Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прайшлі тэледэбаты Камалы Гарыс і Дональда Трампа: галоўныя тэзісы


Дональд Трамп і Камала Гарыс падчас дэбатаў, 10 верасьня 2024
Дональд Трамп і Камала Гарыс падчас дэбатаў, 10 верасьня 2024

Увечары 10 верасьня ў Філядэльфіі, штат Пэнсыльванія, дзейная віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс (кандыдатка ў прэзыдэнты ад дэмакратаў) і экс-прэзыдэнт Дональд Трамп (кандыдат ад рэспубліканцаў) сустрэліся на тэледэбатах, якія прайшлі на тэлеканале ABC News, піша Голас Амэрыкі.

На працягу 90 хвілін кандыдаты ў прэзыдэнты адказвалі на пытаньні вядоўцаў тэлеканалу. Цяперашнія дэбаты — важны момант прэзыдэнцкай гонкі ў ЗША напярэдадні выбараў 5 лістапада. Нацыянальныя апытаньні паказваюць, што разрыў паміж кандыдатамі па-ранейшаму вельмі невялікі.

Перад дэбатамі многія назіральнікі задаваліся пытаньнем, як Камала Гарыс і Дональд Трамп, якія ніколі не сустракаліся, будуць вітаць адзін аднаго. Трамп і Гарыс выйшлі на сцэну дэбатаў увечары 10 верасьня, Гарыс падышла да Трампа, працягнула яму руку і прадставілася. Кандыдаты паціснулі адно аднаму рукі.

Падчас дэбатаў вядоўцы задавалі пытаньні пра эканоміку, аборты, міграцыю, мірную перадачу ўлады, вайну Расеі супраць Украіны і вайну Ізраілю супраць ХАМАСу (прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і ЭЗ), вывад войскаў з Афганістану і ахову здароўя. Трамп і Гарыс падчас дэбатаў неаднаразова абвінавачвалі адно аднаго ў хлусьні.

Аналіз дэбатаў Трампа і Гарыс

Вынікі першых — і, магчыма, адзіных — дэбатаў Дональда Трампа і Камалы Гарыс маюць патэнцыял вывесьці аднаго зь іх у відавочныя лідэры ўсяго за 56 дзён да выбараў, піша карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне Тод Прынс у сваім аналізе дэбатаў. Паводле яго, у выпадку, калі гэта адбудзецца (што пакуль пад пытаньнем, паколькі думкі пра абаіх кандыдатаў у значнай ступені ўкараніліся) — гэта амаль напэўна будзе Гарыс.

«Камала Гарыс выглядала нэрвовай, калі пачала свае першыя прэзыдэнцкія дэбаты, але хутка знайшла апору супраць часам зьбітага з панталыку Дональда Трампа», — адзначае ён.

Трамп пачаў дэбаты дастаткова добра, адзначае Тод Прынс. Пачаў ён іх, крытыкуючы Гарыс за тое, як адміністрацыя ЗША вырашае пытаньні эканомікі і міграцыі — два найважнейшыя пытаньні для выбарнікаў. Пры прэзыдэнту Джо Байдэну і Камале Гарыс інфляцыя ў ЗША рэзка ўзрасла, нашкодзіўшы амэрыканцам сярэдняй і ніжэйшай клясаў, у той час як нелегальная міграцыя рэзка ўзрасла, аказаўшы ціск на гарадзкія бюджэты. Хоць ён, магчыма, і атрымаў пэўны посьпех у абмеркаваньні пытаньняў эканомікі, у пытаньні міграцыі ён часам блытаўся, губляючы засяроджанасьць і рэзка кантрастуючы з больш дакладнай падачай Гарыс.

Мадэратары дэбатаў некалькі разоў спраўджвалі факты, агучаныя Трампам, у тым ліку сьцьвярджэньне, што «мігранты ядуць свойскіх жывёлаў у Агаё», чаму яны не знайшлі ніякіх доказаў. Прыхільнікі Трампа раскрытыкавалі мадэратараў за тое, што тыя ня спраўдзілі агучанае Гарыс сьцьвярджэньне, «што беспрацоўе пры Трампу было найгоршае з часоў Вялікай дэпрэсіі».

Гарыс, якая спачатку здавалася нэрвовай, хутка знайшла апору, калі тэма перайшла да абортаў, ейнага моцнага боку, абвінаваціўшы Трампа ў пазбаўленьні жанчын свабодаў. З гэтага моманту Гарыс дамаглася посьпеху ў тым, што, відаць, было адной зь яе галоўных задач: справакаваць Трампа на нестандартныя тырады пра сябе і мінулае. Гэта дазволіла ёй абвінаваціць яго, што ён не засяроджаны на амэрыканскіх выбарніках, піша Тод Прынс.

Гарыс зрабіла некалькі запамінальных выпадаў, спрабуючы ператварыць меркаваныя моцныя бакі Трампа ў слабасьці. Яна абвінаваціла Трампа, што той заключыў жудаснае пагадненьне з «Талібанам» перад вывадам войскаў ЗША з Афганістану, заявіла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «зьесьць [Трампа. — Рэд.] на абед» і што замежныя лідэры «сьмяюцца» з Трампа.

Трамп у адказ назваў Гарыс «марксісткай», зьвязаў яе з прэзыдэнтам Байдэнам і шматзначна спытаўся, чаму яна ня выканала сваіх плянаў пасьля трох гадоў знаходжаньня ва ўладзе.

Як адзначае Тод Прынс, у Гарыс была яшчэ адна мэта падчас дэбатаў — прадставіць сябе выбарнікам, расказаўшы ім пра сваю пазыцыю ў ключавых пытаньнях. Так, падчас дэбатаў Гарыс закранула некаторыя свае палітычныя прапановы, такія як падтрымка больш буйных падатковых ільготаў для сямей зь дзецьмі. Праўда, у падрабязнасьці яна паглыбляцца ня стала, пакінуўшы ў выбарнікаў пытаньні.

Пра што гаварылі кандыдаты падчас дэбатаў. Асноўнае

Пра Ўкраіну і Ізраіль

Адказваючы на пытаньне мадэратара пра напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году, Трамп паўтарыў сваю ранейшую тэзу, што напад не адбыўся б, калі б ён быў прэзыдэнтам ЗША. Падобную заяву Трамп агучыў і датычна поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, заявіўшы, што калі б ён быў у прэзыдэнцкім крэсьле, «Расея ніколі б не ўварвалася ва Ўкраіну», і дадаўшы, што «добра ведае» прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны.

Трамп працягнуў: «Зірніце на сытуацыю з хусітамі і Емэнам, з тым, што адбываецца на Блізкім Усходзе, — гэтага б не адбылося. Я б вырашыў гэта хутка. Вайна паміж Украінай і Расеяй скончылася б, калі б мяне выбралі прэзыдэнтам, — я б завяршыў яе яшчэ да таго, як стаў прэзыдэнтам».

У адказ Гарыс заявіла, што палітыка яе апанэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і замежнай палітыкі «слабая і няправільная». «Добра вядома, што ён любіць дыктатараў», — сказала кандыдатка ад дэмакратаў, дадаўшы, што «як ён сам казаў, ён хацеў бы сам стаць дыктатарам з самага першага дня [у Белым доме]».

«Добра вядома, што ён сказаў Пуціну, што той можа рабіць усё, што яму ўздумаецца, урывацца ва Ўкраіну; добра вядома, што ён назваў „геніяльным“ момант, калі Расея ўварвалася ва Ўкраіну», — сказала Гарыс.

На пытаньне пра тое, як яна зьбіраецца ўзаемадзейнічаць з Пуціным і чым будуць адрозьнівацца падыходы кандыдатаў у прэзыдэнты, Гарыс сказала, што Трамп мае намер завяршыць вайну, «проста здаўшыся». Паводле яе, дзякуючы намаганьням ЗША 50 краін аб’ядналіся ў падтрымцы Ўкраіны ў «яе абгрунтаванай абароне», і дзякуючы перадачы заходняга ўзбраеньня Ўкраіна застаецца свабоднай і дэмакратычнай краінай.

«Калі б Дональд Трамп быў прэзыдэнтам, Пуцін сядзеў бы цяпер у Кіеве», — сказала Гарыс, дадаўшы, што «парадак дня Пуціна ўключае ня толькі Ўкраіну» і ён «зьеў» бы Трампа на абед, цытуе «Настоящее время».

Віцэ-прэзыдэнтка ЗША таксама абвінаваціла кандыдата ад рэспубліканцаў у тым, што той прыязна размаўляў з кіраўніком КНДР Кім Чэн Ынам. Гарыс лічыць, што дыктатары і аўтакраты чакаюць вяртаньня Трампа на пасаду прэзыдэнта, таму што змогуць ім маніпуляваць.

Апытаньне, праведзенае ў жніўні Associated Press-NORC, паказала, што амэрыканцы не аддаюць перавагі ніводнаму з кандыдатаў у пытаньні вырашэньня вайны ва Ўкраіне. Каля 40% рэспандэнтаў заявілі, што давяраюць абаім прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду ў гэтым пытаньні.

Камала Гарыс і Дональд Трамп пра вайну ва Ўкраіне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

Пра інфляцыю, беспрацоўе і мыта

Гаворачы пра эканоміку, Камала Гарыс заявіла, што зьбіраецца пабудаваць «эканоміку магчымасьцяў» і падтрымліваць малы бізнэс. Пры гэтым у Трампа, паводле яе, «ніякага пляну няма», паколькі, лічыць яна, былы прэзыдэнт ЗША «абараняе свае інтарэсы».

«Дональд Трамп пакінуў нам самае высокае беспрацоўе з часоў Вялікай дэпрэсіі, — сказала Гарыс, маючы на ўвазе гады прэзыдэнцтва Трампа з 2017-га па 2021 год. — Тое, што мы зрабілі, — гэта навялі парадак у беспарадку, учыненым Дональдам Трампам».

Гарыс скрытыкавала намер Трампа павялічыць мыта на імпарт замежных тавараў, у той жа час прадстаўляючы свой плян даць падатковыя ільготы амэрыканскім сем’ям. «Гэта не прывядзе да павышэньня цэнаў», — сказаў Трамп, абараняючы сваю прапанову ўвесьці мыта на імпарт тавараў.

Трамп скрытыкаваў Гарыс за інфляцыю, якая назіралася ў пэрыяд праўленьня адміністрацыі Джо Байдэна, хоць і перабольшыў узровень росту цэнаў. Інфляцыя, паводле Трампа, «стала катастрофай для людзей, для сярэдняй клясы, для ўсіх клясаў». «Паслухайце, у нас жахлівая эканоміка з прычыны інфляцыі, якая на самой справе разбурае краіну», — заявіў Трамп, яго цытуе агенцтва Reuters.

Таксама Трамп хутка перайшоў да праблемы міграцыі, зноў бяздоказна заявіўшы, што мігранты з «вар’яцкіх дамоў» перасякаюць паўднёвую мяжу ЗША з Мэксыкай.

Пытаньне абортаў

Сярод іншага, кандыдаты абмеркавалі і пытаньне абортаў, у якім, паводле апытаньняў, Гарыс мае перавагу.

Трамп вырашыў абараніць рашэньне Вярхоўнага суду ЗША 2022 году, якое адмяніла канстытуцыйную абарону права на аборт і перадало гэтае пытаньне на разгляд і вырашэньне асобных штатаў. «Я зрабіў усім вялікую паслугу, зрабіўшы гэта. Для гэтага патрабавалася мужнасьць», — сказаў Трамп.

Гарыс выказала абурэньне сьцьвярджэньнем Трампа, што перадача пытаньня абортаў на ўзровень штатаў была папулярным рашэньнем, спаслаўшыся на штаты, дзе ўвялі строгія абмежаваньні. «Людзі гэтага хацелі? — спытала Гарыс. — Людзей пазбаўляюць дапамогі ў аддзяленьнях хуткай дапамогі, таму што мэдычныя работнікі баяцца апынуцца за кратамі».

Аб «Праекце 2025»

«Праект 2025» — набор кансэрватыўных прапановаў дзеля рэфармаваньня фэдэральнага ўраду ЗША і кансалідацыі выканаўчай улады ў руках прэзыдэнта ЗША, падрыхтаваны амэрыканскім недзяржаўным аналітычным цэнтрам -- Фондам «Спадчына». Дакумэнт задуманы як праграма рэформаў, якія мог бы рэалізаваць будучы прэзыдэнт ад Рэспубліканскай партыі — Дональд Трамп ці іншы — пры ўмове, што менавіта ён выйграе прэзыдэнцкія выбары ў 2024 годзе. Некаторымі крытыкамі расцэньваецца як плян ператварэньня ЗША ў нацыяналістычную аўтакратыю.

«Тое, што вы пачуеце сёньня ўвечары, — гэта падрабязны і небясьпечны плян пад назвай „Праект 2025“, які былы прэзыдэнт мае намер рэалізаваць, калі яго зноў выберуць», — сказала Гарыс.

Трамп абверг яе словы, заявіўшы, што ён нават не чытаў «Праект 2025».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG