Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадзя нэўтралізаваць апанэнтаў. Як Лукашэнка рыхтуецца да чарговага пераабраньня


Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Маскву, красавік 2024
Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Маскву, красавік 2024

​​​​​​​10 верасьня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, прысьвечаную «актуальным унутрыпалітычным пытаньням і падрыхтоўцы да правядзеньня палітычных кампаній». Як высьветлілася падчас нарады, актуальнае пытаньне на парадку дня толькі адно: пераабраньне Лукашэнкі яшчэ на адзін тэрмін.

На вырашэньне гэтай задачы мабілізоўваецца ўся дзяржаўная машына.

Сьцісла:

  • Лукашэнка імкнецца не паўтараць памылак выбарчай кампаніі 2020 году.
  • Пытаньне даты правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў канчаткова ня вырашана.
  • Адна з высноваў нарады: неабходна загадзя нэўтралізаваць усіх апанэнтаў на далёкіх подступах да прэзыдэнцкай кампаніі.
  • Няма ніякіх прыкмет існаваньня Ўсебеларускага народнага сходу, хоць паводле новай Канстытуцыі ён цяпер нібыта галоўны орган дзяржаўнай улады.


Навучаны горкім досьведам выбарчай кампаніі 2020 году, Лукашэнка зрабіў для сябе пэўныя высновы і цяпер імкнецца не паўтараць памылак чатырохгадовай даўнасьці.

Урок першы. Да выбараў трэба рыхтавацца загадзя. Адна з памылак Лукашэнкі 2020 году палягае ў тым, што тады кампанія ў пэўным сэнсе была пушчаная на самацёк, ён і ягонае атачэньне не змаглі пралічыць хаду падзеяў. Чамусьці галоўнай небясьпекай палічылі ўплыў Расеі на выбары. Больш за тое, некаторыя дзеяньні самога Лукашэнкі (напрыклад, мэтады барацьбы з ковідам) якраз справакавалі грамадзкі выбух.

Важнае месца на нарадзе заняло пытаньне даты выбараў. Лукашэнка абверг «інсынуацыі» і «кансьпіралягічныя тэорыі» незалежных мэдыя наконт гэтага. Аднак, як можна зразумець, канчатковага рашэньня так і не прынялі, разьглядаюцца чатыры варыянты.

Урок другі. Як гэта ні дзіўна, але трэба працаваць з народам. Менавіта такую задачу паставіў Лукашэнка перад дзяржапаратам. Гэтая, здавалася б, відавочная задача была фактычна праігнараваная ў 2020 годзе. Тады Лукашэнка галоўную стаўку зрабіў на працу зь дзяржапаратам і сілавымі структурамі.

Урок трэці. Неабходна загадзя нэўтралізаваць усіх магчымых апанэнтаў на далёкіх подступах да прэзыдэнцкай кампаніі. Калі меркаваць па выступе Лукашэнкі на пачатку нарады, менавіта гэтае пытаньне галоўнае. Не выпадкова ў нарадзе ўдзельнічалі сакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч і старшыня КДБ Іван Церцель. Лукашэнка выказаў незадаволенасьць тым, як у гэтым пляне працуюць дзяржаўныя мэдыя, маўляў, лібэральнічаюць, не хапае агрэсіўнасьці. А трэба абвінавачваць апазыцыю ў тым, што яна рыхтуе «ўзброеныя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі».

Таксама Лукашэнку абурыла, як апанэнты трактуюць вызваленьне палітвязьняў. Маўляў, яны ўбачылі ў гэтым ягоную слабасьць, бо «прымусілі дыктатара» прымаць падобныя рашэньні. Аднак сам ён так і не растлумачыў, навошта пачаў вызваляць палітзьняволеных. Згадку пра гуманізм і спагаду да хворых вязьняў наўрад ці можна ўспрымаць усур’ёз.

Лукашэнка адзначыў, што «гэтыя выбары павінны скончыць фармаваньне абноўленай палітычнай сыстэмы дзяржавы». Паводле яго, абнаўленьне палягае ў тым, што «ў палітычнай сыстэме краіны ў новым канстытуцыйным статусе запрацаваў Усебеларускі народны сход».

Тут цікава тое, што прайшло ўжо амаль пяць месяцаў пасьля першага паседжаньня УНС у новым статусе. Аднак з той пары ніякіх прыкметаў ягонага існаваньня няма. Хоць бы дзеля праформы правялі паседжаньне Прэзыдыюму УНС, прынялі нейкую заяву: УНС жа валодае немалымі паўнамоцтвамі. Рэдка калі зьяўляецца публічна намесьнік старшыні УНС Аляксандар Косінец. Між тым паводле новай Канстытуцыі Ўсебеларускі народны сход цяпер — галоўны орган дзяржаўнай улады. І тут раптам высьвятляецца, што галоўны орган улады ці то зьнік, ці то маўчыць і нічога ня робіць. То бок у «абноўленай палітычнай сыстэме», як і ў «старой», існуе і дзейнічае толькі адзін інстытут — сам Аляксандар Лукашэнка. Усё астатняе — дэкарацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG