Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі адрэагаваў на перамяшчэньне войскаў у Беларусі і наступ расейцаў у Курскай вобласьці

абноўлена

Уладзімір Зяленскі ў часе прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту «Крымская плятформа» 11 верасьня 2024 году
Уладзімір Зяленскі ў часе прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту «Крымская плятформа» 11 верасьня 2024 году

«Наконт Беларусі. Канцэнтрацыю бачылі. Бачылі даўно. Кантралюем гэты працэс», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сілы кантралююць сытуацыю зь перамяшчэньнем войскаў і тэхнікі на тэрыторыі Беларусі.

«Наконт Беларусі. Канцэнтрацыю бачылі. Бачылі даўно. Кантралюем гэты працэс», — заявіў Уладзімір Зяленскі на супольнай прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, адказваючы на пытаньне, ці ня бачыць ён дадатковай пагрозы зь Беларусі.

Украінскі прэзыдэнт заявіў, што контранаступальныя дзеяньні расейскіх сіл у Курскай вобласьці адбываюцца «паводле ўкраінскага пляну».

«Расейцы пачалі контранаступальныя дзеяньні. Усё ідзе, але ідзе паводле нашага, украінскага пляну», — падкрэсьліў кіраўнік Украіны.

Гітанас Наўседа, у сваю чаргу, дадаў, што Беларусь пасьля выбараў у 2020 годзе не зьяўляецца «самастойнай дзяржавай».

«Мы ведаем, што павялічваецца напружанасьць і каля заходняй мяжы Беларусі. У нас вялікая мяжа зь Беларусьсю, таму мы назіраем гэтую сытуацыю. Таксама яны арганізавана накіроўваюць мігрантаў на нашу тэрыторыю, намагаючыся дэстабілізаваць сытуацыю», — сказаў прэзыдэнт Літвы.

Гітанас Наўседа падкрэсьліў, што краіны Балтыі і Польшчы глядзяць на Беларусь без ілюзій, бо яна «зьяўляецца яшчэ адной крыніцай рызыкі».

11 верасьня ў Расеі і ва Ўкраіне заявілі пра контранаступ расейскіх войскаў на пазыцыі ўкраінскіх сіл у Курскай вобласьці. Перад тым расейскі міністар абароны правёў чарговую нараду пра сытуацыю ў памежжы з Украінай.

Паведамлялася, што расейскія войскі выціснулі ўкраінцаў зь як мінімум пяці населеных пунктаў Курскай вобласьці.

11 верасьня ў Берасьцейскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Украінай, пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Беларусі Івана Кубракова адбыліся інструктарска-мэтадычныя заняткі «Столін-2024» для папярэджаньня «дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў».

Перад іх пачаткам міністар правёў інструктаж, на якім прысутнічала ўся сілавая вэртыкаль памежных з Украінай раёнаў.

Іван Кубракоў заявіў, што вучэньні «Столін-2024» для падразьдзелаў МУС арганізавалі на выпадак падзей, аналягічных прарыву ўкраінскімі сіламі расейскай мяжы ў Курскай вобласьці.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG