З 12 верасьня набываюць моц чарговыя абмежаваньні, якія на Расею і Беларусь наклала Бюро прамысловасьці і бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША. Пад забарону (дакладней, неабходнасьць мець адмысловую ліцэнзію) трапіў экспарт, рээкспарт і перадача ў Расею і Беларусь наступных тэхналёгій:
- Плянаваньне рэсурсаў прадпрыемства (ERP);
- Кіраваньне сувязямі з кліентамі (CRM);
- Бізнэс-аналітыка (BI);
- Кіраваньне ланцужкамі паставок (SCM);
- Сховішча карпаратыўных дадзеных (EDW);
- Кампутарызаваная сыстэма кіраваньня абслугоўваньнем (CMMS);
- ПЗ для кіраваньня праектамі, жыцьцёвым цыклем прадукту (PLM);
- Мадэляваньне інфармацыі аб будаўніцтве (BIM);
- Кампутарны дызайн (прамысловае праектаваньне) (CAD);
- Кампутарная вытворчасьць (CAM);
- Інжынірынг на заказ (ETO).
Гэта значыць, што праграмнае забесьпячэньне па гэтых кірунках ня можа трапіць у Беларусь з ЗША, таксама яго нельга перапастаўляць і перапрадаваць. У лютым праграмнае забесьпячэньне трапіла ў 12-ы пакет санцый Эўразьвязу супраць Расеі. Гэта ўскосна закранула і Беларусь.
Якія кампаніі ўжо адмовіліся ад карыстальнікаў у Беларусі
Кампанія зь беларускімі каранямі Fibery ужо стала рассылаць кліентам паведамленьні, што іх софт перастане працаваць у Беларусі з 12 верасьня. Іх ПЗ дапамагае кіраваць камандамі, ствараць інструмэнты для аптымізацыі працоўнага працэсу.
Яшчэ раней аб абмежаваньні доступу для платных акаўнтаў у Беларусі заявіла кампанія Miro. Гэта онлайн-плятформа для сумеснай працы, інтэрактыўная онлайн-дошка. Таксама з карыстальнікамі ў Расеі і Беларусі перастане працаваць праграма для рэдагаваньня дакумэнтаў Coda. Паводле суразмоўцаў Свабоды з ІТ-сфэры, абмежаваньні могуць закрануць многія праграмы, якімі карысталіся кампаніі ў Беларусі. Гэта сфэра дызайну, воблачнага сховішча дадзеных, бізнэс-аналіз ды іншае. Аднак, паводле суразмоўцаў, санкцыі на гэты раз датычаць кампаній і вытворчасьцяў, але не пашыраюцца на фізычных асобаў.
«Гэта закране шмат народу»
Паводле дырэктара па разьвіцьці бізнэсу кампаніі DataTile Валянціна Сакалоўскага, абмежаваньні ЗША на праграмнае абсталяваньне, якое набудзе моц з 12 верасьня, закране многія кампаніі ў Беларусі. Ім прыйдзецца перастройвацца.
«Гэта маштабна, бо тымі ж воблачнымі сэрвісамі шмат хто карыстаўся, іх было шмат варыянтаў. Рынак адаптуецца, могуць шукаць кітайскія альтэрнатывы, у Расеі пачалі выпускаць онлайн-дошкі. Падазраю, што функцыяналам гэта горш, вядома. Асноўная праблема — перацягнуць базы дадзеных. Як іх імпартаваць у новую праграму, калі доўга карыстаўся іншай — пытаньне», — зазначае суразмоўца.
Таксама ёсьць пытаньне правапрымяненьня новых абмежаваньняў. На думку Валянціна Сакалоўскага, кожная кампанія будзе вырашаць сама, як трактаваць санкцыі.
«Некаторыя кажуць: калі хоць адна аплата была з Расеі ці Беларусі, то акаўнт будзе заблякаваны. А калі акаўнт бясплатны, там няма вэрыфікацыі карыстальніка, цяжка зразумець, зь Беларусі ён ці не», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Некаторыя кампаніі могуць абыходзіць санкцыі, зьвяртае ўвагу Сакалоўскі. Аднак ЗША будуць адсочваць гэта.
«Будуць прыцэльна адсочваць фірмы, якія перапрадаюць софт. Я бачу, як яны гэта робяць пэрыядычна. Масава абысьці гэтыя абмежаваньні кампаніі ня змогуць. Аднак унутраная ІТ-культура, што ў дзяржаўных буйных вытворцаў, што ў дзяржаўных органаў была ня надта высокай і раней. Па сёньня шмат дзе стаіць пірацкае праграмнае забесьпячэньне», — кажа экспэрт.
«Будуць карыстацца пірацкім ПЗ і расейскімі аналягамі»
Яшчэ адзін спэцыяліст са сфэры ІТ на ўмовах ананімнасьці патлумачыў, што новы абмежаваньні закрануць вытворцаў і бізнэс, але «не фатальна».
«Незразумела, што будуць рабіць канторы, якія займаюцца распрацоўваньнем праграмнага забесьпячэньня. Бізнэс ня можа працаваць праз VPN. Нармальны бізнэс, сумленны. Напрыклад, GitHub выкарыстоўваецца шмат кім як асноўны інструмент для працы з кодам. З апісаньня санкцый незразумела, якая частка можа быць закрытая. Каб не рызыкаваць, магчыма, давядзецца перацягваць код кудысьці. Абмяжуюць падтрымку ПЗ? Тады можна павольна пераходзіць на нейкія альтэрнатывы. Воблачныя сховішчы — тая ж гісторыя: галоўнае — мець магчымасьць усё перацягнуць на іншыя сэрвісы», — кажа суразмоўца.
Паводле яго, могуць закрыцца нейкія невялікія кампаніі, хтосьці можа чарговы раз задумацца пра рэлякацыю. Але ў асноўным «нехта будзе выкарыстоўваць пірацкае ПЗ, нехта — расейскія аналягі». Таксама, суразмоўца зазначае, што пра абмежаваньні было вядома раней і кампаніі мелі час падрыхтавацца.
Свабода пагаварыла зь некалькімі супрацоўнікамі ІТ-сфэры ў Беларусі. Хтосьці зь іх на сваім праекце не прагназуе прыкметных зьменаў. Іншыя выказалі шкадаваньне, што звыклымі прадуктамі стане немагчыма карыстацца.
Форум