Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка адказаў на прапанову Лукашэнкі ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году


Павал Латушка
Павал Латушка

Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка адказаў на прапанову Аляксандра Лукашэнкі ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году.

Сёньня на нарадзе па палітычных і выбарчых пытаньнях Аляксандар Лукашэнка заявіў, зьвяртаючыся да апазыцыі: «Я проста хачу, як заўсёды, ім параіць: калі яны хочуць перавярнуць краіну і ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, даводзіць сваю рацыю ці яшчэ нешта, ім трэба прыходзіць і змагацца на прэзыдэнцкіх выбарах».

Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка адказаў на прапанову Лукашэнкі:

«Я гатовы ўзяць удзел у выбарах на пасаду прэзыдэнта Беларусі ў 2025 годзе. Я гатовы ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і расказаць беларусам, хто ты, што ты сабой уяўляеш. Я гатовы расказаць пра тое, што сабой уяўляюць дэмакратычныя сілы, што ўяўляе сабой дэмакратыя.

Аднак я маю ўмовы, якія ты павінен выканаць: спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць былых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а таксама ўсіх палітычных зьняволеных, якіх ты катуеш у сваіх турмах.

Я гатовы ўзяць удзел у выбарах, калі ты спыніш крымінальныя справы ў адносінах да ўсіх беларусаў, якія вялі барацьбу за дэмакратыю і свабоду ў нашай краіне гэтыя 4 гады, калі ты адменіш усе палітычна матываваныя прысуды, вынесеныя ў дачыненьні да беларусаў. І санкцыі за ўсё гэта будуць адмененыя.

Я гатовы ўзяць удзел у выбарах прэзыдэнта ў 2025 годзе, калі ты забясьпечыш міжнароднае назіраньне. Калі міжнародныя назіральнікі разам зь незалежнымі ўнутранымі назіральнікамі будуць на кожным выбарчым участку падчас выбараў.

Я гатовы, але ты — баязьлівец.

З усяго таго, што я пералічыў, ты ня зробіш нічога. Таму што здаеш сабе дакладна справу ў тым, што ня маеш падтрымкі ў беларускім грамадзтве. Я выйграю ў цябе, Лукашэнка, нават знаходзячыся за мяжой, калі ты зарэгіструеш мяне кандыдатам і забясьпечыш незалежнае назіраньне за падлікам галасоў. Выйграю ня я — Павал Латушка, выйграе беларускі народ.

Я ўпэўнены, што сярод беларускіх палітыкаў шмат тых, хто гатовы кінуць табе выклік і перамагчы цябе. Але ты ж не дапусьціш да выбараў нікога, акрамя сваіх халуёў, таму што ты шулер.

Беларускі народ ніколі ня выбера цябе, бо беларусы цябе ненавідзяць. Ты баязьлівец, хлус і забойца. Адзінае, у чым ты не схлусіў, хоць сам, вядома, лічыш інакш, — у беларусаў будзе новы прэзыдэнт».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG