на самавыжываньне, у Прылуках разьмясьціўся Інстытут расьлінагадоўлі Акадэміі навук, што ўратавала палац ад зьнішчэньня.

Кожны зь пералічаных мужоў варты асобнай згадкі. Эмэрык Чапскі пасьля заканчэньня Віленскай гімназіі вучыўся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Бэрліне, працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў Расейскай імпэрыі, займаў пасады наўгародзкага губэрнатара і пецярбурскага віцэ-губэрнатара, быў дырэктарам ляснога дэпартамэнту Міністэрства дзяржаўнай маёмасьці. Падчас сялянскай рэформы 1861 году выбраны міравым пасярэднікам Менскага павету.

Палац Чапскіх у Прылуках
Палац Чапскіх у Прылуках
Выява радавога герба на інфармацыйным стэндзе
Выява радавога герба на інфармацыйным стэндзе

З прычыны асабістага канфлікту з імпэратарам Аляксандрам ІІ пакінуў дзяржаўную службу і асеў у Станькаве, дзе прысьвяціў вольны час любімай справе — калекцыянаваньню. Станькаўская экспазыцыя Чапскага, якая ахоплівала рарытэты ад манэтаў да карцінаў, вандравала па ўсіх славутых музэях Эўропы — Бэрлін, Дрэздэн, Лёндан, Луўр, Кракаў і г. д.

Ежы Чапскі быў малодшым сынам у сям’і. Скончыў нямецкую гімназію імя Сьвятой Ганны ў Санкт-Пецярбургу і атрымаў навуковую ступень доктара права ў імпэратарскім Дэрпцкім унівэрсытэце. Шматгадовы кіраўнік 1-га Менскага таварыства дабрачыннасьці, якое ўтрымлівала за свой кошт шпіталь і прытулак для старых людзей, штогод раздаючы жабракам 30 тысячаў абедаў.

Гаспадарчыя пабудовы ў Прылуках
Гаспадарчыя пабудовы ў Прылуках
Уваходная брама ў прылуцкую сядзібу
Уваходная брама ў прылуцкую сядзібу

Прызначаўся ганаровым міравым судзьдзём Менскай акругі, намесьнікам старшыні менскага Таварыства правільнага паляваньня. У 1905 годзе ўвайшоў у склад грамадзкага камітэту ў будаўніцтве касьцёла Сьвятых Сымона і Алены. Апошні маршалак шляхты Менскай губэрні. Разам з братам уступіў у Менскае таварыства сельскай гаспадаркі, пасьля сьмерці Караля быў выбраны ў Раду. Як і бацька, зьбіральнік рэліквій. Меў сямёра дзяцей.

Але найглыбейшы сьлед у гісторыі Беларусі пакінуў Караль Ян Чапскі, выпускнік Дэрпцкага ўнівэрсытэту са ступеньню кандыдата палітэканоміі і статыстыкі. Працаваў у Міністэрстве фінансаў Расейскай імпэрыі. У 1890-м, маючы 30 гадоў, вылучыў сваю кандыдатуру на кіраўніка гарадзкой управы Менска і потым яшчэ тройчы перавыбіраўся на пасаду.

Графская «пячатка» на мосьце ў Станькаве
Графская «пячатка» на мосьце ў Станькаве
Напамін пра ХІХ стагодзьдзе
Напамін пра ХІХ стагодзьдзе

Ня маючы неабходнасьці думаць пра грошы, працаваў у сваё задавальненьне. Пачынаючы з другога тэрміну (г. зн. 8 гадоў з агульных 11) адмовіўся ад дзяржаўнага заробку, які складаў 30 тысяч рублёў срэбрам штогод (для параўнаньня, за 3 рублі можна было купіць карову). Мала таго, укладаў у разьвіцьцё ўласныя сродкі (паводле наяўнай інфармацыі, усяго інвэставаў 350 тысяч срэбрам). Атрымаўшы карт-блянш на экспэрымэнты, пачаў надаваць заштатнаму гораду эўрапейскі лоск.

Пры Чапскім шмат што ў Менску здарылася ўпершыню. Пералік вялізны, таму толькі самае асноўнае: гарадзкі тэатар, электрастанцыя, трамвай-конка, велятрэк. Цягам яго кадэнцыі запрацавалі вучэльні і жаночая гімназія, публічная бібліятэка, гарадзкія лазьні, дабрачынныя сталоўкі, мэдычныя ўстановы, лямбард. Зьявіліся брукаваныя дарогі і ходнікі, засьвяцілі ліхтары на вуліцах, а тэлефонная сувязь зьявілася нават раней, чым у Пецярбургу. На поўную магутнасьць запрацаваў мадэрнізаваны бровар «Багемія».

Барэльеф у гонар Караля Чапскага на сьцяне «Аліварыі»
Барэльеф у гонар Караля Чапскага на сьцяне «Аліварыі»

Нягледзячы на магчымасьць жыць у Менску, цягам 11 гадоў Караль Ян Чапскі штодня паўтараў конны шлях адлегласьцю больш чым у 80 кілямэтраў — са Станькава на працу і тым жа маршрутам назад, часьцяком ужо глыбокай ноччу.

Нічыйная адказнасьць босых і голых

Сёньня пра былую раскошу станькаўскага маёнтку нагадваюць толькі рэшткі асобных збудаваньняў. Кульмінацыяй бяспамяцтва — парослы бярозамі бугор, пад якім ляжаць прадстаўнікі шляхетнага роду, уключна з самім Каралем Янам. Родавую крыпту з капліцай у 1960-х зьнішчылі на загад ідэолягаў. Пашчасьціла, што не зраўнавалі бульдозэрам, таму засталіся хоць якія сьляды.

«Пагорак» Чапскіх з фрагмэнтамі пахавальнай крыпты
«Пагорак» Чапскіх з фрагмэнтамі пахавальнай крыпты

З тыльнага боку пра пахаваньне нічога не нагадвае
З тыльнага боку пра пахаваньне нічога не нагадвае

Парадаксальна, але літаральна за некалькі мэтраў побач — дагледжаны мэмарыяльчык Марата Казея, 15-гадовага партызана. Мяркуючы па ўсім, у часе апошняй вайны ён таксама прыклаў руку да падрыву дома «ненавісных эксплюататараў», у якім адзначаць новы 1943 год сабраліся нямецкія афіцэры. Казей таксама станькаўскі, ягоны гераізм адзначаны тут паўсюль.

У сувязі з гэтым ходзіць гісторыя, як Караль Чапскі выратаваў жыцьцё будучай бабулі Марата. Яе конь нечага спужаўся і кінуўся ў галоп. Тым часам ногі жанчыны засталіся ў вупражы і ў некалькіх месцах паламаліся. Лекары гаварылі пра ампутацыю, але граф настояў на лячэньні, якое і аплаціў. Косьці ў выніку зрасьліся, кабета кульгала, але засталася на нагах. Зрэшты, пра высакароднасьць Чапскага маглі б расказаць і многія іншыя.

Тэрыторыя ўшанаваньня Марата Казея
Тэрыторыя ўшанаваньня Марата Казея
Тэрыторыя ўшанаваньня Марата Казея
Тэрыторыя ўшанаваньня Марата Казея

Архітэктар Менскай эпархіі Алег Масьліеў, які вырас у вайсковым гарадку Станькава і вучыўся ў школе імя Марата Казея, цяпер прызначаны навуковым кіраўніком праекту аднаўленьня і рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамблю. Некалькі гадоў таму распрацаваў праект капліцы на месцы калектыўнага пахаваньня Чапскіх. Аднак далей справа так і ня зрушылася — няма палітычнай волі ўладаў.

Праект капліцы Алега Масьліева
Праект капліцы Алега Масьліева

Высілкамі віцэ-старшыні Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Івана Гардзіеўскага, які таксама ўзначальвае Мясцовы гісторыка-культурны фонд «Ляліва» (назва герба фон Гутэн-Чапскіх) летась на месцы разбуранай крыпты быў пастаўлены крыж. На прымацаванай шыльдзе пералічаныя ўсе, чый спакой патрывожылі камуністы.

Крыж ад фонду «Ляліва»
Крыж ад фонду «Ляліва»
Шыльда зь пералікам памерлых
Шыльда зь пералікам памерлых

«Пакуль зрухаў ніякіх, — наракае Іван Гардзіеўскі. — Асобныя аб’екты — сьвіран, кароўнік — узятыя прыватнікам у арэнду. Ня буду казаць пра мэтады „кансэрвацыі“, але самая важная пабудова — „Скарбніца“ — як стаяла, так і стаіць, ні грама не мяняецца. Спрабуем сабраць сродкі ды, на жаль, адсутнічае камунікацыя з раёнам.

Таму асноўныя высілкі пакуль скіраваныя на Прылукі, дзе сытуацыя іншая: ствараем нармальную структуру, знайшлі кансэнсус зь мясцовымі уладамі. Дзяржынскія чыноўнікі на нас не рэагуюць. Адпісваюцца, каб выконвалі нейкія пастановы, і ўсё, няма жаданьня супрацоўнічаць. Зьбіраемся з кіраўніцтвам Беларускага фонду культуры на прыём да Шорца (старшыня Менгарвыканкаму. — РС), будзем гаварыць і пра капліцу. Праект Масьліевым зроблены, трэба яго рэалізоўваць. Бо бедны граф як ляжаў пад бугром, так і ляжыць. Добра, што хоць крыж паставілі...».

Сталярны цэх у кароўніку
Сталярны цэх у кароўніку
Асучасьнены сьвіран
Асучасьнены сьвіран

Апошнім часам на тэрыторыі былога маёнтку, ушчыльненага за саветамі, назіраецца невялікая актыўнасьць. Умацаваныя сьвіран і кароўнік, у апошнім працуе сталярны цэх. Але, недарэчна «падмарафечаныя» сучаснымі вокнамі і мэталёвай дахоўкай, аўтэнтычныя пабудовы цяпер самі выглядаюць як іншародныя аб’екты.

Сярэднявечча ў антуражы рабкрыну

У другой палове ХІХ стагодзьдзя на загад Эмэрыка Чапскага ў Станькаве быў збудаваны сядзібны дом у рамантычным стылі з элемэнтамі сярэднявечнай архітэктуры. Пасьля партызанскай спэцапэрацыі ад яго не засталося і сьледу^; арыгінальны выгляд захаваўся толькі на старых фотаздымках і замалёўках, зробленых вядомым хранікёрам дойлідзтва Напалеонам Ордам.

Станькаўскі палац на малюнку Напалеона Орды
Станькаўскі палац на малюнку Напалеона Орды

Пасьля ўсталяваньня савецкай улады жыхары Станькава і ваколіцаў пачалі секчы лес Чапскіх, а неўзабаве ў шляхетнай сядзібе атабарыўся ваенкамат. У 1920-х тут запрацавала школа 2-й ступені.

На пачатку 1930-х у натуральных дэкарацыях яшчэ пасьпелі зьняць мастацкі фільм «Дуброўскі» — хоць ужо тады трэба было здымаць кіно пра саміх Чапскіх. Але паступова некалі дагледжаная тэрыторыя пачала прыходзіць у заняпад.

Закінуты дом чэлядзі
Закінуты дом чэлядзі

Навабуд у графскім маёнтку
Навабуд у графскім маёнтку

У пазьнейшыя часы на месцы зруйнаванага графскага дома зьявіўся новы будынак школы-інтэрнату. Адзін з жылых дамоў, першапачаткова прызначаны для слуг, заняў вучэбны пункт Дзяржынскага раённага аб’яднаньня сельгастэхнікі.

У разгар «халоднай вайны» прывідам Чапскіх падсялілі новых суседзяў — афіцэраў вайсковага гарадка, закладзенага акурат насупраць сядзібы. Першае, што тыя ўчынілі, — падарвалі Сьвята-Мікалаеўскую царкву на супрацьлеглым беразе рукатворнага возера. Яе на ўласныя сродкі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя фундаваў Эмэрык Чапскі. Толькі ў 2007 годзе пад кіраўніцтвам Алега Масьліева храм пачалі аднаўляць.

«Скарбніца», былы станькаўскі дыямент
«Скарбніца», былы станькаўскі дыямент
Безгаспадарнае сховішча паступова рассыпаецца
Безгаспадарнае сховішча паступова рассыпаецца

Пасьля таго, як Чапскі-старэйшы зьехаў у Кракаў і захапіў з сабой самыя каштоўныя экспанаты эўрапейскай культуры, значная частка артэфактаў засталася ў адмыслова збудаванай «Скарбніцы». Усё было зьнішчана пры саветах — што не расьцягнулі, тое спалілі. А вось у Кракаве калекцыя Чапскага паслужыла асновай для Нацыянальнага музэю.

Закінутая «Скарбніца» ўражвае і сёньня, можна толькі ўявіць, зь якім прыдыханьнем на яе глядзелі сучасьнікі. У двухпавярховым павільёне з круглымі вежамі і ажурным бальконам некалі месьцілася багатая бібліятэка, нумізматычная і мэдальная калекцыі, мастацкія зборы.

У сямейным музэі былі сабраныя рэдкія манэты — ад дынараў да залатых дукатаў, усяго пад 30 тысяч найменьняў. Ордэнаў і мэдалёў больш за 10 тысяч. Малюнкі, гравюры, карціны зь відамі беларускіх гарадоў, партрэтамі магнатаў з роду Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Тышкевічаў. Паводле апісаньня 1901 году, на паўсотні мастацкіх палотнах увекавечаны Тадэвуш Касьцюшка, на дзясятках — Адам Міцкевіч і знаныя асобы свайго часу.

Від на «Скарбніцу» з праезнай часткі
Від на «Скарбніцу» з праезнай часткі
Аснова воданапорнай вежы
Аснова воданапорнай вежы

Гэта было сховішча для 20 тысяч тамоў унікальных выданьняў беларускіх друкарняў і рукапісаў на пэргамэнце. Тут жа разьмяшчалася калекцыя зброі, старажытных абразоў, масонскіх знакаў, фарфору, слуцкія паясы, залатыя, бронзавыя, жалезныя рэчы, знойдзеныя падчас дасьледаваньня курганоў у навакольлі Станькава. Геалягічныя і мінэралягічныя зборы «Скарбніцы» па тым часе лічыліся самымі каштоўнымі ў Эўропе.

Мадэрнізацыя аўтэнтыкі пад «даўніну»

«Скарбніца» нядрэнна захавалася, і яе аднаўленьне ня ёсьць нечым звышнатуральным. Зь сядзібных пабудоваў таксама захаваўся жылы дом, альтанка, кухонны флігель, аснова воданапорнай вежы, сьвіран, кароўнік і ўязная брама з усходняга боку парку.

Велічныя рэшткі ўсходняй брамы
Велічныя рэшткі ўсходняй брамы
Сьцены служаць палігонам для графітыстаў
Сьцены служаць палігонам для графітыстаў

Брамаў ад пачатку было некалькі; мяркуючы па ўсім, з выхадам на чатыры бакі сьвету. Ацалела толькі адна, з адтулінамі ад «выгрызенага» радавога гербу. Кажуць, што ў вартоўні да пачатку 1960-х жыла жанчына. Але калі на запрудзе прарвала плаціну і вада затапіла калгаснае поле, для ліквідацыі прабоіны зьнесьлі дзьве брамы, агароджу, капліцу і рэшткі царквы.

Стары дуб, равесьнік Чапскага
Стары дуб, равесьнік Чапскага

Колішні пэйзажны парк даўно зьдзічэў. У свой час на яго 15 гектарах былі аранжарэі, цяпліцы, гадавальнікі. Гаспадароў цешылі паўтысячы відаў дрэваў і кустоў — піхты, туі, каштаны, веймутавыя сосны, белыя таполі, чорны арэх. Адзін з дубоў стаіць дагэтуль, хоць і ў дэфармаваным выглядзе.

З паўднёвага боку тэрыторыю абмывала штучнае возера — запруда рэчкі Рапусы. Паўтара стагодзьдзя таму на насыпанай для рэляксу «Выспе радасьці» была ўзьведзеная альтанка-ратонда, зь якой як на далоні праглядалася Сьвята-Мікалаеўская царква. У 2015-м, да 155-гадовага юбілею Караля Чапскага, бровар «Аліварыя» адрэстаўраваў альтанку, паставіў масток і вывеў невялічкі пірс. Ганаровым госьцем цырымоніі быў Эдуарда Аранда Гадлеўскі — праўнук Караля Чапскага зь Лёндану.

Адрамантаваная альтанка
Адрамантаваная альтанка
Адноўленая Сьвята-Мікалаеўская царква
Адноўленая Сьвята-Мікалаеўская царква

Аднак новыя матэрыялы яўна не спраўляюцца з кліматычнай нагрузкай і альтанка хутка «старэе». Праўда, мяркуючы па колькасьці пустых бутэлек навокал, гэта не замінае аматарам адпачынку на прыродзе.

Кароткая памяць менчукоў

У Менску, які ў неаплатным даўгу перад сваім гораданачальнікам Каралем Янам Чапскім, няма пра яго практычна ніякай згадкі — за выключэньнем барэльефу, які два гады таму зьявіўся на сьцяне бровару, дзе працуе музэй гісторыі прадпрыемства. Спробы кіраўніка фонду «Ляліва» Івана Гардзіеўскага дастукацца да гарадзкіх уладаў, каб паставіць помнік і назваць у гонар Чапскага вуліцу, пакуль бясплённыя:

Эскізная прапанова бюста Чапскага
Эскізная прапанова бюста Чапскага

Эскізная прапанова бюста Чапскага (спампаваць у PDF)

«Спрабуем знайсьці варыянты ня толькі наконт капліцы ў Станькаве, а і наконт бюста ў Менску. Акадэмія мастацтваў на просьбу нашага фонду дазволіла скарыстацца дыплёмнай працай сваёй студэнткі, якая вырабіла з гліны макет бюста Чапскага ў натуральную велічыню. Скульптары ўжо ацанілі, сказалі, што нядрэнна. Далей справа за вышэйшымі інстанцыямі. Бо раней, калі мы пісалі на горад лісты з просьбай устанавіць бюст, яны адказвалі: дайце эскізнае рашэньне плюс крыніцы фінансаваньня.

Дайшлі зьвесткі, што нядаўна засядала камісія гарвыканкаму па помніках манумэнтальнага мастацтва. Вырашана да 15 верасьня ўнесьці прапановы наконт помніка Чапскаму, месца і г. д. Адпаведна, мы таксама рыхтуем свой варыянт. Наш адрас — вуліца Леніна, дзе стаяла гарадзкая ўправа. Апроч таго, прапануем зрабіць сквэр імя Чапскага і перайменаваць вуліцу Кірава ад вакзалу да Сьвярдлова, якая на пачатку ХХ стагодзьдзя насіла ягонае імя».

Масток на «Выспу радасьці»
Масток на «Выспу радасьці»
Ускраіна парку ў Станькаве
Ускраіна парку ў Станькаве

Караль Ян Чапскі быў жанаты зь Леанцінай Пуслоўскай, прадстаўніцай вядомага шляхетнага роду. У іх былі два сыны і тры дачкі. Пасьля сьмерці Чапскага ад сухотаў сям’я жыла ў Станькаве, а ў 1920-м выехалі ў Польшчу і затым у Італію. Зь цягам часу нашчадкі разьехаліся па ўсім сьвеце — Вялікая Брытанія, Гішпанія, Вэнэсуэла, Бэльгія, Фінляндыя.

На пачатку 1960-х удава Караля Чапскага прапанавала ўраду БССР перадаць асабісты архіў былога мэра Менску. Аднак партыйнае кіраўніцтва адмовіла, даючы зразумець, што дарэвалюцыйныя падзеі савецкую ўладу не цікавяць. І гэта ў дачыненьні да чалавека, які больш за 10 гадоў цалкам аддаваў сябе гораду і ягоным жыхарам. А тыя выкрасьлілі свайго шляхетнага мэра з калектыўнай памяці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG