Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажар на Альманскіх балотах працягваюць тушыць больш за сотню работнікаў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Пажар у Гомельскай вобласьці
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Пажар у Гомельскай вобласьці

Больш за сотню работнікаў працягваюць тушыць пажар у Палескім лясгасе на Альманскіх балотах, паведамілі БелТА ў Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі.

Паводле стану на вечар 9 верасьня плошча пажару складала каля 50 гектараў.

На ліквідацыі буйнога пажару задзейнічалі 26 адзінак тэхнікі: 5 трактароў з плугамі, 9 усюдыходаў, 4 пажарныя аўтамабілі, 8 адзінак іншай тэхнікі. Таксама пажар ліквідоўваюць 110 чалавек, паведаміла намесьніца кіраўніка арганізацыі ў ідэалягічнай працы Берасьцейскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднаньня Тацяна Самайловіч.

«Акрамя дзяржлесаховы Палескага лясгасу, да тушэньня прыцягнулі работнікаў Лунінецкага, Івацэвіцкага досьледнага, Целяханскага, Столінскага лясгасаў Берасьцейскай вобласьці. Таксама мы ўдзячныя за дапамогу нашым калегам зь лясгасаў Гомельскай вобласьці, якія ў цяжкі момант падставілі плячо дапамогі», — расказала яна.

Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі зноў апублікавала штармавое папярэджаньне: 10 верасьня на большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласьцей захаваецца надзвычайная пажарная небясьпека (5 кляса). Фактары небясьпекі — узьнікненьне пажараў у прыродных экасыстэмах, распаўсюджваньне агню на населеныя пункты, лініі ЛЭП і сувязі, адзначылі ў МНС.

З 6-й раніцы 9 верасьня па 6-ю раніцы 10 верасьня ў Беларусі адбыўся 41 пажар, паведаміла МНС. Падрабязнасьці здарэньняў ведамства пакуль не прыводзіць.

Альманскія балоты — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане (не пацярпелі ад мэліярацыі). Яны займаюць 94 тысячы гектараў.

Альманскія балоты маюць статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня з 2001 году і ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй. У межах комплексу дзейнічае ляндшафтны заказьнік рэспубліканскага значэньня «Альманскія балоты», на тэрыторыі якога жывуць некалькі дзясяткаў відаў зьвяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу.

  • За нядзелю 8 верасьня ў беларускіх лясах зьліквідавалі 16 лясных пажараў, а таксама 5 пажараў тарфянікаў і 73 пажары травы і кустоў. Агульная плошча лясных пажараў склала 5,35 гектара, тарфяных — 0,097 гэктара, пажараў травы і кустоў — амаль 12 гэктараў.
  • За мінулы тыдзень дзяржаўная лясная сахова зьліквідавала 55 лясных пажараў — гэта антырэкорд пажаранебясьпечнага сэзону.
  • Дымка і пах у Гомельскай вобласьці ўзьніклі ў выніку ўзгараньня тарфянікаў і «гаспадарчай дзейнасьці насельніцтва ва ўмовах зацішнага надвор’я і адсутнасьці расьсейваньня ў атмасфэры», заявіла 7 верасьня абласное ўпраўленьне МНС. Смог і пах гару назіралі і ў Менску.
  • Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы ўвечары 7 верасьня папярэдзіў, што тарфяныя і лясныя пажары ў Беларусі выклікалі пах гару і забруджваньне паветра ў краіне. Агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы паведаміла, што забруджваньне паветра ў краіне 7–8 верасьня, паводле звестак маніторынгу, будзе павышаным, канцэнтрацыя цвёрдых часьцінак (PM10) павялічаная ў многіх раёнах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG