Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарыс пераходзіць у наступ». Аналіз дэбатаў Дональда Трампа і Камалы Гарыс


Дональд Трамп і Камала Гарыс падчас дэбатаў 10 верасьня
Дональд Трамп і Камала Гарыс падчас дэбатаў 10 верасьня

Увечары 10 верасьня ў Філядэльфіі, штат Пэнсыльванія, кандыдатка ў прэзыдэнты ЗША ад дэмакратаў, дзейная віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс і кандыдат ад рэспубліканцаў, экс-прэзыдэнт Дональд Трамп сустрэліся на тэледэбатах, якія прайшлі на тэлеканале ABC News.

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне Тод Прынс аналізуе дэбаты і падводзіць іх вынікі.

Вынікі першых — і, магчыма, адзіных — дэбатаў Дональда Трампа і Камалы Гарыс маюць патэнцыял вывесьці аднаго зь іх у відавочныя лідэры ўсяго за 56 дзён да выбараў. У выпадку, калі гэта адбудзецца (што пакуль пад пытаньнем, бо думкі пра абаіх кандыдатаў у значнай ступені ўкараніліся), гэта амаль напэўна будзе Гарыс.

Камала Гарыс выглядала нервовай, калі пачала свае першыя прэзыдэнцкія дэбаты, але хутка знайшла апору супраць часам зьбітага з панталыку Дональда Трампа.

Трамп пачаў дэбаты дастаткова добра, пакрытыкаваўшы Гарыс за тое, як адміністрацыя ЗША вырашае пытаньні эканомікі і міграцыі — два найважнейшыя пытаньні для выбарнікаў. Пры прэзыдэнту Джо Байдэну і Камале Гарыс інфляцыя ў ЗША рэзка ўзрасла, нашкодзіўшы амэрыканцам сярэдняй і ніжэйшай клясаў, у той час як нелегальная міграцыя рэзка ўзрасла, аказаўшы ціск на гарадзкія бюджэты. Хоць ён, магчыма, і атрымаў пэўны посьпех у абмеркаваньні пытаньняў эканомікі, у пытаньні міграцыі Трамп часам блытаўся, страчваючы засяроджанасьць і рэзка кантрастуючы з больш дакладнай падачай Гарыс.

Мадэратары дэбатаў некалькі разоў правяралі факты, агучаныя Трампам, у тым ліку сьцьвярджэньне, што «мігранты ядуць свойскіх жывёлаў у Агаё», чаму яны не знайшлі ніякіх доказаў. Прыхільнікі Трампа раскрытыкавалі мадэратараў за тое, што тыя не праверылі агучанае Гарыс сьвярджэньне, «што беспрацоўе пры Трампу было найгоршым з часоў Вялікай дэпрэсіі».

Гарыс, якая спачатку здавалася нэрвовай, хутка знайшла апору, калі тэма перайшла да абортаў, яе моцнага боку, абвінаваціўшы Трампа ў пазбаўленьні жанчын свабодаў. З гэтага моманту Гарыс дамаглася пасьпеху ў тым, што, відаць, было адной зь яе галоўных задач: справакаваць Трампа на нестандартныя тырады пра сябе і мінулае, што дазволіла ёй абвінаваціць апанэнта ў тым, што ён не засяроджаны на амэрыканскіх выбарніках.

Гарыс зрабіла некалькі запамінальных выпадаў, спрабуючы ператварыць меркаваныя моцныя бакі Трампа ў слабасьці. Яна абвінаваціла Трампа ў тым, што той заключыў жудаснае пагадненьне з «Талібанам» перад вывадам войскаў ЗША з Афганістана, заявіла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «зьесьць [Трампа. — РС] на абед» і што замежныя лідэры «сьмяюцца» з Трампа.

Камала Гарыс і Дональд Трамп пра вайну ва Ўкраіне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:08 0:00

Трамп адказаў, назваўшы Гарыс «марксісткай», зьвязаўшы яе з прэзыдэнтам Байдэнам і шматзначна спытаўшы, чаму яна ня выканала сваіх плянаў пасьля трох гадоў знаходжаньня ва ўладзе.

У Гарыс была яшчэ адна мэта падчас дэбатаў — прадставіць сябе выбарнікам, расказаўшы ім пра сваю пазыцыю ў ключавых пытаньнях. Так, падчас дэбатаў Гарыс закранула некаторыя свае палітычныя прапановы, такія як падтрымка больш буйных падатковых ільготаў для сямей зь дзецьмі, праўда, не паглыбляючыся ў падрабязнасьці і пакінуўшы ў выбарнікаў пытаньні.

Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, якія адбудуцца 5 лістапада, амаль напэўна будуць вызначацца адносна невялікай колькасьцю нявызначаных выбарнікаў у 7 штатах, адносна якіх няма пэўнасьці. Асноўнай мэтай гэтых дэбатаў для Дональда Трампа і Камалы Гарыс было пераканаць выбарнікаў з гэтых штатаў, што яны зьяўляюцца найлепшымі кандыдатамі.

Каманда Гарыс, відавочна, адчула, што іхная кандыдатка была мацнейшай падчас дэбатаў, і неадкладна заклікала да паўторных — але па словах Трампа, гэты заклік быў выкліканы тым, што Гарыс «вельмі моцна прайграла» ў гэтым раўндзе.

Цяпер пытаньне ў тым, ці паўплываюць дэбаты на выбарчыя бюлетэні выбаршчыкаў.

  • 16x9 Image

    Тод Прынс

    Тод Прынс — старшы карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне (ЗША). З 1999 па 2016 год ён жыў у Расеі, дзе працаваў журналістам у Bloomberg News і інвэстыцыйным дарадцам у кампаніі Merrill Lynch. Шмат падарожнічаў па Расеі, Украіне і Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG