У жніўні цэны ў сфэры будаўніцтва ў Беларусі вырасьлі на 1,1%, за 8 месяцаў 2024 году — на 8,4%, сьведчаць зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.
У прыватнасьці, будаўніча-мантажныя работы за жнівень падаражэлі на 2,2%, за восем месяцаў 2024 году — на 11,9%, машыны і абсталяваньне — за жнівень патаньнелі на 0,2%, за восем месяцаў — падаражэлі на 1,6%, іншыя работы і выдаткі за жнівень падаражэлі на 1,5%, за 8 месяцаў — на 14,4% адпаведна.
Цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю ў жніўні вырасьлі ў Беларусі на 0,6%, за 8 месяцаў 2024 году — на 4% (у жывёлагадоўлі рост на 0,7% і 4,4% адпаведна; у расьлінаводзтве цэны зьнізілся на 1,6% і 3,3% адпаведна).
Прамысловая прадукцыя ў жніўні вырасла ў цане на 0,2%, за 8 месяцаў — на 5,8% (спажывецкія тавары — на 1,6% і 3,8%).
Тарыфы на грузаперавозкі ў Беларусі за жнівень вырасьлі на 0,4%, з пачатку году — на 6,8%.
Кошт паслуг сувязі для юрыдычных асобаў і ІП павялічыўся на 1% і 1,6% адпаведна.
- Паводле зьвестак Белстату, у жніўні спажывецкія цэны ў Беларусі зьнізіліся на 0,1%: харчовыя тавары патаньнелі на 0,3%, нехарчовыя падаражэлі на 0,1%, паслугі — на 0,2%.
- Ад пачатку 2024 году адбыўся рост на 3,4%: на харчовую прадукцыю цэны павялічыліся на 3,2%, нехарчовую — на 2,8%, паслугі — на 4,3%.
- 28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сыстэмы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўрад «зрабіў пэўныя захады, каб узяць пад кантроль сыстэму цэнаўтварэньня», і сёньня «ў нейкай ступені» стрымліваць рост цэнаў атрымліваецца.
- На думку дасьледчага цэнтру BEROC, пры захаваньні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія цэны ў Беларусі вырастуць на 5–7% па выніках 2024 году. Назапашаны інфляцыйны «навес» будзе паступова прасочвацца ў фактычныя цэны, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6–9%.
- Згодна з найважнейшымі прагнознымі парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.
- Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн у Беларусі па выніках 2024 году складзе 6%, Эўразійскі банк разьвіцьця — 8%, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — 5,8%.
Форум