У ліпені рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы павялічыліся ў гадавым вымярэньні на 7,6%, у чэрвені — на 8,4%, паведамляе «Позірк» са спасылкай на новы агляд інфляцыйных працэсаў Нацбанку.
Базавая інфляцыя (якая ня ўлічвае сэзонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта мяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай пэрспэктыве або рэгулююцца дзяржавай) у жніўні склала 4,8%, у ліпені (як і ў чэрвені) — 4,7%.
Паводле зьвестак Белстату, у гадавым вымярэньні агулам цэны ў Беларусі вырасьлі на 6%: на харчовыя тавары — на 7,3%, нехарчовыя — на 4,4%, паслугі — на 6%.
- У жніўні спажывецкія цэны ў Беларусі зьнізіліся на 0,1%: харчовыя тавары патаньнелі на 0,3%, нехарчовыя падаражэлі на 0,1%, паслугі — на 0,2%.
- Ад пачатку 2024 году адбыўся рост на 3,4%: на харчовую прадукцыю цэны павялічыліся на 3,2%, нехарчовую — на 2,8%, паслугі — на 4,3%.
- 28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сыстэмы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўрад «зрабіў пэўныя захады, каб узяць пад кантроль сыстэму цэнаўтварэньня» і сёньня «ў нейкай ступені» стрымліваць рост цэнаў атрымліваецца. Паводле яго, ад практыкі дзяржаўнага рэгуляваньня цэнаў у Беларусі «не адступяць», наадварот, сыстэма кантролю за цэнаўтварэньнем «будзе толькі ўзмацняцца».
- На думку дасьледчага цэнтру BEROC, пры захаваньні татальнага цэнавага кантролю спажывецкія цэны ў Беларусі вырастуць на 5–7% па выніках 2024 году. Назапашаны інфляцыйны «навес» будзе паступова прасочвацца ў фактычныя цэны, і ў 2025 годзе інфляцыя можа паскорыцца да 6–9%.
- Згодна з найважнейшымі прагнознымі парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.
- Міжнародны валютны фонд прагназуе, што рост цэн у Беларусі па выніках 2024 году складзе 6%, Эўразійскі банк разьвіцьця — 8%, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — 5,8%.
Форум