Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паядынак «усіх часоў»: Камала Гарыс і Дональд Трамп рыхтуюцца да дэбатаў, якія ўжо называюць «вырашальнымі»


Кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША Камала Гарыс і Дональд Трамп. Каляж
Кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША Камала Гарыс і Дональд Трамп. Каляж

Дональд Трамп і Камала Гарыс ніколі не сустракаліся асабіста і нават не размаўлялі па тэлефоне, але ў аўторак яны будуць стаяць адно супраць аднаго ў Нацыянальным канстытуцыйным цэнтры ў Філядэльфіі. На працягу 90 хвілін яны будуць адказваць на пытаньні дваіх вядоўцаў ABC News, Дэвіда Муіра і Лінзі Дэвіс.

«Голас Амэрыкі» падае дэталі дэбараў, якія адбудуцца ў аўторак 10 верасня ўвечары паміж віцэ-прэзыдэнткай ад Дэмакратычнай партыі Камалай Гарыс і былым прэзыдэнтам-рэспубліканцам Дональдам Трампам, якія стануць ключавым момантам прэзыдэнцкай гонкі ў ЗША. Выбары прэзыдэнта ЗША пройдуць 5 лістапада.

Дэбаты абяцаюць быць цікавымі

Дзясяткі мільёнаў амэрыканцаў, пэўна, будуць глядзець дэбаты, якія могуць стаць адзінымі цягам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
Падзея адбываецца за восем тыдняў да афіцыйнага дня выбараў у ЗША, але ўсяго за некалькі дзён да пачатку датэрміновага галасаваньня ў некаторых з 50 штатаў.

Нацыянальнае апытаньне паказвае, што барацьба будзе жорсткай, таму для абаіх кандыдатаў вельмі важна падчас дэбатаў пераканаць выбарнікаў, якія яшчэ не вызначыліся. На коне — вяртаньне Трампа ў Белы дом пасьля таго, як ён прайграў перавыбраньне ў 2020 годзе прэзыдэнту Джо Байдэну, або прэзыдэнцтва Гарыс, якая зараз зьяўляецца другой у камандзе Байдэна.

Байдэн зняў сваю кандыдатуру па выбарах у ліпені пасьля няўдалых дэбатаў супраць Трампа і падтрымаў Гарыс на выбарах, а дэмакраты хутка аб’ядналіся ў падтрымку яе кандыдатуры. У той час Байдэн адставаў ад Трампа ў рэйтынгах.

Але калі ў барацьбу ўступіла Гарыс, яна апярэдзіла Трампа ў шматлікіх нацыянальных апытаньнях на два-тры працэнтныя пункты.
Цяпер аглядальнікі мяркуюць, што прамыя тэледэбаты Гарыс і Трампа ў жывым эфіры могуць аказаць вырашальны ўплыў на далейшы ход прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША.

Перад дэбатамі правялі лёсаваньне. Яго выйграў Дональд Трамп, і таму ён будзе выбіраць парадак выступаў і першым скажа сваю заключную прамову. Гарыс, паводле правілаў, атрымала магчымасьць выбраць месца, дзе яна будзе стаяць. Яна вырашыла, што будзе стаяць зьлева.

Экспэрт у дэбатах Мічыганскага ўнівэрсытэту Эран Кол сказаў «Голасу Амэрыкі»:

«Вечар аўторка — адны з самых доўгачаканых і дзейсных прэзыдэнцкіх дэбатаў усіх часоў. Трамп — спрактыкаваны ўдзельнік прэзыдэнцкіх дэбатаў, але мае гісторыю супярэчлівых заўваг у адрас апанэнтаў на сцэне, якія могуць адцягнуць увагу ад найважнейшых палітычных пытаньняў».

«Гарыс далучылася да гонкі ў ліпені, і выбарнікі і штаб Трампа ўсё яшчэ складаюць сваю думку аб ёй. Яна павінна прадэманстраваць здольнасьць аргумэнтавана крытыкаваць першы прэзыдэнцкі тэрмін Трампа і яго цяперашнія дзеяньні, — сказаў ён. — Трамп асабліва эфэктыўны, калі наносіць зваротныя ўдары і можа зьвярнуцца да стратэгіі выпаленай зямлі, калі адчуе, што да яго несправядліва ставяцца падчас дэбатаў».

Кол лічыць, што «абое кандыдатаў павінны пераканаць, што маюць адпаведны досьвед і навыкі, каб кіраваць краінай на працягу наступных чатырох гадоў», кандыдаты «маюць пераканацца, што выбарнікам камфортна, што яны будуць прэзыдэнтам наступныя чатыры гады і будуць пастаянна прысутнічаць на экранах тэлевізараў і ў іхных гасьцёўнях».

Камала Гарыс
Камала Гарыс

Гарыс рыхтуецца да дэбатаў у гатэлі Пітсбурга ў ключавым для выбараў штаце Пэнсыльванія. Яна правяла некалькі трэнавальных дэбатаў з асобай, падобнай на Трампа, з тэлевізійным асьвятленьнем і мадэратарамі, якія задавалі ёй вострыя пытаньні.

Трамп удзельнічаў у палітычных брыфінгах са сваімі памагатымі, пазьбягаючы трэнавальных дэбатаў з асобай, падобнай на Гарыс.

Кпіны перад паядынкам

Правілы спрэчак для Гарыс і Трамп будуць такімі ж, як і на прэзыдэнцкіх спрэчках у чэрвені. Мікрафон кожнага кандыдата будзе адключаны, калі выступае іншы. У кожнага будзе дзьве хвіліны, каб адказаць на пытаньні мадэратара, а другі — хвіліну на адказ.

Правы на аборт, іміграцыя ў ЗША праз Мэксыку, узровень злачыннасьці ў Злучаных Штатах і асабістая рэпутацыя — сярод пытаньняў, якія напэўна паставяць вядоўцы ABC.

Тым часам Трамп і Гарыс правялі спарынг на адлегласьці.

Дональд Трамп
Дональд Трамп

На мінулым тыдні Трамп сказаў камэнтатару Fox News Шону Ганіці, што ён дазволіў Байдэну гаварыць на іх чэрвеньскіх дэбатах, дадаўшы:

«Я дазволю ёй гаварыць. Ёсьць тыя, хто кажа, што Байдэн разумнейшы за яе. Калі гэта так, у нас праблема».

Трамп часта грэбліва адзываецца пра інтэлект Гарыс, кажучы, што яна «паняцьця ня мае, якой трасцы яна робіць».

«Глядзіце, гэта небясьпечная жанчына, — сказаў ён. — Нельга рызыкаваць. У вас няма выбару. Вы павінны галасаваць за мяне, нават калі я вам не падабаюся».

Вярхоўны суд ЗША нядаўна пастанавіў, што Трамп і ўсе будучыя прэзыдэнты ЗША маюць імунітэт ад перасьледу за супрацьпраўныя дзеяньні падчас знаходжаньня на пасадзе, калі такія дзеяньні звязаныя зь іхнымі службовымі абавязкамі. Гэта, па словах Гарыс, створыць праблему, калі Трамп зноў выйграе прэзыдэнцтва.

«Толькі ўявіце сабе Дональда Трампа без абмежаваньняў, — сказала Гарыс, — і як ён будзе выкарыстоўваць вялізныя паўнамоцтвы прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Не для таго, каб палепшыць вашае жыцьцё; не для таго, каб умацаваць нашу нацыянальную бясьпеку, а каб абслугоўваць адзінага кліента, якога ён калі-небудзь меў, — самога сябе».

На нацыянальным зьезьдзе Дэмакратычнай партыі ў мінулым месяцы, прыняўшы вылучэньне ад партыі ў прэзыдэнты, Гарыс сказала:

«Шмат у чым Дональд Трамп — несур’ёзны чалавек».

Гарыс дадала:

«Але наступствы вяртаньня Дональда Трампа ў Белы дом вельмі сур’ёзныя».

Тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША Камалы Гарыс і Дональда Трампа будуць трансьляваць на тэлеканале ABC News Live 24/7 у жывым эфіры ў аўторак а 21:00 паводле мясцовага часу (у 04:00 серады, 11 верасьня, паводле менскага часу).

Дэбаты пройдуць у Нацыянальным канстытуцыйным цэнтры ў горадзе Філядэльфія (штат Пэнсыльванія).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG