Украінскі аналітычны праект DeepState паведаміў аб актыўных штурмавых дзеяньнях расейскіх войскаў у Коранеўскім раёне Курскай вобласьці. Паводле аналітыкаў, украінскія сілы ўжо выйшлі з Коранева. Цяпер інтэнсіўныя баі адбываюцца за паселішча Снагасьць.
Адзначаецца, што Расея змагла перакінуць дадатковыя сілы цераз раку Сейм — у пачатку баявых дзеяньняў украінцы зьнішчылі некалькі мастоў і пантонных перапраў цераз гэтую раку.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны пакуль не камэнтуюць сытуацыі ў Курскай вобласьці.
Праўладныя расейскія каналы пацьвердзілі, што цераз раку Сейм змаглі перакінуць ня толькі асабовы склад, але і цяжкую тэхніку. Сьцьвярджаюць, што за апошнія 12 гадзін расейскія войскі выціснулі ўкраінцаў зь як мінімум пяці населеных пунктаў Курскай вобласьці.
Напярэдадні міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў правёў пасяджэньне каардынацыйнага савету ў пытаньнях ваеннай бясьпекі памежных тэрыторый Белгарадзкай, Бранскай і Курскай абласьцей.
З удзелам цывільных кіраўнікоў гэтых рэгіёнаў абмеркавалі патрэбы ў матэрыяльна-тэхнічным, мэдычным, інжынэрным і транспартным забесьпячэньні памежных тэрыторый, а таксама вайсковых груповак неабходным узбраеньнем і вайсковай тэхнікай.
Раніцай 11 верасьня ў Міністэрстве абароны Расеі паведамілі аб выкананьні 45 запытаў ад апэратыўнага штабу Курскай вобласьці, але не ўдакладнілі, якую дапамогу перадалі.
У Белгарадзкую вобласьць перадалі дадатковыя комплексы выведкі і сродкі супрацьдзеяньня дронам, а ў Бранскую — дадатковае тэлекамунікацыйнае абсталяваньне.
Як сытуацыю ацэньваюць экспэрты
У той жа час аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), якія адсочваюць сытуацыю па адкрытых крыніцах, сьцьвярджаюць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на паўднёвы захад і на ўсход ад Коранева.
Паводле іх, украінскія сілы дзейнічаюць у сяле Рускае Парэчнае, што на паўночны ўсход ад Суджы.
У ISW знайшлі пацьвярджэньне, што Расея перакінула на гэты кірунак 61-ю брыгаду марской пяхоты, якая яшчэ ў канцы жніўня ваявала ва Ўкраіне на тэрыторыі Херсонскай вобласьці.
- Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
- Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, на 22 жніўня ўкраінскія сілы ўзялі пад кантроль 93 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Паводле Зяленскага, адна з мэтаў украінскіх войскаў — стварэньне «буфэрнай зоны» на расейскай тэрыторыі.
- Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
Форум